На вяслярным канале ў Брэсце напрыканцы мінулага тыдня, нягледзячы на вераснёўскае пахаладанне, было горача. Адзін з выдатнейшых спартыўных аб’ектаў Еўропы прыняў IV адкрытае першынство вобласці па веславанні на байдарках і каноэ сярод моладзі на прызы алімпійскага чэмпіёна Сяргея Макаранкі. Арганізатарамі турніру выступілі Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці і ўпраўленне спорту і турызму аблвыканкама. У Брэсце маладыя спартсмены пастараліся паказаць свае самыя лепшыя вынікі.
Безумоўна, да перамог імкнуліся і гаспадары турніру. Прыемна было бачыць на вышэйшай прыступцы п’едэстала брэсцкую моладзь. Так, Ганна Кавалевіч, выхаванка спартыўнага класа сярэдняй школы №30 г. Брэста, перамагла на дыстанцыі ў 500 метраў на байдарцы-адзіночцы. Максім Клок, таксама вучань 30-й школы, быў мацнейшым на байдарцы-адзіночцы. Годна выступілі і занялі першыя месцы Крысціна Каспярчук і Дзмітрый Серада ў класе байдарак-адзіночак, Раман Ярошык – на каноэ-адзіночцы. Насамрэч, вада вяслярнага канала аказалася для моладзі “лёгкай”.
У рамках традыцыйнага турніру арганізатары зрабілі спартсменам падарунак і запрасілі на сустрэчу першага алімпійскага чэмпіёна Беларусі Сяргея Макаранку. Для маладых весляроў гэта сустрэча ўнікальная, бо далёка не ўсім даводзіцца пагутарыць са спартсменам такога ўзроўню асабіста. І Сяргей Макаранка ахвотна дзяліўся сакрэтамі, якія дазволілі яму ў свой час дасягнуць высокіх вынікаў у спорце. У далёкім 1960-м менавіта яму дасталося першае беларускае алімпійскае “золата” ў веславанні на каноэ і байдарках.
Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай абстаноўцы. Для некаторых спартсменаў яна была сапраўды доўгачаканай. Яны вывучалі біяграфію спартсмена, раўняліся на яго, а цяпер змаглі пагутарыць з заслужаным майстрам спорту. Няма сумнення, што такія ўражанні застануцца ў памяці маладых спартсменаў назаўсёды.
Сабіна Гараева,
студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Главная Навiны На базе Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні прайшло IV адкрытае першынство Брэсцкай вобласці па веславанні на байдарках і каноэ сярод юнакоў і дзяўчат 1997 – 2001 гадоў нараджэння на прызы алімпійскага чэмпіёна Сяргея Макаранкі
от8 февраля, 2019