Няма прыбора ўліку вады – тарыф будзе іншы
У рэдакцыю прыйшоў ліст ад 70-гадовай жыхаркі горада Высокае Камянецкага раёна Вольгі Ваўранюк.
З-за таго, што ў жанчыны не стаіць прыбор уліку вады, ёй прызначылі іншы тарыф на аплату, налічылі аплату за паліў агарода летам. Як сцвярджае Вольга Пятроўна, яна вусна звярталася ў камунальную службу горада, прасіла паставіць вадамер з растэрміноўкай аплаты – не паставілі. Разбіралася ў сітуацыі абласное прадпрыемства “Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі”. Мы атрымалі ліст за подпісам генеральнага дырэктара Сяргея ЛАБАНАВА. Як сведчыць з адказу, з-за адсутнасці вадамера плата за спажыванне вады, у тым ліку і паліў прысядзібнага ўчастка, Вользе Пятроўне Ваўранюк налічвалася па нарматывах, якія ўстаноўлены рашэннем аблвыканкама ад 6 ліпеня 2004 года №442 і па тарыфе, які забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на халоднае водазабеспячэнне. “…Запазычанасць Ваўранюк В.П. за камунальныя паслугі складае 107340 рублёў. Дзеянні КУШВП ЖКГ “Камянецкая ЖКГ” па спагнанні платы за паліў агарода за перыяд з 15 мая па 31 ліпеня правамерныя. Адмяніць налічэнне можа рашэнне Камянецкага райвыканкама аб адмене збірання платы за паліў прысядзібнага ўчастка ў сувязі з умовамі надвор’я. Пасля пагашэння заяўніцай доўгу пры ўстаноўцы вадамера ёй можа быць дадзена растэрміноўка плацяжу на два месяцы”. На жаль, у афіцыйным адказе нічога не сказана, чаму камунальнікі не адрэагавалі на вусную просьбу пенсіянеркі аб растэрміноўцы платы за вадамер, якую яна выказвала раней. Няма пацвярджэння, што такі зварот увогуле быў. Варта запомніць гэтую акалічнасць і, калі ўзнікае неабходнасць, усё ж лепей звяртацца ў інстанцыі пісьмова. Зарэгістраванымі дакументамі лягчэй аперыраваць, калі спрабуеш адстаяць спажывецкія правы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.