Модныя спецыяльнасці. Прафесійны хіт-парад
ТОП-10 САМЫХ ЗАПАТРАБАВАНЫХ КРЭАТЫЎНЫХ ПРАФЕСІЙ БУДУЧАГА ПА ВЕРСІІ “РАВЕСНІКА”
*PR-ШЧЫК наладжвае і падтрымлівае зносіны, спрыяе ўзаемапаразуменню паміж людзьмі, арганізацыямі, прадпрыемствамі, выконвае функцыі спецыяліста па сувязях з грамадскасцю.
*ІНЖЫНЕР ПА ІНФАРМАЦЫІ адсочвае інфармацыйныя навінкі і сеткавыя тэндэнцыі.
*ЦІТЭСТАР дэгустуе чай.
*ПРАГРАМІСТ РОБАТАЎ стварае тэхнічную “начынку” для прамысловых камп’ютараў.
*БАЕР займаецца закупкамі і адсочваннем модных тэндэнцый.
*СТРЫНГЕР займаецца пазаштатнай журналістыкай у экстрэмальных умовах – гарачых кропках, месцах стыхійных бедстваў.
*ГРЫНКІПЕР падтрымлівае ў належным стане зялёныя пакрыцці спартыўных палёў для гульні ў футбол, бейсбол, рэгбі.
*ТРАМБОЎШЧЫК дапамагае людзям зайсці ў перапоўнены грамадскі транспарт, каб яны не затрымлівалі дарожны рух.
*ФУМЕЛЬЕ займаецца індывідуальным падборам цыгарэт, сігар і спіртных напояў.
*ПРАМОЎТАР рэкламуе і папулярызуе пэўны тавар, падзеі, чалавека.
ПАКАЛЕННЕ “MTV”
Вельмі часта моладзь да апошняга не ведае, куды пайсці вучыцца пасля заканчэння школы, якую прафесію выбраць, і ўвогуле не мае інтарэсу да працы. Між тым, надыходзіць час, калі неабходна злазіць з шыі бацькоў і адпраўляцца ў самастойнае плаванне. Адпраўным пунктам з’яўляецца работа.
На жаль, сярод падрастаючага пакалення ўсё часцей можна пачуць, што выбраная прафесія не падабаецца, таму што “не маё”. А чыё? Навошта марнаваць час і сілы на вучобу, каб потым асвойваць зусім іншы від дзейнасці? Адпаведна з назвай новага пакалення – “нэкст”, “пэпсі”, “MTV” – змянілася і кола папулярных прафесій. Быць касманаўтам ці інжынерам наўрад ці марылі ўжо дваццаць гадоў таму, не мараць і цяпер.
Сёння модна быць крэатыўным. Зразумела, што моладзь, якую выхавалі тэлебачанне і гламурныя часопісы, капіруючы глянцавае жыццё, у большасці сваёй марыць быць калі не музычнымі зоркамі, дык тэлевядучымі і радыёдыджэямі. Толькі назва прафесіі можа накінуць некалькі балаў да статусу юнака ці дзяўчыны ў маладзёжным асяроддзі. Прадзюсар, прамоўтар, PR-шчык, стрынгер, баер, піт-бос, сісадмін, блогер, мерчандайзер – цудоўная стартавая пляцоўка для сапраўды творчага і актыўнага чалавека і добры падмурак для будучых карысных кантактаў. А насамрэч, хто такія крэатыўшчыкі? Што за работа ў іх?
АНДЭГРАЎНД
І ЯГО АМБІЦЫІ
Цяжка знайсці чалавека, які б не любіў музыку і не цікавіўся тэндэнцыямі галіны. Хтосьці толькі слухае, хтосьці піша і выконвае яе, а ёсць і тыя, хто займаецца папулярызацыяй музычнай прадукцыі. Найбольш спрыяльная глеба для вялікіх спраў – інтэрнэт. Можна бясконца спрачацца наконт яго плюсаў і мінусаў, але для раскруткі свайго праекта “павуціна” падыходзіць ідэальна.
