Мода на “беларускасць”?..

Мода на “беларускасць”?..

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Як адрэагавалі берасцейцы на білборды ў падтрымку беларускай мовы

Нядаўна на вуліцах Брэста з’явіліся білборды ў падтрымку беларускай мовы. Адным з натхняльнікаў гэтай цудоўнай  і адначасова неардынарнай ініцыятывы выступіла Міністэрства культуры Беларусі. Неардынарнай такая рэклама з’яўляецца ўжо толькі таму, што на беларускай мове. Ідэя не новая: дагэтуль былі сціплыя спробы беларускамоўнага перакладу тэлевізійнай рэкламы аднаго з буйнейшых мабільных аператараў, назваў шэрагу харчовых прадуктаў, кавы, мэблі… На слых успрымаецца лёгка і мілагучна.
Відаць, настаў час і рэкламы самой беларускай мовы. Піяршчыкі, рэкламшчыкі і рознага кшталту крэатыўшчыкі ўсё часцей гавораць пра моду на так званую “беларускасць”. Выклікана такая тэндэнцыя і тым, што людзі перанасыціліся экзотыкай, немалаважную ролю адыгрывае таксама цікавасць замежжа да самабытнай беларускай культуры. Карацей кажучы, чым больш пра штосьці гаварыць і чуць – тым цікавей становіцца. Пра інтарэс людзей да ўсяго нацыянальнага вядуцца дыскусіі ў інтэрнэце, тэма знайшла водгук сярод людзей рознага ўзросту, прафесій і сацыяльнага становішча. На думку большасці карыстальнікаў сеціва, пачынаецца гэта самая “беларускасць” з роднай мовы, якую сорамна не ведаць, а тым больш не разумець.
На плакаце недалёка ад гіпермаркета “Карона” ў Брэсце прыгожая дзяўчына паведамляе аб тым, якое першае слова па-беларуску яна вывучыла: “Маё першае слова “каханне”. Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?” Падобны білборд размешчаны на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і вуліцы Гогаля. Як расказалі ў адміністрацыйна-тэхнічнай інспекцыі, на сённяшні дзень у горадзе ўсталявана ўжо шэсць такіх білбордаў. Сюжэт пазітыўнай сацыяльнай рэкламы нескладаны. Хтосьці адкрыў для сябе першае слова “дзякуй” – такія білборды размешчаны на скрыжаванні вуліц 28 ліпеня і Кастрычніцкай рэвалюцыі, на вуліцы Маскоўскай; цi “сябар” – білборды на скрыжаванні Варшаўскай шашы і бульвара Шаўчэнкі, а таксама на вуліцы Гаўрылава…
Гэтая сацыяльная рэклама не засталася незаўважанай і выклікала шырокі рэзананс сярод берасцейцаў.  Што мяркуюць аб рэкламе ў падтрымку беларускай мовы людзі, мы спыталі ў іх акурат каля гэтых самых білбордаў. Гараджане актыўна выказвалі свае думкі і нават уступалі ў дыскусію паміж сабой.
Васіліна АГЯЕНЯ, хатняя гаспадыня і маладая маці:
– Шчыра кажучы, увогуле не звяртаю ўвагі на ўсялякую рэкламу, у тым ліку і сацыяльную. А тут неяк вока зачапілася за тое, што напісана не па-руску. Стала цікава. Мы з сям’ёй жывём недалёка ад “Кароны”, таму часта тут бываем і на гэты білборд ужо неаднойчы глядзелі. Толькі, ведаеце, не разумею, чаму на плакаце пытаюцца: “Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?”. Чаму “будзе”? Не так усё дрэнна, мне здаецца, у нас з беларускай мовай. Многія людзі яе ведаюць, ужываюць, хоць і не часта.
Мікалай ШАЧНЕЎ, студэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта:
– Дзяўчына прыгожая, дзеці – таксама, а ў тэкст я не ўдумваюся. Калі б вы не звярнулі маю ўвагу, я б і не ведаў, што тут беларускую мову рэкламуюць. Думаю, наўрад ці людзі пачнуць адразу размаўляць па-беларуску. Сваё першае слова на роднай мове не памятаю, але было гэта даўно – пэўна ж, у першым класе. Ні бацькі, ні сябры,  ніхто не размаўляе на роднай мове. Вядома ж, хваліцца няма чым…
Кацярына КАНКОВІЧ, пенсіянерка, былая настаўніца гісторыі:
– Цудоўна, што з’явіліся такія плакаты. Яны не навязваюць нам нічога, а толькі напамінаюць, што ёсць у нас свая, родная і самая прыгожая ў свеце мова. Калі б болей менавіта беларускага было навокал (маю на ўвазе назвы, рэкламныя слоганы, аб’явы), дык, можа, не так часта мы чулі б ад людзей, што яны не разумеюць па-беларуску.
Аляксандра СНІТКО, госця з Мінска:
– Прыехала ў госці да сястры. Шчыра кажучы, для Брэста, на мой погляд, такая рэклама нетыповая. Самы заходні наш горад, усё ж такі больш “абруселы”, з адзнакай польска-ўкраінскага ўплыву. У сталіцы “беларускасць” адчуваецца больш. Аднак, калі ў Брэсце абмяркоўвалі гэтыя білборды са сваякамі і сябрамі, усе выказаліся станоўча. Нейкая добрая гэта рэклама і зусім не раздражняе. Таму поспехаў ініцыятарам і з радасцю чакаю новага крэатыву на гэту ж тэму.
Віталь ШЧУР, шасцікласнік:
– Беларуская мова мне падабаецца, таму што яна лёгкая. Вельмі падобная на рускую, толькі прасцей. Калі па рускай мове ў мяне пяцёрка, дык па беларускай –
сем балаў. Толькі размаўляю я на рускай мове, як усе. А наконт білбордаў лічу, што няхай лепей мову рэкламуюць, чым бытавую тэхніку ці каўбасу.
Аліна КАЗУЛЯ, бухгалтар у прыватнай фірме:
– Тое, што білборды з’явіліся на вуліцах Брэста, безумоўна, добра. Шкада толькі, што родную мову неабходна рэкламаваць. Мы з сяброўкамі на працы, здараецца, размаўляем па-беларуску. Спачатку проста дурэлі, а цяпер неяк прывыклі і нават слоўнікавы запас значна пашырыўся.
Запісала
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Свята, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы, прайшло ўчора ў Брэсце

Следующая запись

Ад пячэння і соку сытым не будзеш