Вайна і мір… на падмостках. “Белая Вежа-2013” падвяла вынікі: Гран-пры дастаўся маладзёжнаму тэатру з Вільнюса
Пасля таго, як Аляксандр Козак, генеральны дырэктар фестывалю “Белая Вежа”, агучыў імя сёлетняга гран-прызёра, некоторыя прыхільнікі брэсцкага форуму адчулі сапраўднае дэжавю. Ужо другі год запар галоўны трафей тэатральнага свята дастаецца спектаклю па самай кароткай трагедыі Шэкспіра. Летась за вулічную версію “Макбэта” Гран-пры ўзялі артысты тэатра Biuro Podrozy з Познані, а на гэты раз лаўры адправіліся ў Вільнюс – да Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Літвы і пастаноўкі “Лэдзі Макбэт”.
Ды дадзены факт – адзін з нешматлікіх, у чым “Белая Вежа” дазволіла сабе паўтарэнне. Якасны скачок сёлета адчуваўся не толькі ў змесце афішы, але і ў паліграфічным матэрыяле, а на тэатральных падмостках уладарылі… вайна і мір. У самым станоўчым сэнсе выказвання: менавіта такім чынам расійская тэатразнаўца Ірына Плотнікава ахарактарызавала тэматычную “начынку” фэсту. Хоць арганізатары загадзя не прадумвалі тэму, неяк само сабой атрымалася, што спектаклі аказаліся з’яднаныя адным і тым жа. Хтосьці расказаў пра сапраўдныя, непадробныя жахі вайны, хтосьці вынес на першы план вайну ўнутры чалавека, а хтосьці апеляваў да глядацкага разумення з дапамогай самых звычных з’яў, як, напрыклад, школьныя ўспаміны.
Калі гаварыць кулінарнымі тэрмінамі, дык меню “Белай Вежы-2013” прыйшлося да густу як вышуканым гурманам, так і прыхільнікам дыетычнай ежы. Тыя, хто асабліва наракаў на тэатральны голад на Брэстчыне, павінны быць задаволены: іх шчодра пачаставалі самымі рознымі па сваім характары эмоцыямі. Літаральна ў першы дзень арганізатары вынеслі адну з галоўных фестывальных страў – спектакль “Пікавая дама” Гродзенскага абласнога тэатра лялек, задаўшы добры тон наступным тэатральным трапезам. Смакаты і далікатэсаў аказалася ўдосталь, а таму вызначыць, што з прапанаванага пакідае пасля сябе асаблівы смак, аказалася надзвычай цяжка. І тая ж “Пікавая дама”, і “Антыцелы” піцерскага тэатра “Балтыйскі дом”, і “Партрэты польскіх каралёў” Старога нацыянальнага тэатра імя Хелены Маджаеўскай у Кракаве, і, безумоўна, “Лэдзі Макбэт” Альгірдаса Латэнаса аднолькава маглі прэтэндаваць на галоўную ўзнагароду. Усе яны закранулі, ускалыхнулі і прымусілі біцца ва ўласным рытме глядацкія сэрцы.
А глядач сёлета быў не проста пасіўным назіральнікам. На фінішы форуму ён таксама назваў імёны сваіх любімчыкаў. Маленькіх прыхільнікаў тэатра не пакінуў абыякавым спектакль “Геркулес, ці Заваяванне пекла” традыцыйнага тэатра марыянетак TYJATR са Славакіі, а дарослых узрушыла “Пікавая дама” гродзенскіх артыстаў. Абедзве пастаноўкі атрымалі дыпломы ў намінацыі “Выбар гледачоў”, а версія Алега Жугжды па творах Пушкіна і Чайкоўскага – і без таго вельмі тытулаваная – дадала ў скарбонку трафеяў таксама прыз за “Лепшы спектакль малой формы”.
Шчыра кажучы, “Пікавая дама”, а дакладней – яе галоўная гераіня ў асобе Ларысы Мікуліч, магла б паспрачацца і за “Лепшую жаночую ролю”. Аднак тэатральныя крытыкі, што вызначалі пераможцаў у гэтай намінацыі, аддалі галасы не менш годнай прэтэндэнтцы – Вользе Бялінскай, якая прымерыла на сябе вобраз Маці забойцы ў дакументальнай драме Міхаіла Патласава “Антыцелы”. Неверагодна пластычнаму Канстанціну Мішыну – акцёру і рэжысёру маскоўскай Школы драматычнага мастацтва – дастаўся тытул лепшага выканаўцы мужчынскай ролі на сёлетнім фестывалі. Вобраз Мцыры Зрынутага ў паэме Лермантава, выдатна ўвасоблены артыстам з дапамогай сцэнічных рухаў, яшчэ доўга застанецца ў памяці ўдзячнай публікі, асабліва жаночай яе часткі.
Намінацыя “Лепшы тэатральны эксперымент”, здаецца, была задумана менавіта для мультымедыйнай пастаноўкі “Партрэты польскіх каралёў” (рэжысёр Кшыштаф Гарбачэўскі): так выдатна яна ўпісалася ў межы дадзенага азначэння. Не аспрэчвалі гэтага ні тэатразнаўцы, ні “адказныя” за ўзнагароду журналісты. У выніку адзін з сёлетніх тэатральных трафеяў па добрай традыцыі зноў адправіўся ў Польшчу – да фестывальных дэбютантаў са Старога нацыянальнага тэатра імя Хелены Маджаеўскай у Кракаве. Артысты прадэманстравалі, якім відовішчным можа быць тэатр, калі збліжаецца з іншым, не менш захапляльным, відам мастацтва – кіно, за што і заслужылі кампліменты ад тых, хто лічыць сцэну найлепшай пляцоўкай для смелых эксперыментаў.
Па праўдзе, трошкі сумна было назіраць сёлета за цырымоніяй узнагароджання. На званне самых-самых, сапраўды, маглі прэтэндаваць адразу некалькі выдатных пастановак, а арганізатары, ці па горкай іроніі лёсу, ці з улікам леташняга вопыту, на жаль, “падрэзалі” спіс традыцыйных прызоў. Аднак тое, што на гэты раз дазволілі выказацца розным прадстаўнікам з ліку прыхільнікаў Мельпамены – і крытыкам, і гледачам, і журналістам – не магло не парадаваць. Свайго фаварыта назвала і кампанія “МТС”, спецыяльны дыплом ад якой атрымаў спектакль “Палароід” Тэатра танца Міры Лазар з Ізраіля, – ён ступіў на фестывальную пляцоўку акурат пад заслону “Белай Вежы”.
Прыемна было сачыць і за становішчам беларускага тэатра ў міжнародным кантэксце. Ён зусім не згубіўся сярод больш аўтарытэтных калег і паспяхова прадэманстраваў: у нас таксама ёсць нядрэнная нацыянальная драматургія і цікавыя асобы ў рэжысуры. Хочацца спадзявацца, што з яркімі прадстаўнікамі сярод апошніх фестываль будзе знаёміць свайго гледача і надалей. Бо толькі такім чынам у публікі можна выхаваць добры тэатральны густ – а гэта, безумоўна, адна з галоўных мэт не толькі нашага фестывалю.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.