Канстанцін СУМАР, старшыня аблвыканкама: “Няхай у людзей будзе добры настрой…”
ЗНАЁМСТВА З ПРУЖАНШЧЫНАЙ
Перш чым журналісты задалі шматлікія пытанні старшыні абл-выканкама Канстанціну Сумару на прэс-канферэнцыі, якая прайшла 18 снежня, нам была дадзена цудоўная магчымасць пазнаёміцца з Пружанскім раёнам – адным з найбуйнейшых не толькі на Брэстчыне, але і ў краіне.
Напачатку аўтобус адвёз нас да музея “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў”, у якім яго дырэктар Руслан Кніга захоплена апавядаў пра славуты род і нібыта перагортваў старонкі гісторыі. Дарэчы, мне цікава было даведацца, што ў адной з музейных залаў можна заказаць паслугу ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу, прытым усяго за 500 тысяч рублёў, чым і скарысталіся сёлета каля 50 пар…
Мы праехалі па гарадскім пасёлку Ружаны, першыя згадкі пра які датаваны 1490 годам. А ў 1637-ым старажытнаму мястэчку было нададзена Магдэбургскае права…
Гісторыя вёскі Быхаўцы цесна пераплецена з родам Быхаўцаў, які тут уладарыў і, дарэчы, знаходзіўся ў роднасных сувязях з Сапегамі. А ў Баярах і Асошніках некалі жыло шмат сялян – ахоўнікаў Белавежскай пушчы. Вёска Лыскава – своеасаблівы культурны і гістарычны цэнтр пружанцаў. На жаль, тут ад каралеўскага замка засталіся толькі рэшткі валоў. Горда ўзвышаецца Троіцкі касцёл, пабудаваны ў XVII стагоддзі, а непадалёк – царква, помнік драўлянага дойлідства, узведзены ў 1932 годзе. Іх суседства лішні раз сведчыць аб талерантнасці беларусаў…
Едучы па аб’язной дарозе, пабудаванай па даручэнні Прэзідэнта, прыемна было любавацца пушчанскім наваколлем, найперш – спрадвечным лесам. Наш шлях ляжаў у Клепачы – адзін з самых вялікіх аграгарадкоў Пружаншчыны (а ўсяго іх у раёне 21). Тут мы наведалі камбікормавы завод. Затым накіраваліся ў вёску Мокрае, аграгарадок Жураўліны. Самыя цёплыя ўражанні пакінуў вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа, дзе імкнуцца, каб кожны вучань развіваў свае здольнасці. Нас сустракалі юныя журналісты, будучыя спартсмены-алімпійцы, дзеці, якія ведаюць гісторыю свайго краю, – і гэта не магло не крануць…
ПРА ГОД АДЫХОДЗЯЧЫ
Традыцыйна губернатар расказаў аб сітуацыі ў эканоміцы. “Пакуль па выніках 11 месяцаў сёлетняга года мы маем нядрэнныя вынікі, – зазначыў ён, дадаючы: – Хаця яны мяне не задавальняюць”. Навідавоку – рост па асноўных паказчыках развіцця: аб’ёмах прамысловай вытворчасці (на 3 працэнты), рознічным тавараабароце (на 16,3), інвестыцыях у асноўны капітал (на 20,6 працэнта).
“Мы захавалі высокі тэмп росту экспарту сярод рэгіёнаў краіны, – адзначыў Канстанцін Сумар. – Я ўжо неаднойчы гаварыў, што вобласць з’яўляецца адным з лідараў сярод рэгіёнаў па аб’ёмах паставак на экспарт сельгаспрадукцыі харчавання”.
Гаворачы аб сельскай гаспадарцы, Канстанцін Сумар заўважыў, што шмат было зроблена для забеспячэння дынамічнага развіцця галіны. Выконваючы даручэнне Прэзідэнта, працягваецца рэканструкцыя і будаўніцтва малочна-таварных ферм. Цяпер амаль 92 працэнты МТФ рэканструявана, на 16-ці работы не спыняюцца. У выніку на Брэстчыне больш за палову дойнага статку ўтрымліваецца на сучасных фермах па новых тэхналогіях.
