Беларусь

На Брэстчыне стартавала нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу


Не паспелі земляробы вобласці завяршыць сяўбу яравых культур, як іх паклікала сенажаць. Нарыхтоўка кармоў сёлета пачалася крыху раней, чым летась. Дзякуючы цёпламу вільготнаму надвор’ю, паведамілі ў аблсельгасхарчы, на сенажацях даспеў добры ўраджай – да 160 цэнтнераў зялёнай масы з гектара даюць травы першага ўкосу. Гэта на 30 працэнтаў больш, чым было летась. Значыць, ёсць магчымасць удосталь назапасіць травяністых кармоў, што будзе садзейнічаць павелічэнню вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Пры ўмове, што кармы гэтыя будуць якасныя.
Пра ход «зялёнага» жніва, пра тое, што зроблена ў сельгаспрадпрыемствах, каб не дапусціць пераспявання траў першага ўкосу і назапасіць з іх якасны фураж, карэспандэнту газеты расказаў начальнік аддзела кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Леанід ЦІШКОЎ:
– Нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу, нягледзячы на прайшоўшыя дажджы, якія прынеслі вяскоўцам нямала праблем, шырыцца з кожным днём. Па стане на ўчарашні дзень яны былі скошаны больш чым на 19 тысячах гектараў. Усяго ж сёлета працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў неабходна ўбраць 241,5 тысячы гектараў траў першага ўкосу і нарыхтаваць фуражу на ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па 7 цэнтнераў кармавых адзінак. Найбольш актыўна ідзе касьба ў Маларыцкім, Пінскім, Брэсцкім, Іванаўскім і Пружанскім раёнах. Адначасова з уборкай траў вядзецца закладка сенажу.
– Як забяспечаны сельгаспрадпрыемствы тэхнікай і наколькі эфектыўна яна выкарыстоўваецца?
– Тэхнічныя магчымасці сельгаспрадпрыемстваў вобласці дазваляюць правесці «зялёнае» жніво за тры тыдні. Як і ў мінулыя гады, асноўная нагрузка ў час уборкі траў першага ўкосу ляжа на кормаўборачныя камбайны. Іх на сенажацях будзе задзейнічана больш за паўтысячы. Гэтай тэхнікай пры добрым надвор’і за дзень можна ўбіраць да 12 тысяч гектараў.
– Леанід Віктаравіч, а ў чым адметнасць сёлетняй уборкі траў першага ўкосу?
– У сувязі з няўстойлівым надвор’ем стаўка зроблена на кансерваваныя кармы з правяленых траў, якія зараз знаходзяцца ў аптымальнай фазе для скошвання. Прамаруджванне з іх уборкай адмоўна адаб’ецца на якасці нарыхтоўваемых кармоў. Таму на месцах павінны так арганізаваць работу, каб тэхніка працавала з максімальнай аддачай, а людзі былі зацікаўлены, матэрыяльна і маральна, у хуткай і якаснай уборцы траў. Касьба іх у сціслыя тэрміны дапаможа стварыць аптымальныя ўмовы для росту траў другога ўкосу, каб атрымаць з яго кармоў па чатыры цэнтнеры кармавых адзінак. Толькі ў гэтым выпадку мы зможам выйсці на запланаваныя паказчыкі па нарыхтоўцы кармоў і, адпаведна, па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.
Гутарыла
Надзея ЯЦУРА, «НТ»

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля