Раіса Андрэеўна Баравікова аб сваёй творчасці
– Раіса Андрэеўна, раскажыце, калі ласка, пра свае берасцейскія карані.
– Нарадзілася я ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна. Добра памятаю сваё ранняе дзяцінства ў Пешках. Гэта мясцінка, спрэс пакрытая балотамі і лясамі. З Пешак мая мама, яна з роду Шыманскіх. Дзеда майго па лініі мамы звалі Ладымер Дзям’янавіч Шыманскі, бабулю – Галена Фёдараўна Шыманская. Дзявочае прозвішча маёй бабулі Даніловіч. Бацька родам з Бялыніцкага раёна, што на Магілёўшчыне. У час вайны бацька быў партызанам у 345-м атрадзе, якім камандаваў Сямён Адамавіч Яроцкі. Атрад базіраваўся ў Бярэзінскіх лясах. І вось адтуль, з усходняй часткі Беларусі, у партызан быў рэйд сюды, на Бярозаўшчыну і Івацэвіччыну. Пасля вайны бацька застаўся на Берасцейшчыне. У 1945 годзе сустрэўся з маёй будучай мамай, закахаўся ў яе. Мой дзед, мамін бацька, быў катэгарычна супраць іх спатканняў – ён недаверліва ставіўся да “ўсходнікаў”. Але так здарылася, што дзеда прызвалі на вайну, працяг якой меркаваўся на японскім фронце, і мама з бацькам не перапынілі свах спатканняў. Дзед, праўда, хутка вярнуўся, але перашкодзіць стасункам маладых не змог. Так яны і пажаніліся ў 1946 годзе. Праўда, мама цвёрда запатрабавала ад бацькі павянчацца ў царкве. Бацька пагадзіўся, і вянчанне адбылося ў Чарнякоўскім праваслаўным храме. У 1947 годзе нарадзілася я. Потым бацьку далі ў Бярозе кватэру, і мы пераехалі ў горад. Тут я закончыла школу, а лета праводзіла ў бабулі ў Пешках.
– Калі Вы адчулі неабходнасць мастацкай творчасці? Як у Вас з’явіўся першы верш?
– Мастацкая творчасць – гэта найперш душа, чалавечы дух, штосьці вельмі таемнае, няўлоўнае. Але ёсць яшчэ такое паняцце, як уяўленне. Творца павінен мець багатае ўяўленне. Што садзейнічала яго фармі-раванню ў мяне? Гэта, безумоўна, тыя гісторыі, якія расказвалі мае бабуля і мама. Гэта розныя прымхі, паданні, чарадзейныя казкі… Усё астатняе я дамалёўвала сама. Калі ў пяцігадовым узросце я прыязджала да бабулі ў вёску, часта сядала ля акна і разглядвала на шыбах марозныя ўзоры, прыдумляла нейкія казкі, з нечым іх параўноўвала.
– Можна сказаць, што паэзія да Вас прыйшла яшчэ ў дзіцячыя гады, калі Вы, зыходзячы з рэальнага свету, стваралі свет уласных уяўленняў.
– Так, а потым, я Вам скажу, наш край. Ён незвычайны, выключна своеасаблівы. Магчыма, дзякуючы гэтым лясам, балотам, людзі жылі ў нейкім сваім вымярэнні, сваёй цывілізацыяй, якая мела вельмі высокі культурны пласт, абвостранае адчуванне прыгожага. Вось, скажам, мая мама. Яна вучылася ў польскай школе. Добра малявала. Напэўна, у яе скрыні да гэтага часу ляжыць малюнак тыгра, выкананы яшчэ ў школьныя гады. Яна рабіла розныя накаткі, незвычайную аплікацыю з кардону і прыгожай тканіны. Мама рабіла сама накат на сцены, тоненькім пэндзлікам размалёўвала кветкі, шнурам адбівала ромбы. Паглядзіце, колькі на Палессі самых розных вышывак, ткацкіх рэчаў! А якія тут палавікі, якое аздабленне! Людзі валодаюць тонкім прыроджаным густам і вельмі высокай культурай. А якая культура ўзаемаадносін: з незвычайным далікацтвам – душы, натуры, з вельмі тонкім адчуваннем іншага чалавека. Усё гэта, я думаю, таксама спрыяла, ды і цяпер спрыяе развіццю творчай натуры.
