Не даць у крыўду братоў меншых
Абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклапочаны тым, каб не дапусціць скарачэння пагалоўя дзікіх жывёл у зімовы перыяд
Зіма паступова ўвайшла ў сілу. Тоўсты слой снегу ўкрыў зямлю на ўзлесках і лясных палянах. Многа яго і ў самім гушчары. Зніклі ў сумётах галінкі вечназялёнага чарнічніку, схаваліся пад снежнай коўдрай нізкарослыя кусты вербалозу ў лагчынах, глыбока пад снегам ляжаць жалуды, якіх сёлета было, як ніколі (дасведчаныя людзі кажуць, што гэта да марознай зімы). А як адчуваюць сябе ў такі час дзікія жывёлы? Пра гэта і пра многія іншыя праблемы, звязаныя з жыццём лесу ў зімовы перыяд, мы гаварылі з Уладзімірам Равякам, начальнікам аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, расліннага і жывёльнага свету, акурат падчас першых снежаньскіх снегападаў.
Па перакананні Уладзіміра Вячаслававіча, падкормліваць дзікіх жывёл зімой неабходна абавязкова. Без чалавечай падтрымкі многія лясныя насельнікі проста не дачакаюцца першага вясновага цяпла. Так, снег глыбінёй у 30 сантыметраў стварае крытычныя ўмовы для выжывання маладога дзіка. А калі запар ідуць дзве-тры суровыя зімы – пагалоўе можа знікнуць поўнасцю. Не лепш сябе адчуваюць і маладыя казулі. Жывёліны не маюць сіл разгрэбці глыбокі снег да зямлі і вымушаны спаць на снезе, таму і гінуць ад драпежнікаў. Чакае дапамогі і лось. Здавалася б, ежа для яго ёсць на кожным кроку – кара, маладыя галінкі кустоў і дрэў. Але ж гэтаму велікану патрэбна ў суткі 20 і больш кілаграмаў корму. Падлічана, што на тысячы гектараў лясных угоддзяў сярэдняй якасці можа жыць не больш чым 4-6 жывёлін. Пры гэтым трэба ведаць: калі той жа асіне больш за сем гадоў, лось проста не зможа спажываць яе галіны і кару.
Як зазначыў Уладзімір Равяка, у вобласці – 36 юрыдычных асоб, якім ва ўстаноўленым законам парадку перададзена права карыстацца паляўнічымі ўгоддзямі. Усюды, без выключэння, наладжана падкормка дзікіх жывёл – ласёў, аленяў, дзікоў… У сярэднім, адна пляцоўка разлічана на групу капытных у 5-10 галоў. Месцы гэтыя абазначаны на картах-схемах, складзены графікі з указаннем перыядычнасці і нормаў падкормкі. Паклапаціліся ў гаспадарках і пра тое, каб абазначыць “сцежкі” ў зімовую “сталовую” (расцярушанае сена на снезе – прына-
джваць зайцаў і аленяў, рассыпаныя жалуды і зерне – для дзікоў…).
Падрыхтоўка пляцовак для падкормкі і іншых гаспадарчых пабудоў у лясгасах вобласці вялася ў асноўным летам і восенню. Гэта важна, бо звяры павінны прывыкнуць да новага “аб’екта”, што нечакана з’явіўся на іх тэрыторыі (паляўнічай вышкі, кармасховішча, самой пляцоўкі). Дарэчы, не менш важна правільна выбраць месца для “зімовай сталоўкі” – напрыклад, дзікі любяць ускрайкі лесу ці паляны, вакол якіх расце густы сасоннік. Неабходна, каб кармы выкладваліся сістэматычна. Пры такой умове жывёлы нават пад пагрозай смяротнай небяспекі трымаюцца “сваіх” месцаў.
Як аказалася, дзікія жывёлы –
ну, акрамя, мо, дзікоў, – вялікія “гурманы”. Асабліва вылучаюцца ў гэтых адносінах алені. Яны любяць перабіраць корм. Не пераносяць няякаснага сена, венікаў, нарыхтаваных пад восень. Давай ім ранні ўкос лугавых траў – канюшыну, люцэрну, цімафееўку… Лясным жывёлам падабаецца, калі сена папырскаць лёгкім саляным растворам. Дарэчы, соль, саланцы (саляныя камяні) жывёле – асабліва ласям, аленям, зайцам – вельмі неабходныя, бо раслінныя кармы бедныя солямі натрыю і кальцыю. У лясных гаспадарках Брэстчыны звычайна соль кладуць у лункі, якія выразаюцца на спілаваных на вышыні 1,5 метра ад зямлі сухадрэвінах. Соль сцякае зверху ўніз па шчылінах-проразях.
Самае багатае “меню” ў дзікоў: агародніна, караняплоды, жалуды, дробная бульба, авёс, кукуруза…
Уладзімір Вячаслававіч назваў гаспадаркі, якія найлепш падрыхтаваліся да такой патрэбнай справы, як падкормка дзікіх жывёл у зімовы час. Гэта Баранавіцкі, Брэсцкі, Ганцавіцкі, Івацэвіцкі, Пінскі, Пружанскі, Целяханскі лясгасы. Ёсць нагода сказаць добрае слова і пра прыватныя гаспадаркі, такія, напрыклад, як СААТ “Варыянт”, што ў Бярозаўскім раёне, Даманаўская – у Івацэвіцкім раёне і Брэсцкая ваенна-паляўнічыя гаспадаркі…
Абласным камітэтам прыродных рэсурсаў у адпаведнасці з Указам аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці праводзяцца планавыя праверкі. Сёлета, напрыклад, рэвізавалася дзейнасць Баранавіцкай, Лунінецкай, Пінскай, Палескай і Столінскай леса-паляўнічых гаспадарак. Рэгулярна робяцца рэйды, на якіх (асабліва ў зімовы час) вялікая ўвага надаецца ўтрыманню пляцовак для падкормкі дзікіх жывёл. У гэтых рэйдах – каб скараціць колькасць праверак і зрабіць больш кампетэнтнымі заключэнні па іх выніках – прымаюць удзел прадстаўнікі сілавых структур, работнікі лясной аховы, арандатары… Так, за 11 месяцаў гэтага года было праведзена 219 рэйдаў сумесна з дзяржінспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету, 281 рэйд – з работнікамі лясной аховы, 171 – з работнікамі МУС… А ўсяго іх было 961.
– На жаль, – заклапочана зазначыў мой суразмоўца, – браканьеры ўсё яшчэ не могуць супакоіцца. Цікуюць за зверам ля падкормачных пляцовак, высочваюць яго па слядах. Літасці да такіх людзей не павінна быць. Добра, што законы сталі больш жорсткімі. Тым, хто яшчэ спадзяецца “ўварваць” тое, што яму не належыць, папярэдне трэба ўважліва ўчытацца ў артыкул 15.37 (гл.15) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзе фігуруюць сумы штрафаў ад 10 да 1000 базавых велічынь, прадугледжана канфіскацыя транспартных сродкаў і ружжаў. Не пашкодзіць напомніць таксама, што ўрон, які ацэньваецца ў 40 і больш базавых велічынь (а гэта незаконны адстрэл аднаго дзіка ці казулі), вядзе да крымінальнай адказнасці. У такіх выпадках выклікаецца аператыўна-следчая група раёна, у якім адбылося парушэнне, складаецца акт…
У канцы гутаркі ў мяне ўзнікла перакананне, што жывёльны свет нашых лясоў знаходзіцца пад аховай людзей неабыякавых, якія па-дзяржаўнаму адносяцца да прыроды. І да Радзімы ў цэлым, бо, згадзіцеся, прырода ёсць яе неад’емная частка, і, як сказаў рускі класік, абараняць прыроду – значыць, абараняць Радзіму…
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.