Марцюпаны – на стале, агуркі – у калодзежы

Марцюпаны – на стале, агуркі – у калодзежы

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сёлета ўжо 5 тысяч чалавек адкрылі для сябе самабытнасць музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” і сялянскай сядзібы “Каля плэса”
Чароўны гэта край – Беларускае Палессе! Дзівосы тут на кожным кроку, бо любяць палешукі сваю гісторыю, берагуць народныя традыцыі і творча іх прымнажаюць. Хочаце ўпэўніцца ў праўдзівасці такога меркавання – дык наведайце, напрыклад, вёску Бездзеж, што на Драгічыншчыне.
Якое гэта хараство – бездзежскія фартушкі! Ільняное палатно такой тонкай работы, што праходзіць праз пярсцёнак. Аздабленне – квецень фарбаў і ўзораў – не можа не выклікаць захаплення. У студзені 1999 года адкрылі музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, каб захаваць і паказаць усяму свету гэта хараство. У сямі залах размясцілі прылады для апрацоўкі лёну, рэчы сялянскага быту, традыцыйнае адзенне насельніцтва вёскі Бездзеж і калекцыю фартушкоў. “Такой, без перабольшання, ва ўсім свеце не знойдзеце нідзе, – запэўнівае дырэктар музея Марыя Астаповіч. – Самы эксклюзіўны фартушок быў створаны ў 1880 годзе. Двух аднолькавых бездзежскіх фартушкоў проста не існуе – такая багатая фантазія ў мясцовых майстрых, што яны не паўтараюцца ў сваіх узорах”.
Арыгінальнасць праяўляюць і новыя пакаленні бездзежцаў. Пры музеі працуе школа народнай творчасці па класах “Вышыўка” і “Карункапляценне”. Экскурсіі ладзяць з удзелам народнага фальклорнага калектыву “Купалінка” і ансамбля народнай песні і музыкі “Сваякі”. І зусім невыпадкова чатыры гады таму музей атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, а яго дырэктар летась стала ў Драгічынскім раёне “Чалавекам года” ў намінацыі “Культура”.
Скажу вам, няўрымслівая яна жанчына – Марыя Міхайлаўна: жыве і дыхае музеем “Бездзежскі фартушок” і разам з калегамі ўсё нешта новае прыдумвае. Гэта ж трэба так зачараваць наведвальнікаў, што яны ўспамінаюць Бездзеж і вяртаюцца сюды ўжо са знаёмымі і сябрамі. Тут цяпер і ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу па беларускіх традыцыях ладзяць, і майстар-класы па народных танцах праводзяць, і з навукоўцамі супрацоўнічаюць. А колькі фестываляў, конкурсаў і свят наведалі – не палічыць. У дырэктарскім пакоі мноства дыпломаў на розных мовах свету.
Якраз год таму, 16 верасня, адкрылі для наведвальнікаў на тэрыторыі музея сялянскае падвор’е “Каля плэса”. Марыя Астаповіч тлумачыць: “Меркавалі так: зусім іншая справа будзе, калі пасля музея экскурсанты паглядзяць, якім было вясковае жыццё, паспрабуюць нацыянальную кухню – бульбу “Марцюпаны”, макуху (страва гатуецца з ільнянога семя), сала бездзежскага засолу…”
Тут вам і вясковая хата з “сакрэтам”: заходзім з аднаго боку – драўляныя лаўкі, печка, ручнікі, заходзім з другога – сучасны камфартабельны гасцінічны нумар з электрычнасцю, гарачай вадой, мяккай мэбляй. У сажалках можна палавіць рыбу, у загоне – пакарміць хатнюю птушку, на адкрытай пляцоўцы – пасядзець кампаніяй. У заможных гаспадароў “Каля плэса” ёсць і конь, і козы, і трусы. Усе прадукты – са свайго агарода. Мёд – са сваёй пасекі. Нават напіткі мясцовай вытворчасці.
– Дабудоўваем птушнік, – расказвае Марыя Міхайлаўна. – Залажылі лазню. Для дзетак змайстравалі арэлі. На брычцы можна пакатацца ці сесці на веласіпеды і – у Какорыцу, дзе такая некранутая прырода, што дыхаць лягчэй. А зімой на санях праехацца – любата! Дзень праляціць – і не заўважыце…
Гасцінная гаспадыня не хавае сакрэтаў: хлеб пякуць самі, засоленыя агуркі захоўваюць у… калодзежы, супрацоўнікі музея апранаюцца па мясцовай традыцыі, экскурсію можна паслухаць на бездзежскай гаворцы, у якой гарманічна перапляліся моўныя традыцыі беларусаў, украінцаў, рускіх, палякаў. У Бездзежы перакананы: гэта вельмі важна – паказаць культуру народа, жыццё, якое спрадвеку будавалася на гэтай зямлі, бо ёсць жа патрэба ў пазнанні свайго краю.
Неверагодна, але адкрываць для сябе Радзіму, паказваць Беларусь не менш цікава, чым ехаць у Парыж, Рым, Прагу, Кракаў, а то і за акіян у Амерыку. Мы па-ранейшаму не ведаем, якія мы. Часам крыўдна, што землякі, спытай іх пра жамчужыны Берасцейшчыны, узгадаюць Брэсцкую крэпасць-герой, Белавежскую пушчу ды Камянецкую вежу, і мала хто назаве Бездзеж ці які іншы, не менш цікавы куточак нашай вобласці. Але ёсць надзея – сітуацыя зменіцца. Калі раней за год наведвальнікаў у музеі “Бездзежскі фартушок” было каля трох тысяч, дык сёлета ўжо прынялі 5 тысяч. І турыстычныя аўтобусы ўсё часцей і часцей заязджаюць сюды. Мяркую, “Без-дзежскаму фартушку”  час атрымаць статус музейнага комплексу. Ён будзе запатрабаваны і айчыннымі, і замежнымі турыстамі.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Драгічынскі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На Берасцейшчыне створаны добрыя ўмовы для якаснай вучобы

Следующая запись

На базе Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні прайшло IV адкрытае першынство Брэсцкай вобласці па веславанні на байдарках і каноэ сярод юнакоў і дзяўчат 1997 – 2001 гадоў нараджэння на прызы алімпійскага чэмпіёна Сяргея Макаранкі