Купіць білет на Алімпіяду
магчыма праз інтэрнэт ці ў субагента з эксклюзіўнымі правамі ў Беларусі
Продаж турыстычных пакетаў на ХХII зімовыя Алімпійскія гульні 2014 года ў Сочы адкрыты для беларусаў яшчэ 13 лістапада. Як паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта, набыць турпакеты могуць грамадзяне Рэспублікі Беларусь і замежныя грамадзяне, якія маюць пасведчанне на права жыхарства на тэрыторыі нашай краіны. Для гэтага неабходна звярнуцца да субагента па рэалізацыі турпакетаў з эксклюзіўнымі правамі ў Беларусі – кампанію “Цэнтркурорт”.
Беларусам прапануюць 17 разнавіднасцей турпакетаў, у кошт якіх уключаны пералёт, пражыванне і непасрэдна білеты на алімпійскія спаборніцтвы. Самы танны пакет каштуе прыкладна 1400 долараў ЗША. Ён разлічаны на пяць дзён пражывання і чатыры хакейныя матчы. Самы дарагі пакет уключае білеты на 14 відаў спаборніцтваў і каштуе 3600 долараў ЗША. Білеты на адкрыццё ці закрыццё каштуюць каля 1200 долараў ЗША, але іх немагчыма заказаць на сайце тураператара – для гэтага спачатку неабходна звярнуцца ў Нацыянальны алімпійскі камітэт.
Беларускія балельшчыкі будуць размешчаны ў комплексе адпачынку “Беларусь”, што за 40 кіламетраў ад Чорнага мора ў пасёлку Красная Паляна. Сняданкі ўключаны ў кошт турпакета, а за вячэру пастаяльцам прыйдзецца плаціць па 25 долараў ЗША. Дастаўку балельшчыкаў у Расію ажыццяўляе авіякампанія “Белавія”. Непасрэдна ў Сочы дабрацца да месцаў правядзення спаборніцтваў можна бясплатна.
Акрамя таго, ужо з’явілася магчымасць купляць білеты на афіцыйным сайце
http://tickets.sochi2014.com/.
На гэтым жа сайце можна знайсці больш падрабязную інфармацыю.
Алёна СВЯТЛАНАВА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.