Па тэхнічнай аснашчанасці Канстанцін Андрэевіч агучыў суму 800 мільярдаў рублёў –
столькі было затрачана на набыццё новай сельгастэхнікі. “Але ў вытворчасці малака і мяса мы не дасягнулі тых вынікаў, якія планаваліся напачатку года. За 11 месяцаў вытворчасць малака павялічылася на 1,2 працэнта, мяса –
на 1,3, – канстатаваў губернатар, тут жа даючы ацэнку: – Дрэнна!”
Не засталася па-за ўвагай і тэма чумы, да якой сёлета неаднойчы звярталіся СМІ. “Для нашай вобласці гэта праблема не была страшнай, – заявіў старшыня аблвыканкама і патлумачыў: –
На комплексе “Усходні” была вірусная інфекцыя, якая ўзнікла з-за пераўшчыльнення. Утрымлівалася 80 тысяч пагалоўя замест 45-50… Цяпер тут няма праблем”.
Закрануўшы жыллёвае будаўніцтва, Канстанцін Сумар спыніўся на сітуацыі з фірмай “Облик”. “Мы яшчэ ў 2010 годзе пачалі разбірацца з дадзеным пытаннем. У 2011-ым завяршылі будаўніцтва двух дамоў і цяпер у іх жывуць людзі, у 2012-ым – двух і сёлета таксама двух. Улада зрабіла ўсё, каб вырашыць праблему”.
Што тычыцца заработнай платы, дык яе трэба павялічваць, але, па словах суразмоўцы, толькі цераз прадукцыйнасць працы.
Асобнае месца ў сваім выступленні Канстанцін Сумар прысвяціў стварэнню новых вытворчасцей і прадпрыемстваў, ажыццяўленню інвестыцыйных праектаў. Было паспяхова рэалізавана 30 інвестдагавораў на суму амаль 590 мільярдаў рублёў. У ліку найбольш значных, якія зараз ажыццяўляюцца, – комплекснае асваенне і распрацоўка сілікатных пяскоў і мелу радовішча “Хаціслаўскае” ў Маларыцкім раёне.
“Мы таксама будуем і рэканструюем сацыяльныя аб’екты”, –
адзначыў кіраўнік вобласці, прывёўшы шэраг прыкладаў. Як бы ні было складана адносна фінансаў, ды сёлета ўведзены ў эксплуатацыю тры дашкольныя ўстановы ў мікрараёне “Бараўкі” Баранавіч, Іванаве і Рамелі Столінскага раёна. Да канца года будзе завершана прыбудова да сярэдняй школы ў вёсцы Яглевічы Івацэвіцкага раёна.
У 2013-ым пачалі функцыянаваць такія аб’екты, як фізкультурна-спартыўныя комплексы ў Століне і Альшанах Столінскага раёна, першая чарга стадыёна для хакею на траве ў Баранавічах і шэсць пляцовак для заняткаў масавым спортам (дзве ў Брэсце, па адной –
у Ляхавічах, Жабінцы, Іванава і Пружанах).
Не абышлося без наваселляў і ў ахове здароўя. Пасля рэканструкцыі ўведзены лячэбны корпус на 120 ложкаў у Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы. Завяршаецца работа па перапрафіляванні незавершанага будынка паліклінікі на 600 наведванняў у змену пад дзіцячую гарадскую паліклініку ў абласным цэнтры. Адрэканструяваны памяшканні Кобрынскага радзільнага дома. Тут жа, у гэтым райцэнтры, уведзена ў строй стаматалагічная паліклініка, якая цалкам аснашчана сучасным абсталяваннем.
