“Калі б камяні маглі гаварыць…”
3 ЛІСТАПАДА АДБЫЛАСЯ ЎРАЧЫСТАЯ ЦЫРЫМОНІЯ ПЕРАДАЧЫ КАРЦІНЫ ЗАСЛУЖАНАГА ДЗЕЯЧА МАСТАЦТВАЎ ЛІТОЎСКАЙ РЭСПУБЛІКІ ЮРЫЯ БАЛТРУНАСА
МУЗЕЮ АБАРОНЫ БРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ
У канферэнц-зале музея з’явілася карціна. Публіка напружана сачыла, як слой за слоем здымаецца абгортачная папера… І заззялі фарбы. Насычана-барвовая, месцамі чорная ад куродыму сцяна крэпасці, выхапленая сполахам святла з цемры.
Уражанне прысутнасці небяспекі, болю і смерці настолькі моцнае, што хочацца апусціць позірк, які нібы адпачывае на блакітна-чыстым колеры снегу… Але вяртаюць да трагічных падзей, як напамін і сімвал вечнай памяці, палымнеючыя на белым покрыве крывава-чырвоныя гваздзікі. Памятаем – гавораць камяні, нельга забыць – пацвярджаюць кветкі.
Гэтае палатно створана ў 1967 годзе пад уражаннем наведвання мемарыяльнага комплексу вядомым літоўскім мастаком – удзельнікам абароны Ленінграда, франтавіком, аўтарам больш чым 550 карцін пераважна ваеннай тэматыкі – Юрыем Балтрунасам. Пачуццё шчырай удзячнасці за захаванне вялікай памяці аб вялікай вайне ўвасобілася ў карціне “Камяні памятаюць”, прысвечанай удзельнікам абароны Брэсцкай крэпасці. Перадаючы ў дар музею карціну, творца такім чынам выяўляе сваю грамадзянскую пазіцыю: у справе аднаўлення і захавання агульнай гісторыі Беларусь і Літва – адзіныя. Не забываць урокі вайны, несці свяшчэнную памяць аб ахвярах і пераможцах заклікае гэтая культурная падзея.
Адказная місія была ўскладзена на Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндыі Уладзіміра Дражына, які асабіста перадаў карціну дырэктару мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Валерыю Губарэнку. У сваю чаргу, словы падзякі за падтрымку і садзейнічанне выказалі начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Рыгор Бысюк, прадстаўнікі ветэранскай і піянерскай арганізацый Брэстчыны.
Сімвалічны падарунак будзе экспанавацца ў музеі, які штогод наведваюць мільёны экскурсантаў, і зойме годнае месца ў фондзе ўстановы, што налічвае каля 2 тысяч твораў мастацтва.
Алёна САЦУТА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.