Першы канцэрт прома-група “LiveSound” арганізавала яшчэ ў 2006 годзе. Каманда ідэйных і зацікаўленых людзей адкрыла дарогу многім выканаўцам альтэрнатыўнай музыкі да беларускіх меламанаў. Яны прамаціравалі канцэрты груп “BER-LINN”, “1,5 кілаграма выдатнага пюрэ”, даводзілася рыхтаваць канцэрты з удзелам “Neversmile” (Расія), “Useless ID” (Ізраіль), “The Toobes”, “My Ocean”, “Anyway!”, “Hair Peace Salon”, “Open Space”, “All Stars Grey”, “J-J Bings”, “Tok Rukoo”, “Prophetic Dream”, “Дядюшкин сон”. Рабілі трыб’ют “Red Hot Chilli Pappers” і інш. Прыхільнікам альтэрнатыўнай музыкі добра вядомы інтэрнэт-партал прома-групы “LiveSound”.
– Мне хацелася зрабіць рэсурс, які б нагадваў анлайн-версію “RollingStone” ў маштабах Беларусі, – расказвае Андрэй Чарніцкі, рэдактар і адзін з заснавальнікаў партала (больш вядомы як duckling). – Так, гэта вельмі амбіцыёзна, але, здаецца, варта імкнуцца выканаць справу на 150 працэнтаў, каб асіліць 100. Для таго, каб дасягнуць рэальных мэт, неабходна ставіць перад сабой паўрэальныя задачы. Галоўнае – правільна разлічваць свае магчымасці. Да таго ж, такая праца – цудоўная практыка ў журналістыцы і
PR-тэхналогіях.
Вядома ж, без цяжкасцей не абышлося. Для таго, каб паспяхова асвойваць розныя кірункі дзейнасці, неабходна было атрымаць базавыя веды па web-журналістыцы, дызайне, асновах стварэння сайтаў. Галоўнай праблемай, як у многіх творчых праектах, з’яўлялася фінансавае пытанне. Асабліва гэта тычыцца арганізацыі канцэртаў.
– Як арганізатар я дамаўляюся з клубам, – працягвае Андрэй Чарніцкі. – Клуб называе кошт арэнды памяшкання. Потым – дагавор з пракатчыкамі гукавога абсталявання, таксама не бясплатна. Далей неабходна аплаціць групе ганарар і білеты. Плюсуем расходы на рэкламу. Афішы “малюем” самі і разносім іх па музычных магазінах і рэпетыцыйных пунктах. А яшчэ вырабляем флаеры… і чакаем, каб на канцэрт прыйшло столькі людзей, колькі неабходна для пакрыцця затрат. Да таго ж, трэба заплаціць яшчэ і за пасведчанне на правядзенне культурна-масавага мерапрыемства. У гэтай сферы доўгі час прыходзіцца працаваць на энтузіязме. Увогуле, альтэрнатыўная музыка ў Беларусі жыве дзякуючы невялікай колькасці людзей. Толькі ў выніку іх дзейнасці многія перспектыўныя групы знаходзяцца ў мэйнстрыме. Назаву толькі некалькіх з іх: Віця Пазднякоў (гурт “БЕЗ БІЛЕТА”), Саша Рогач (“Westrecords”), Дзіма Бескаравайны (“J: МОРС”) і іншыя.
Як і многія цікавыя творчыя праекты, прома-група “LiveSound” спыніла на некаторы час сваю дзейнасць. Ды, па словах Андрэя Чарніцкага, гэта толькі зацішша перад бурай. Праект не перастаў існаваць, а толькі на пэўны тэрмін адключыў свой рэсурс і знаходзіцца на рамонце, але працуе блог у “ЖЖ”, і “LiveSound” ёсць на “MySpace” і “last.fm”. Пасля перапынку прома-група абяцае вярнуцца з новымі сіламі.
РЭАЛЬНЫ
АДМІНІСТРАТАР
Толькі самы лянівы карыстальнік інтэрнэту ў абласным цэнтры не зайшоў яшчэ на партал “Рэальны Брэст”. Першая сацыяльная сетка аб’яднала актыўных юзараў, а таксама дала магчымасць даведвацца аб апошніх навінах горада над Бугам. Форум стаў месцам сустрэч і віртуальных знаёмстваў для брастаўчан, а таксама для тых, хто ўжо доўгі час жыве за мяжой, але цікавіцца навінамі ў Брэсце. Адміністратарам сайта, а таксама аўтарам многіх тэм на форуме з’яўляецца Дзяніс Марук. Яго абавязак – своечасова абнаўляць навіны і сачыць за тым, каб на форуме была “цэнзура”.