Працягваецца работа па будаўніцтве гінекалагічнага корпуса Баранавіцкага радзільнага дома і рэканструкцыі Белаазёрскай гарадской бальніцы. Ідзе рамонт у Брэсцкай ЦГБ: плануецца адкрыць аддзяленне рэабілітацыі на 120 ложкаў з пачаткам функцыянавання з другога квартала наступнага года. Заканчваецца рэканструкцыя паліклінікі ў Ляхавічах. Вялікая работа праведзена ў Камянецкай ЦРБ па рэканструкцыі будынка паліклінікі. Пасля рэканструкцыі першай чаргі корпуса наркалагічнага аддзялення Пінскага наркалагічнага дыспансера адбыўся яе ўвод. Неўзабаве прыме хворых новае аддзяленне экстранай кардыялогіі Брэсцкай гарадской бальніцы №1. А для ўдасканалення аказання анкалагічнай дапамогі насельніцтву працягваецца будаўніцтва хірургічнага корпуса анкадыспансера ў Брэсце.
Канстанцін Сумар падкрэсліў, што не пакінуты без увагі аб’екты аховы здароўя на сяле. У прыватнасці, ідзе работа на Каленкавіцкім ФАПЕ Камянецкага раёна, Дзяніскавіцкай бальніцы сястрынскага догляду ў Ганцавіцкім і Снітаўскай амбулаторыі ў Іванаўскім раёнах.
НОВЫЯ ПЛАНЫ
Сярод прыярытэтных накірункаў развіцця эканомікі кіраўнік Брэстчыны вылучыў развіццё прамысловага комплексу, на долю якога прыходзіцца амаль трэць аб’ёму валавой дабаўленай вартасці вобласці. І, вядома ж, галоўнае тут – мадэрнізацыя традыцыйнай вытворчасці.
Канстанцін Сумар адзначыў, што асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю галін, на якіх спецыялізуецца прамысловасць. У першую чаргу, гэта харчовая прамысловасць і дрэваапрацоўка.
Плануецца пашырэнне сыраробнай вытворчасці ў ААТ “Кобрынскі мясаробчы-сыраробчы завод” з будаўніцтвам новага цэха па вытворчасці цвёрдых сыроў з аб’ёмам інвестыцый 26,1 мільёна долараў ЗША.
ААТ “Савушкін прадукт” будуе цэхі мяккіх сыроў і тварагу з усёй адпаведнай інфраструктурай. Аб’ём інвестыцый – 39 мільёнаў долараў. А агульны аб’ём інвестыцый на рэалізацыю мерапрыемстваў тэхнічнага пераўзбраення на малакаапрацоўчых прадпрыемствах на 2014 год запланаваны на ўзроўні 180 мільярдаў рублёў.
У вытворчасці мясапрадуктаў плануецца далейшае правя-дзенне тэхнічнага пераўзбраення на Бярозаўскім мясакансервавым камбінаце і Брэсцкім мясакамбінаце.
Губернатар зазначыў, што на прадпрыемствах перапрацоўкі прадуктаў раслінаводства аб’ём плануемых інвестыцый у новым годзе складзе каля 250 мільярдаў рублёў. З асноўных праектаў ён назваў працяг рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчай магутнасці па пераапрацоўцы цукровых буракоў з павелічэннем магутнасці на Жабінкаўскім цукровым заводзе і комплексную рэканструкцыю саладоўні пад вытворчасць спецыяльнага соладу на прадпрыемстве “Белсолад” у Іванаўскім раёне.
Плануецца актыўнае развіццё і іншых высокатэхналагічных, перспектыўных галін прамысловасці. У прыватнасці, вытворчасць машын і абсталявання. Да прыкладу, на Брэсцкім электралямпавым заводзе будзе створана вытворчасць па выпуску камплектуючых для энергаэканамічных люмінесцэнтных лямпаў, новая вытворчасць капсульных галагенных лямпаў.
Не будуць забыты тэкстыльная і швейная вытворчасці. Плануецца рэалізаваць праекты на Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб’яднанні і Пінскім заводзе штучнай скуры…
Большасць праектаў – гэта стварэнне новых прадуктаў і вытворчасцей, якія дазволяць прадпрыемствам не толькі не згубіць свае пазіцыі, але і стаць больш канкурэнтаздольнымі на рынку. А будзе развівацца эканоміка – будзе магчымасць рэалізаваць сацыяльныя праекты, у тым ліку па будаўніцтве і рэканструкцыі аб’ектаў адукацыі, аховы здароўя і культуры.
