Беларусь

Навацыі ў адукацыі, або Як абараніць дзяцінства?


Ва ўсе часы бацькі верылі ў тое, што дачушкі і сыночкі будуць разумнейшыя за іх. Сённяшнія рэаліі дыктуюць умовы, пры якіх дзеці абавязаны быць свядомымі ва ўсіх, нават у зусім не дзіцячых сферах жыцця. Ведаць законы, мець навыкі эканаміста, а пра валоданне сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі і ўзгадваць не трэба – гэта абавязковыя патрабаванні грамадства, у якім паступова знікаюць межы паміж дзяцінствам і даросласцю. І ў дзяцей у нашай краіне ёсць магчымасці вучыцца патрабаванням часу высокіх тэхналогій і прагрэсіўнага мыслення.

ПРАВАВАЯ ПЯЦІГОДКА

За 5 гадоў існавання Дзіцячы прававы сайт (mir.pravo.by) заняў сваю нішу сярод інтэрнэт-рэсурсаў. Ён выклікаў інтарэс і ў дзяцей, і ў дарослых, знайшоў сяброў і надзейных партнёраў. Штомесяц яго наведваюць больш як 10 тысяч чалавек са 100 краін свету. Зыходзячы з водгукаў, сайт ім цікавы.
Стваральнік сайта – Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, які па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сумесна з шэрагам зацікаўленых арганізацый яго распрацаваў, а цяпер курыруе і абнаўляе. Актыўна дапамагаюць гэтаму інтэрнэт-рэсурсу Міністэрства ўнутраных спраў, Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, Нацыянальны інстытут адукацыі, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Асноўная мэта сайта – дапамагчы падрастаючаму пакаленню атрымаць юрыдычныя веды, адказаць на “дарослыя” пытанні, даць параду, што рабіць у той ці іншай сітуацыі, а таксама расказаць аб заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і правах грамадзян нашай краіны. Яго аўдыторыя – дзеці і падлеткі 6-16 гадоў.
– Дзіцячы прававы сайт стаў неабходным памочнікам для выхавальнікаў, педагогаў, юрыстаў у рабоце па фарміраванні інфармацыйна-прававой культуры дзяцей і падлеткаў, – лічыць настаўніца пачатковых класаў Аляксандра Кендрук з Баранавіч. – Высокая прававая культура маладых – гэта гарант умацавання прававой асновы грамадскага жыцця – а значыць, моцнай і квітнеючай дзяржавы заўтра.
За першую пяцігодку свайго існавання Дзіцячы прававы сайт быў значна дапрацаваны і ўдасканалены. Ён паспяхова прайшоў экспертызу, праведзеную Цэнтрам бяспечнага інтэрнэту ў Расіі пры Грамадскай палаце Расійскай Федэрацыі, Рэгіянальным грамадскім цэнтрам інтэрнэт-тэхналогій і кампаніяй “Скай Лінк”, і быў уключаны ў каталог бяспечных інфармацыйных рэсурсаў “Дзіцячы інтэрнэт”. У конкурсе “Лепшы сайт у сферы нефармальнай адукацыі за 2010 год” ён заняў трэцяе месца і быў узнагароджаны дыпломам інтэрнэт-прэміі “Tibo 2011”. У інфармацыйнай часткі сайта “Бібліятэка” з’явіўся новы раздзел “Карысная інфармацыя”, дзе знаходзяцца цікавыя дадзеныя для дзяцей і падлеткаў, а таксама бацькоў і педагогаў. Акрамя таго, сайт абсталяваны інтэрактыўнай flash картай свету з інфармацыяй аб замежных краінах, іх прававой сістэме, на ім арганізавана “Віртуальная прыёмная”, дзе на пытанні адказваюць члены Нацыянальнай камісіі па правах дзяцей. На mir.pravo.by праведзена 8 дзіцячых конкурсаў.
– З’яўляюся пастаянным наведвальнікам сайта з першых дзён яго работы, – расказвае дзевяцікласнік з Брэста Міхаіл Дзенісеня. – Акрамя таго, што на сайце можна знаходзіць карысную інфармацыю для школьных рэфератаў і дакладаў, тут ёсць цудоўная магчымасць задаць любое пытанне юрыстам, і яны дадуць адказ амаль адразу. Вельмі падабаюцца конкурсы, падчас якіх можна праверыць свае веды.
Сацыяльная місія Дзіцячага прававога сайта як інавацыйнага праекта заключаецца ў павышэнні якасці прававой адукацыі і выхавання дзяцей і моладзі з дапамогай сучасных тэхналогій. Інфармацыйная, гульнявая, конкурсная часткі гэтага інтэрнэт-рэсурсу арыентуюць карыстальнікаў у свеце права, дапамагаюць зрабіць гэты свет зразумелым, даступным, цікавым і неабходным у жыцці кожнага маленькага грамадзяніна нашай краіны.