Фішкай “Брэсцкага форуму” можна назваць рэгулярныя сустрэчы ў рэале. Зарэгістраваныя на сайце людзі ахвотна гуляюць у пейнтбол і экстрэмальную гульню “Night Brest”. Дзякуючы працы адміністрацыі партала вялікая колькасць лю-дзей атрымала магчымасць цікава і карысна праводзіць вольны час. Сярод апошніх прапаноў для наведвальнікаў сайта – спроба пяра ў першым брэсцкім глянцавым часопісе. Жадаючых – хоць адбаўляй! Незвычайны праект называецца “Brest Stile”. Дарэчы, першы яго нумар можна будзе скачаць на партале “REALBREST.BY”.
Не абдзяляюць увагай і тых людзей, якім патрэбна дапамога. Менавіта наведвальнікі і адміністрацыя партала неаднойчы давалі інфармацыйную нагоду для мясцовых сродкаў масавай інфармацыі, а той, хто прасіў дапамогі, атрымаў яе.
Адміністраваць сайты ці асобныя групы ў вядомых сацыяльных сетках стала модна і прэстыжна. Безумоўна, гэта не асноўная дзейнасць большасці адміністратараў, але работа, якая патрабуе шмат сіл і часу. А ў час, калі з’явілася меркаванне, што інтэрнэт стане адзіным масавым сродкам інфармацыі, адміністратар – першы чалавек у віртуале.
МЕРЧАНДАЙЗЕР, БАЕР, ПАСЦІЖОР
На пытанне “кім працуеце?” цяпер можна атрымаць такі адказ, што не адразу зразумееш тлумачэнне пачутага. Аляксандра Карпук працуе мерчандайзерам у буйной прыватнай фірме. Яна адказвае за тое, каб лепш прадаваўся тавар. Калі ў гандлёвай кропцы мы бачым, што нейкі тавар дэманструецца абасоблена і больш актыўна ці праводзіцца нейкая акцыя, то зразумела: папрацаваў мерчандайзер. Для яе гэта часовая работа, бо вялікіх грошай, па словах дзяўчыны, тут не заробіш. Ды і ва ўмовах, якія створаны ў многіх магазінах, даводзіцца крэатывіць і выкручвацца.
Малавядомая, але вельмі запатрабаваная сёння прафесія ў Альбіны Чырун. Яна – баер. У перакладзе з англійскай мовы – гэта “закупшчык”. Альбіна падбірае і закупляе асартымент для сеткі магазінаў адзення. Яна пераканана, што яе работа вельмі творчая і цікавая, нягледзячы на шэраг абавязковых патрабаванняў – веданне некалькіх замежных моў, валоданне асновамі маркетынгу, разуменне модных тэндэнцый.
– Ад мяне залежыць, што з’явіцца ў нашых магазінах і як будуць апранутыя кліенты, –
разважае Альбіна Чырун. – Даводзіцца пралічваць попыт пакупнікоў і адгадваць іх густ. Мадэль, колер, фасон, памер, колькасць найменняў –
важныя ўсе дэталі.
Не менш карпатлівая праца ў Алены Сямёнавай. Яна займаецца вытворчасцю парыкоў. Пакуль яшчэ вучыцца, бо для гэтай працы важна мець “набітую руку” і адчуванне матэрыялу. А пачалося ўсё з гуртка. Алена займалася ў вытворчай майстэрні па спецыяльнасці “цырульнік”, а потым зацікавілася прафесіяй пасціжора. Кожная работа дзяўчыны – шэдэўр, таму што замест традыцыйных парыкоў яна вырабляе гатовыя прычоскі і нават упрыгожанні з натуральных валасоў.
ВЫБАР ЁСЦЬ!
Знайсці занятак па душы вельмі важна для кожнага. Не заўжды будучай прафесіі вучаць у каледжы ці ўніверсітэце. Выбіраючы занятак, варта кіравацца ўнутраным голасам. На слыху спецыяльнасці ўрача, настаўніка, эканаміста. Аднак існуе шмат цікавых і патрэбных грамадству прафесій, дзякуючы якім можна не толькі падтрымліваць матэрыяльную стабільнасць, але атрымліваць задавальненне. Не бойцеся спрабаваць сябе ў малавядомых сферах дзейнасці ці ў крэатыўных спецыяльнасцях. Можа, вы –
будучы знакаміты прадзюсар ці высакакласны фумелье?
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.