Мара пра… 300 мільярдаў
На пытанні карэспандэнта “НТ” адказвае генеральны дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог “Брэстаўтадар” Міхаіл НЕПАЧАЛОВІЧ
– Міхаіл Іванавіч, даволі часта даводзілася чуць: па Брэсце ці, напрыклад, па Баранавічах немагчыма нармальна праехаць – ямы ды трэшчыны на дарогах, за што толькі дарожнікі зарплату атрымліваюць… А сапраўды – за што?
– Ну, па-першае, да гарадоў і іншых населеных пунктаў РУП “Брэстаўтадар” ніякага дачынення не мае. Мы займаемся эксплуатацыяй і капітальным рамонтам
рэспубліканскіх дарог паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі, паміж абласнымі і раённымі цэнтрамі, а таксама выхадаў на дзяржаўную граніцу і ў
аэрапорты, а вуліцы ў населеных пунктах (падкрэслю, вуліцы, а не дарогі!) абслугоўваюць камунальныя службы. Так што нам чужых праблем не трэба –
сваіх хапае. Таму, калі ў каго ёсць крытычныя заўвагі ці канкрэтныя прапановы па стане рэспубліканскіх дарог, звяртайцеся ў РУП “Брэстаўтадар” (дарэчы, і тэлефон спецыяльны кругласутачны ёсць – 125).
Па-другое, зарплату мы не атрымліваем, а зарабляем. Адзін толькі факт назаву. У зімовы перыяд 70 працэнтаў работ дарожнікі выконваюць у начны час. Уяўляеце? Нармальны чалавек спаць павінен – прыродай так прадугледжана, а дарожнікі то наступствы стыхіі ліквідуюць, то вынікі чалавечай недысцыплінаванасці ўхіляюць… Прыродзе не загадаеш, калі павінна быць завіруха, калі дажджам ісці, а калі – граду. Вось і шчыруюць нашы людзі днём і ноччу, у будні і ў святы, летам і зімой, пад дажджом і снегам. Прычым зімой даводзіцца працаваць значна больш напружана, чым у любую іншую пару года. Таму што ўвесь астатні час года, як жартуюць дарожнікі,
гэта фактычна падрыхтоўчы перыяд да зімы. І заробкі ў нас, паверце, не самыя высокія ў вобласці.
– Адчуваецца, перажываеце Вы за сваю “фірму”…
– Я ўвогуле на работу іду з задавальненнем, бо займаюся любімай і патрэбнай людзям справай. Характар у мяне такі.
– Ну што ж, можна толькі парадавацца за калектыў, які ўзначальвае такі шчыры дырэктар…
– “Брэстаўтадар” – адно з лепшых у краіне прадпрыемстваў, якія займаюцца абслугоўваннем дарожнай сеткі. Гэта не мая ацэнка. Кожны год спецыяльная камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі рэспубліканскай Дзяржаўтаінспекцыі і іншых зацікаўленых ведамстваў, ацэньвае стан беларускіх дарог і выносіць свой вердыкт.
– А чаму Вы самі выбралі прафесію дарожніка? Сямейная традыцыя? Мара дзяцінства?
– Ніколі сур’ёзна не задумваўся… Дайце падумаю. Нарадзіўся я ў невялікай вёсачцы ў Старадарожскім раёне, што на Міншчыне. Непадалёку, за шэсць кіламетраў, знаходзілася даволі бойкая аўтамабільная шаша Бабруйск –
Слуцк, а да нашай вёскі нават аўтобусы не хадзілі з-за бездарожжа. Дык вось мой бацька з-за гэтай праблемы не даваў “спакойна спаць” не толькі мясцоваму, а і больш высокаму начальству. Колькіх сіл і нерваў яму каштавала тая дарога, я тады не ведаў. Затое, калі дарогу пабудавалі і аўтобус пачаў хадзіць, бацьку дзякавала ўся вёска. І гэта я запомніў. А калі мне настаў час выбіраць свой шлях у жыцці, то падаў дакументы ў Беларускі політэхнічны інстытут, на дарожны факультэт. Пасля заканчэння яго, вось ужо 33 гады, працую дарожнікам. Так што ў нейкім сэнсе выбар прафесіі –
сямейная традыцыя, хаця бацька мой у зусім іншай сферы працаваў –
загадчыкам сельскага клуба.
– Калі працягваць тэму сямейных традыцый, дык, можа, і Вашы дзеці сталі дарожнікамі?
– Не сталі. У мяне адна дачка. А маё цвёрдае перакананне: дарожная служба – не жаночая справа. Мусіць, гэтае перакананне здолеў перадаць дачцэ. Яна цяпер працуе на Брэсцкім лікёра-гарэлачным заводзе “Белалка”, займаецца пытаннямі збыту прадукцыі за межы краіны.
– І ў “Брэстаўтадары” няма ніводнай жанчыны?..
– Чаму ж няма? Нават некаторыя з іх розныя вытворчыя ўчасткі ўзначальваюць, дзе сапраўдны мужчынскі характар патрабуецца. І нічога, спраўляюцца. Іншым начальнікам – мужчынам –
у прыклад стаўлю начальніка лінейна-дарожнай дыстанцыі №233 у Мілавідах Людмілу Хітрык, Людмілу Болтачка – галоўнага інжынера філіяла ДЭУ-23
(Івацэвічы), начальніка лінейна-дарожнай дыстанцыі – 244
г. Ганцавічы Любоў Дзямід. Усім ім прысвоена званне “Ганаровы дарожнік Беларусі”.
– А мужчыны, атрымліваецца, у дарожнай службе за статыстаў?
– Я ж Вам кажу пра асабістае перакананне… Начальнікам Кобрынскага ДЭУ-22
працуе Мікалай Усачык. Яму ўжо 62 гады, чалавек на пенсіі, а дасць фору любому маладому. Менавіта Мікалаю Мікалаевічу мы даверылі адпрацоўваць новую тэхналогію кансервацыі дарог – амерыканскую, якую закупілі за ўласныя сродкі…
– Зноў амерыканцы наперадзе планеты ўсёй?
– Не ў гэтым справа. Нармальная тэхналогія, увесь свет карыстаецца, хоць упершыню прыменена, сапраўды, у Амерыцы.
– У чым сутнасць гэтай тэхналогіі?
– Для таго, каб павялічыць тэрмін службы аўтамабільнай дарогі, здаўна існуе спосаб кансервацыі: раней мы зверху проста разлівалі эмульсію і пасыпалі яе шчэбнем. Аўтамабілісты, вядома, былі незадаволеныя: каменьчыкі, якія ляцелі з-пад колаў машын, траплялі ў лабавое шкло і…
– Можна не працягваць. Былі скаргі чытачоў. А што ўзамен?
– Вадкае рэчыва. Непасрэдна на стадыі вытворчасці шчэбень перамешваецца з эмульсіяй, і ўжо гатовая маса выліваецца на дарогу, дзе праз пэўны час застывае. Ніякіх каменьчыкаў! Гэта, вядома, даволі ўмоўная схема. Там яшчэ розныя напаўняльнікі… Важна іншае. Якасць дарогі практычна ідэальная, тэрмін яе службы ўдвая большы, а кошт кансервацыі – аднолькавы. Калі традыцыйны тэрмін службы складае тры – максімум чатыры гады, дык новы – сем.
– Чаму так мала? Мне думалася, што дарогі служаць дзесяцігоддзямі…
– Міжрамонтны перыяд службы сучаснай аўтамабільнай дарогі складае ў сярэднім 15 –
17 гадоў. Потым патрабуецца сур’ёзны капітальны рамонт. Сёння 83 працэнты рэспубліканскіх дарог, якія абслугоўваюцца “Брэстаўтадарам”, гэты тэрмін даўно выпрацавалі. Для аналогіі з пытаннем пра дзіцячую мару: мара генеральнага дырэктара, мая мара, – пра 300 мільярдаў рублёў, а лепш – пра 400, якія б аднекуль “упалі” на наша прадпрыемства. Растлумачу: кошт капітальнага рамонту 1 кіламетра аўтамабільнай дарогі складае прыкладна 2 мільярды рублёў. Нам на сёлетні год з бюджэту выдзелена 28 мільярдаў на капітальны рамонт. Раздзелім –
і атрымаем 14 км. Наша прадпрыемства абслугоўвае каля 2,5 тысячы кіламетраў. А цяпер успомнім пра міжрамонтны перыяд… І праз колькі гадоў удасца адрамантаваць кожны кіламетр? Вось тут бы 400 мільярдаў вельмі спатрэбіліся.
– Але ж мы неяк ездзім… І суседзі-ўкраінцы, калі прыязджаюць на Брэстчыну, кажуць, што трапляюць на еўрапейскія аўтабаны. Як выкручваецеся з такім бюджэтам?
– За кошт павелічэння тэрмінаў службы дарог. Гэта значыць: укараненне новых тэхналогій, эканомія сродкаў на кожным этапе, прагрэсіўнае стымуляванне працы работнікаў… Карацей кажучы, чым лепш утрымліваецца дарога, тым менш сродкаў патрабуецца на яе рамонт.
– Ваша прафесійнае свята – Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Што пажадаеце сваім калегам?
– Моцнага здароўя – каб маглі працаваць у любых, нават самых экстрэмальных умовах; выдатнага настрою – каб з задавальненнем штодзённа ішлі на работу; разумення і падтрымкі з боку родных і блізкіх людзей – каб яны заўсёды чакалі і любілі.
Інтэрв’ю ўзяў
Вячаслаў БУРДЫКА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.