Мама Іра і яе дзеці

Мама Іра і яе дзеці

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У двух дамах сямейнага тыпу і 15 прыёмных сем’ях, якія створаны на Пружаншчыне, выхоўваюцца 42 хлопчыкі і дзяўчынкі. Траім з іх – дзесяцігадоваму Мікіце Семаку,  яго сямігадовай сястры Міраславе, а таксама трохгадовай Юльцы – прыёмнай мамай стала Ірына Карачун з вёскі Новыя Засімавічы
Ёсць у дзяцей і старэйшы брат,  родны сын іх прыёмнай матулі. Ён ужо дарослы і жыве ў Брэсце. Да  іх прыязджае звычайна ў выхадныя. А сястра старэйшая нядаўна  выйшла замуж. Яны  ездзілі да яе на вяселле аж у Саратаў, адкуль родам мама. Там пазнаёміліся з бабуляй і дзядулем. А вось прыёмнага таты  ў дзяцей няма. Муж Ірыны, лётчык, памёр чатыры гады таму. Затое ёсць біялагічныя  бацькі. Ды толькі маці Мікіты і Міраславы пазбаўлена бацькоўскіх правоў, а сям’я маленькай Юлі лічыцца небяспечнай. Менавіта па гэтай прычыне дзеці апынуліся пад крылом Ірыны Вітальеўны, якую ўсе трое пяшчотна называюць “мамай”.
У госці ў прыёмную сям’ю мы адправіліся разам са спецыялістам аддзела адукацыі райвыканкама Таццянай Гаманчук. Падымацца на пяты паверх шматпавярхоўкі, дзе жыве Ірына з дзецьмі, мы не сталі. Не хацелі турбаваць і ствараць нязручнасцей (жанчына наладзіла  ў кватэры рамонт), таму пагутарыць з мамай Ірай  і яе дзецьмі вырашылі на вуліцы.
Першымі з дзвярэй пад’езда выпырхнулі дзве дзяўчынкі ў сукенках аднаго фасону і светлавалосы хлапчук.  А праз  хвіліну-другую на парозе дома з’явілася жанчына. Убачыўшы нас, прывіталася і прысела побач на лаўку. Знаёмімся. Невысокага росту, з прыспушчанымі на плечы  цёмнымі валасамі, яна  цалкам магла б сысці дзецям за старэйшую сястру.
– Калі памёр муж, а сын паехаў вучыцца ў Брэст, мне стала вельмі адзінока ў вялікай пустой кватэры, – расказвае Ірына. – Вось тады я і задумалася над тым, каб узяць на выхаванне каго-небудзь з дзіцячага прытулку. Гэтыя дзеці мне запомніліся з таго часу, калі яны прыходзілі ў кафэ, дзе я тады працавала. А чаму б не паспрабаваць?..
У доўгія адзінокія  вечары выспела рашэнне ўзяць на выхаванне хлопчыка ці дзяўчынку. Калі Ірына звярнулася з гэтым пытаннем у адпаведныя інстанцыі, ёй прапанавалі пабываць у прытулку. Менавіта там яна і ўгледзела шасцігадовага Мікіту. А калі неабходныя дакументы былі гатовы і яна прыйшла за хлопчыкам у прытулак, жанчыне паведамілі, што ў яго ёсць яшчэ сястрычка, якая знаходзіцца ў дзіцячым доме ў Пінску.
Ірыну ніхто не прымушаў браць у сям’ю яшчэ і дзяўчынку – Міраславе тады было ўсяго 2 гады і 7 месяцаў. Але яна сама разумела, што брат з сястрой павінны выхоўвацца разам. Таму ў хуткім часе дзеці ўз’ядналіся пад крылом прыёмнай мамы Іры, у якой адразу ж прыбавілася клопатаў.
– Асабліва цяжка было ў першыя два месяцы, – успамінаючы падзеі трохгадовай даўнасці, расказвае жанчына. – Мікіта быў дзіцём вуліцы, і прывучыць яго да парадку аказалася няпроста. А маленькая Міраслава, нібыта нечым напалоханая,  часта крычала па начах…
Каб дзеці сталі такімі, якія яны зараз, Ірыне прыйшлося з імі шмат працаваць. Вучыць таму, што ведаюць іх аднагодкі, якія выхоўваюцца ў сем’ях. А яшчэ часта ўставаць ноччу, каб супакоіць Міраславу. І хоць жанчына ніколі не забывала пра свайго сына, ды адчувала, што ён раўнуе маці да гэтых чужых дзяцей. Праўда, з часам усё наладзілася і зараз Мікіта з яе сынам – лепшыя сябры. А  Міраславу  вельмі палюбілі  бацькі Ірыны.
За гэты час дзеці непазнавальна змяніліся. Прычым не толькі знешне, але і ўнутрана таксама. Ведаюць, што такое “дрэнна” і “добра”. Навучыліся дапамагаць Ірыне па хатняй гаспадарцы, ходзяць у магазін па прадукты. Дзеці палюбілі сваю другую маму, і яна прыкіпела да іх усім сэрцам. Ды толькі, магчыма, ёй прыйдзецца развітацца з імі. Справа ў тым, што біялагічная маці дзяцей, якая пражывае на тэрыторыі вобласці, выйшла замуж і хоча вярнуць сваіх дзяцей. Яна нават прыязджала ў Новыя Засімавічы, каб сустрэцца з імі. Прывезла падарункі. Мікіта, праўда, не хацеў з ёй размаўляць, але Ірына ўгаварыла пабыць з роднай маці. Нягледзячы на прыхільнасць да хлопчыка з дзяўчынкай, жанчына рада, што іх мама змянілася ў лепшы бок. Бо, як бы там ні было, упэўнена Ірына, дзеці павінны жыць з роднымі бацькамі.
Хутка вернецца ў біялагічную сям’ю і трохгадовая Юлька, якая ў прыёмную  была аддадзена часова –
пакуль бацькі не адумаюцца. Як расказала Ірына, яны  ўжо ўладкаваліся на работу і таксама наведваюць сваю дачку. Значыць, яшчэ не ўсё страчана і ёсць надзея, што яе гарэза Юлька будзе зноў з самымі роднымі людзьмі.
– А не шкада развітвацца з дзецьмі, у якіх столькі  ўкладзена і  якія практычна сталі ўжо роднымі? – цікаўлюся ў Ірыны.
– Шкада.  Але калі такое здарыцца, дык вазьму яшчэ каго-небудзь з прытулку,  бо кожнаму дзіцяці патрэбна мацярынская любоў, – адказала жанчына і, нягледзячы на рамонт, яшчэ раз запрасіла  зайсці ў кватэру: маўляў, адзін пакой мы падрыхтавалі для прыёму гасцей. Магчыма, для таго, каб мы ўбачылі, што яе прыёмныя дзеці ні ў чым не маюць патрэбы. Тым больш у мацярынскай пяшчоце і цеплыні.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Пружанскі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На Берасцейшчыне створаны добрыя ўмовы для якаснай вучобы

Следующая запись

На базе Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні прайшло IV адкрытае першынство Брэсцкай вобласці па веславанні на байдарках і каноэ сярод юнакоў і дзяўчат 1997 – 2001 гадоў нараджэння на прызы алімпійскага чэмпіёна Сяргея Макаранкі