МАРШРУТ ФІНАНСАВАЙ ГРАМАТНАСЦІ

У галоўным упраўленні Нацыянальнага банка па Брэсцкай вобласці арганізаваны “Маршрут фінансавай граматнасці” для брэсцкіх школьнікаў. Ён уключае ў сябе экскурсію па будынку галоўнага ўпраўлення Нацбанка, наведванне музея, лекцыю і камп’ютарную гульню “Фінансавы футбол”. Падчас такіх заняткаў старшакласнікам расказваюць аб гісторыі банкаўскай справы, знаёмяць з асноўнымі банкаўскімі тэрмінамі і паслугамі і, што немалаважна, вучаць правільна фарміраваць сямейны бюджэт.
– Аб такім мы маглі толькі марыць, – падзялілася ўражаннямі Святлана Календа, маці дзесяцікласніцы. – Я эканоміцы вучылася ва ўніверсітэце, а прафесію асвойвала самастойна на практыцы. Цудоўна, што нашым дзецям будзе лягчэй арыентавацца ў сучасным, такім дынамічным і шматгранным, жыцці!
Да пачатку летніх канікул работнікі банка правялі ўжо 10 заняткаў. У сёлетнім навучальным годзе вырашана наладзіць работу больш сістэмна і арганізавана. Па ўзгадненні з упраўленнем адукацыі аблвыканкама і брэсцкімі школамі распрацаваны графік наведванняў банка – адна група на тыдзень.
Неардынарным праектам банкіры збіраюцца зацікавіць як мага больш вучняў. Як расказаў начальнік эканамічнага ўпраўлення Сяргей Міранчук, ініцыятыву галоўнага ўпраўлення падтрымалі ўжо абласныя філіялы “Беларусбанка”, “Белаграпрамбанка”, “Белінвестбанка” і “Белгазпрамбанка”. Яны нават прыўносяць свае “фішкі” ў праект: напрыклад, арганізуюць супрацоўніцтва з дзіцячымі садкамі.
А яшчэ ў новым навучальным годзе галоўнае ўпраўленне Нацбанка зверне ўвагу на навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Гэта аўдыторыя стане прыярытэтнай, таму што ад агульнага ўзроўню фінансавай граматнасці будучых прадстаўнікоў рабочых прафесій значна залежаць паказчыкі фінансавых паслуг банкаў.
У аснове фінансавага “лікбезу” знаходзіцца грашова-крэдытная палітыка, асноўнымі аспектамі рэалізацыі якой з’яўляюцца павышэнне фінансавай граматнасці і развіццё безнаяўных разлікаў.
Сёння цяжка ўявіць жыццё чалавека, які не разбіраецца ў крэдытах, укладах, працэнтных стаўках, не ведае, што такое інтэрнэт-банкінг. Для таго, каб пазбегнуць многіх праблем і не разгубіцца ў адказны момант, моладзь павінна прыходзіць у дарослае жыццё падрыхтаванай.

ВІРТУАЛЬНАЯ ШКОЛА

З 1 верасня 2013 года 11 агульнаадукацыйных школ беларускай сталіцы паспрабуюць на сабе новы праект “Электронная школа”. Справа ў тым, што ў сусветнай павуціне створана “прастора”, дзе ў віртуальны фармат пераведзены шэраг школьных дакументаў, падручнікаў. Акрамя таго, ёсць магчымасць віртуальных зносін паміж вучнямі, настаўнікамі і бацькамі. Калі гаварыць прасцей, дык школьны журнал і дзённік цяпер заменяць іх віртуальныя аналагі.
Вядома ж, калі эксперымент прызнаюць паспяховым, тады ноу-хау не абмяжуецца сталіцай і прыйдзе ў рэгіёны. А як яго сустрэнуць тут?
– Здаецца, такое новаўвядзенне яшчэ не дачакалася свайго часу, – разважае Галіна Гумінчук, маці пяцікласніка і дзевяцікласніка з Баранавіч. – Не ўсе бацькі маюць магчымасць сачыць за вучэбнымі поспехамі дзяцей праз інтэрнэт. Я выхоўваю іх сама і, зразумела, эканомлю. Камп’ютар у нас старэнькі і вельмі доўга “думае”, а што тычыцца інтэрнэту, дык ён лімітаваны і выкарыстоўваецца толькі па вострай неабходнасці. Ведаю, што ў аднакласнікаў маіх сыноў некаторыя бацькі ўвогуле не валодаюць камп’ютарам.
У кожным пытанні будуць тыя, хто “за” і хто “супраць”. Дзеці і маладыя настаўнікі, напрыклад, бачаць у праекце “плюсы”.
– Вучні часта забываюць дзённік, і не ўсе адзнакі трапляюць у дакумент, – расказвае Ірына Угляніца, якая працуе настаўніцай матэматыкі ў Пінску. – А так адзнака ў любым выпадку трапіць у віртуальны дзённік і стане вядомая бацькам. Што да журнала, дык дзецям падабаецца, што ён будзе у агульным доступе і яны ў любы момант змогуць узгадаць свае адзнакі па тым ці іншым прадмеце, а вось падправіць “адзінкі” і “двойкі” ў іх не атрымаецца.
Дарэчы, падобны эксперымент праходзіў у расійскіх школах, але не меў поспеху. У Беларусі ён значна дапрацаваны. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.
Заўсёды нялёгка прыходзілася тым, каму выпадала жыць у час перамен, асабліва калі перамены закранаюць дзяцей. Столькі новага ўвялі, уводзяць ці толькі збіраюцца ўвесці ў нашых школах, што сучасным дзецям не пазайздросціш. Бясспрэчна, большасць з новых ведаў неабходныя, аднак, дапамагаючы стаць падрастаючаму пакаленню супердарослымі, не варта забіраць у іх дзяцінства.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля