Беларусь

На Берасцейшчыне створаны добрыя ўмовы для якаснай вучобы


Зноў нашы дзеці селі за школьныя парты. Святочная мітусня ўрачыстых лінеек змянілася ў панядзелак размераным рытмам школьных урокаў. А пачаўся новы навучальны год урокам патрыятычнасці і грамадзянскасці “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь”. З асаблівым хваляваннем на яго прыйшлі вучні 1 “Г” класа сярэдняй школы №7 г. Брэста. І не толькі таму, што ўрок быў самым першым у іх жыцці. У госці да маленькіх школьнікаў завітаў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. А яшчэ ж прысутнічалі ў класе кіраўнікі горада і адукацыі вобласці, не кажучы пра бацькоў…
Ды толькі настаўніца Алена Руцкая і першакласнікі ад такой увагі не разгубіліся. Дзеці чыталі вершы на беларускай мове, адказвалі на пытанні настаўніцы, кіраўніка вобласці. Канстанцін Андрэевіч уручыў кожнаму вучню падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі –
кнігу “Беларусь – мая Радзіма”. У адказ усе школьнікі-пачаткоўцы казалі: “Дзякуй!” І гучала гэтае слова шчыра, і не было сумненняў – падарунак спадабаўся.
– Сёння пачынаецца ваш вялікі шлях у краіну Ведаў, – сказаў старшыня аблвыканкама першакласнікам. – Будзьце здаровымі, настойлівымі і старанна вучыцеся. Галоўнае, каб вы былі ў жыцці добрымі людзьмі, аддана любілі сваю краіну, паважалі бацькоў…
Малыя ўважліва слухалі ганаровага госця, які гаварыў пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі, узгадваў сваё школьнае жыццё і першую настаўніцу. Пасля шчырай размовы губернатар уручыў 1 “Г” класу вялікі кошык цукерак, а школе – міні-камп’ютарны клас. Апошні стаў яшчэ адным прыемным набыткам 7-й школы ў гэтым годзе. Як сказала дырэктар навучальнай установы Святлана Язерская, у сталовай і харчблоку зрабілі капітальны рамонт, на які з бюджэту выдаткавалі больш чым 3,5 мільярда рублёў.
Увогуле, умацаванню матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі на Брэстчыне надаецца пастаянная ўвага. Сёлета на будаўніцтва новых аб’ектаў запланавана выдзеліць 193 мільярды рублёў. Пабудавалі ўжо дзіцячы сад на 234 месцы ў Баранавічах, да канца года будуць здадзены новыя дашкольныя ўстановы ў Іванава і вёсцы Рамель Столінскага раёна, а ў наступным – зазвініць школьны званок у новай школе на 1200 месцаў у 4-м Паўднёва-Заходнім мікрараёне Брэста. Працягваецца будаўніцтва школы на 1020 месцаў у Пінску. Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Міхаіла Ціханчука, дзяржава імкнецца на высокім узроўні падтрымліваць умовы для атрымання якаснай адукацыі падрастаючымі пакаленнямі. Толькі за апошнія тры гады ў вобласці рэканструявана 4 і пабудавана 7 новых школ і 9 дашкольных устаноў. А гэты верасень наваселлямі адзначыўся ў адрэканструяванай Пагост-Загародскай школе Пінскага раёна і ў Брэсцкай санаторнай школе. У апошняй займаюцца дзеці з горада ды раёнаў вобласці, якія маюць хваробы пазваночніка. У першы школьны дзень і работнікі, і выхаванцы ўстановы асабліва радаваліся адкрыццю новага спальнага корпуса. Умовы знаходжання, лячэння і вучобы дзяцей заўважна палепшыліся. Вось на такія наваселлі не шкадуюць у краіне бюджэтных сродкаў!
Сфера адукацыі, безумоўна, галіна затратная. У садках і школах не вырабляюць прадукцыю, якую можна прадаць і атрымаць падаткі ў казну. Наадварот, бюджэт фінансуе адукацыю. І калі ёсць разуменне таго, што ў гэтай галіне фарміруецца будучыня нашай краіны – грошы знаходзяць, каб рамантаваць, будаваць, даваць ва ўстановы сучаснае абсталяванне. Эканоміць на сістэме адукацыі – толькі шкодзіць сваёй будучыні. Як бы ні было цяжка, але рабіць гэта ў нас не збіраюцца. І правільна!
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля