Не крыўдзіць старасць
5 лютага прайшло пасяджэнне калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама
Прэстыж той ці іншай краіны ў свеце залежыць ад таго, як жывуць у ёй людзі працы, а таксама тыя, хто па прычыне ўзросту ці хваробы не можа ствараць матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці. Асноўнай крыніцай даходаў для большасці з нас быў і застаецца заробак. Як паведаміў у справаздачным дакладзе старшыня камітэта Міхаіл Аксяневіч, прагнозны паказчык па яго росце выкананы. І хоць велічыня заробку адстае ад другіх рэгіёнаў, але тэмпы росту па-ранейшаму застаюцца аднымі з самых высокіх у краіне – 17,2 працэнта.
На працягу года на Брэстчыне праведзена вялікая работа ў галіне аховы працы. Радуе, што колькасць выпадкаў вытворчага траўматызму са смяротным зыходам у вобласці зніжана з 25 да 22 выпадкаў, а ў 9 раёнах паказчык наогул нулявы.
Адным з найважнейшых напрамкаў работы камітэта была і застаецца арганізацыя працы па сацыяльным абслугоўванні і падтрымцы насельніцтва. У 12 раёнах з’явіліся “прыёмныя сем’і” для адзінокіх пажылых людзей; ёсць 3 “гасцявыя сям’і”; у 5 раёнах арганізавана праца “дамоў зімоўкі”. У цэлым удалося захаваць колькасць грамадзян, што абслугоўваюць сацыяльныя работнікі (10161 чалавек). З 10 да 2 працэнтаў скарацілася колькасць пажылых лю-
дзей, якія атрымліваюць пенсіі, ніжэйшыя за бюджэт пражытачнага мінімуму.
Выклікала дыскусію пытанне аб выплаце дапамогі па доглядзе асоб, якія дасягнулі ўзросту больш як 80 гадоў, і інвалідам I групы (на гэта з бюджэту выдаткоўваецца штомесячна 10 мільярдаў рублёў – значна больш, чым на ўтрыманне дамоў-інтэрнатаў). На думку Міхаіла Аксяневіча, пры яе назначэнні неабходна ўлічваць стыль жыцця асобы, якая жадае быць апекуном, яе схільнасць да правапарушэнняў. Вынікі дыскусіі падвяла Наталля Мурашкевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. “Нярэдка выходзіць так, – заўважыла яна,– што дапамога па доглядзе – гэта не што іншае, як змова таго, хто як бы даглядае, і таго, каго “даглядаюць”. Нельга дапусціць, каб сусед-алкаголік з маўклівай згоды інваліда ці пажылога чалавека прысвойваў дзяржаўныя грошы”. Дарэчы, заканадаўчы акт, які павінен вырашыць гэтую праблему, ужо знаходзіцца на разглядзе ў Савеце Міністраў.
На пасяджэнні калегіі разглядаліся і іншыя пытанні, што маюць непасрэднае дачыненне да работы камітэта.
Напрыканцы форуму былі падведзены вынікі конкурсу-агляду на лепшую пастаноўку работы ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вобласці. Першае месца прысуджана Гарадзішчанскаму (Баранавіцкі раён), другое – Жабчыцкаму (Пінскі) і трэцяе – Дамачаўскаму (Брэсцкі) дамам-інтэрнатам.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.