Так, запланавана будаўніцтва сярэдняй школы на 1120 месцаў у Паўднёва-Заходнім мікрараёне №4 Брэста і СШ на 1020 месцаў у мікрараёне “Радужный” Пінска, дзіцячага сада ў вёсцы Рубель Столінскага раёна і чатырох аднакватэрных жылых дамоў для прыёмных сем’яў.
У ахове здароўя трэба будзе завяршыць будаўніцтва перынатальнага цэнтра, адкрыць аддзяленне гемадыялізу ў Кобрынскай ЦРБ і працягваць рамонт у Высокаўскай гарадской бальніцы. Распрацавана і праходзіць экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі будынка ў Пінску пад міжраённы анкалагічны дыспансер. Плануецца закончыць усю работу на блоку “Б” Брэсцкай абласной бальніцы і працягваць будаўніцтва інфекцыйнага корпуса.
З планаў па культуры Канстанцін Сумар назваў рэканструкцыю тэат-ра лялек у абласным цэнтры, будаўніцтва гісторыка-культурнага комплексу “Брэст” і Дома культуры ў гарадскім парку ў Бярозе, а таксама рэстаўрацыю Косаўскага палацава-паркавага ансамбля.
“А ў цэлым галоўная задача – дабіцца павышэння якасці жыцця нашых людзей”, – сказаў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. Ён расказаў аб каштоўным дасягненні ў паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі: па выніках 10 месяцаў Брэстчына – адзіная сярод абласцей! – выйшла на натуральны прырост насельніцтва (+ 207 чалавек). Наш рэгіён з’яўляецца адным з лідараў па нараджальнасці ў краіне (13,1 на 1000 насельніцтва). Па дзіцячай смяротнасці, канстатаваў губернатар, мы знаходзімся на ўзроўні скандынаўскіх краін, якія традыцыйна маюць самыя нізкія паказчыкі. Канстанцін Андрэевіч падкрэсліў, што нашы паказчыкі ў два разы лепшыя, чым у Расіі, у чатыры – чым у Казахстане. “І такую дынаміку мы абавязкова павінны захаваць, – падагульніў выступоўца, – у тым ліку з дапамогай вас, паважаныя журналісты”.
“НЯЗРУЧНЫХ” ПЫТАННЯЎ НЕ БЫЛО
Як заўжды, кіраўнік вобласці падзяліўся з журналістамі сваімі меркаваннямі і шчыра адказаў на зададзеныя пытанні.
Адносна масавага адтоку маладых чытачоў у інтэрнэт Канстанцін Сумар заўважыў, што тэма няпростая. Ён параўнаў гэты працэс з хваробай: маўляў, ёсць пэўныя стадыі, на якіх хвароба ахоплівае больш і больш людзей, ды з цягам часу ўсё стане на свае месцы. Людзі, асабліва маладыя, імкнуцца хутчэй паспрабаваць штосьці новае. Але, на думку Канстанціна Андрэевіча, праз гадоў 10 усё будзе па-іншаму.
Наконт таго, калі жыхары Баранавіцкага раёна, якія гэтага жадаюць, могуць зноў завесці ў сваёй гаспадарцы свіней, губернатар патлумачыў: як толькі будзе атрыманы дазвол рэспубліканскай службы. Ды можна без абмежаванняў гадаваць на мяса бычкоў ці курэй. “А што датычыцца набыцця свіней у будучым – маладняк будзе прадавацца з нашых комплексаў”, – сказаў Канстанцін Андрэевіч.
На пытанне – ці прыме Пінск у 2015 годзе рэспубліканскія “Дажынкі”? – старшыня абл-выканкама парадаваў пінчукоў: “Мы плануем правесці абласныя дажынкі ў Пінску – каб пачаць работу па многіх аб’ектах. І затым прапануем правядзенне рэспубліканскага свята хлебаробаў – думаю, што Прэзідэнт падтрымае гэта”.
На думку Канстанціна Сумара, праблемы на прадпрыемствах рэспубліканскай і бязведамаснай формы ўласнасці ўзнікаюць таму, што “засядзеліся, своечасова не правялі мадэрнізацыю”. “Трэба ўсё рабіць комплексна – цяпер гэта разумеюць усе, – лічыць губернатар. – Тады прадукцыя, якая выпускаецца, будзе канкурэнта-здольнай – і па якасці, і па цане”.
Ці застанецца Жабінка адзіным горадам-спадарожнікам Брэста? “Мы павінны ўжо сёння дбаць пра тых, хто захоча будавацца, скажам, праз 5 год, – мяркуе кіраўнік Брэстчыны. – Спачатку трэба адпрацаваць і спраектаваць месцы забудовы, пачынаючы з інжынерных сетак, затым – будаваць. І не толькі ў Жабінцы – магчыма, у Маларыце”.
Наконт захавання гістарычных каштоўнасцей Канстанцін Сумар заўважыў: хоць гэтая работа і патрабуе значных укладанняў, ды яна не будзе спыняцца. А што зроблена ў гэтым напрамку – відаць усім.
Галоўны рэдактар раённай газеты “Ляхавіцкі веснік” Вольга Барадзіна ад імя жыхароў раёна падзякавала Канстанціну Андрэевічу за праведзеныя дажынкі, заадно папрасіла губернатара выказаць сваё меркаванне наконт утрыманства ў грамадстве.
Канстанцін Сумар ахвотна падтрымаў распачатую тэму і ўзгадаў: на адной з рэспубліканскіх нарад ён выказаў заклапочанасць пра тое, што расце грамадства спажыўцоў. “Так, улада павінна стварыць умовы пражывання ў той ці іншай мясцовасці, у астатнім жа трэба самім наводзіць парадак”, –
заявіў Канстанцін Андрэевіч. І прывёў просты прыклад: як правіла, зімой людзі наракаюць на тое, што немагчыма заехаць у двор, шмат снегу. А чые там машыны стаяць? І ці нельга ўзяць лапату і расчысціць тэрыторыю ля сваіх дамоў?..
На просьбу назваць тры важнейшыя падзеі адыходзячага года, якія, магчыма, увойдуць у гісторыю, губернатар заўважыў: чалавечай памяці ўласцівы недахоп – іншым часам хутка забываецца шмат добрага. На хвіліну задумаўшыся, зрабіў акцэнт на тым, што “не расхісталі ў сваёй вобласці эканоміку – навідавоку паступальны рух”. Па-другое, у 2013-м выйшлі на натуральны прырост у дэмаграфічным плане. Па-трэцяе (і няхай гэта не падзея, а своеасаблівы вынік), людзі ў любой сітуацыі маюць цярпенне, яны шмат чаго здзейснілі, жывучы ў міры і згодзе. А самае галоўнае –
не згубілі дабрыні, разумення, узаемадапамогі.
Ну, а што хацелася б ажыццявіць ў новым годзе? “Закончыць усё тое, што распачалі раней, і найперш – у ахове здароўя, таксама ў добраўпарадкаванні”, –
адказаў Канстанцін Андрэевіч. “Няхай у людзей будзе добры настрой, калі яны крочаць па цудоўнай тратуарнай дарожцы, калі ім ёсць куды зайсці і адпачыць. Гэта так важна!” – не сумняваецца губернатар.
“Я не на 100 працэнтаў – дзесьці на 80 задаволены тым, што зроблена ў адыходзячым годзе”, – прыкмеціў Канстанцін Андрэевіч. І завяршыў: “Усё трэба рабіць так, каб потым не было сорамна: маўляў, мог ды не выканаў. Каб потым не папракаць сябе. Я і раней казаў: ад сябе не ўцячэш”…
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Пружанскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.