– Кожны чалавек – у душы творца. Толькі ў аднаго талент раскрываецца, а ў другога – не…
– У мяне гэта неяк выключна адбылося. Быў своеасаблівы прыліў, штуршок чалавечых эмоцый. Гэта здарылася вельмі рана – яшчэ ў шостым класе. Памятаю, як тады ўсю краіну ўскалыхнулі падзеі, звязаныя з баржай, якая згубілася недзе ў акіяне. Лёс экіпажа, маладых матросаў: Зіганчына, Паплаўскага і іншых непакоіў усіх жыхароў Саюза… Пра іх многа гаварылі па радыё, пісалі ў газетах. Гэта быў, па-мойму, сакавік, калі на вуліцы было яшчэ холадна. І неяк адразу ў мяне напісаўся верш: пра акіян, пра чалавечае выжыванне, пра барацьбу са смерцю. Мне хацелася, каб тыя матросы выжылі, каб іх адшукалі. Менавіта барацьба за жыццё маладых маракоў стала асноўнай тэмай майго першага верша. Яго я паказала сваёй настаўніцы Ганне Канстанцінаўне Жэшка. Яна выкладала ў нас беларускую мову і літаратуру, вяла літаратурны гурток. Дарэчы, Ганна Канстанцінаўна вучылася ў педвучылішчы разам з Еўдакіяй Лось. Вельмі любіла беларускую паэзію. Яна сама і аднесла мой верш у рэдакцыю раённай газеты “Маяк камунізма”. Яго адразу надрукавалі. І падпісалі: вучаніца 6 “А” класа. Гэты факт мяне вельмі акрыліў: я яшчэ з большым жаданнем наведвала школьны гурток, пісала вершы.
А потым, ужо недзе ў 9 класе, я ўбачыла ў раённай газеце літаратурныя старонкі. Іх вёў намеснік галоўнага рэдактара Яўгеній Васільевіч Сяленя. Ён жа кіраваў і літаратурным гуртком пры газеце. Гурток наведвалі Толя Казловіч з Горска – сёння вядомы журналіст і публіцыст, Алесь Разанаў – знакаміты цяпер паэт, які прыязджаў з Сяльца і вельмі часта друкаваўся. Крыху пазней на старонках “Маяка камунізма” пачала друкавацца Ніна Мацяш. У гуртку фарміраваліся і развіваліся нашы літаратурныя здольнасці, выбіраўся жыццёвы шлях.
– Вы пачыналі з вершаў. Сёння ў Вас нараджаецца многа празаічных твораў. З чым гэта звязана? Праява творчай сталасці, мудрасці ці жаданне паглядзець на жыццё “эпічнымі” вачамі?
– Хто яго ведае? Гэта даволі складанае пытанне. Напэўна, так і павінна быць, таму што кожны творца знаходзіцца ў сваёй плыні. З аднаго боку, мы можам быць вельмі падобныя, скажам, з Нінай Мацяш, асобнымі вершамі, напісанымі на адну тэму, напрыклад, тэму кахання. У мяне, у прынцыпе, уся паэзія замешана на пачуццях кахання. І раптам наступае такі момант, калі табе здаецца, што пра паэзію ты ўжо ведаеш усё. У мяне такое адчуванне наступіла недзе ў сярэдзіне, а, можа, напрыканцы 90-х гг. Я працавала тады ў часопісе “Алеся”. Мы рыхтавалі красавіцкі нумар, выхад якога якраз супадаў з Вялікодным святам. На другую вокладку мы давалі ілюстрацыю з выявай хрысціянскага храма. Галоўным рэдактарам “Алесі” на той час была Марыя Восіпаўна Карпенка. Яна кажа: “Добра было б змясціць побач з выявай царквы духоўны верш”. Адным словам, мне давялося пісаць гэты верш. І тады я ўпершыню была вельмі ўражана тым, што, аказваецца, я па “заяўцы” магу лёгка, як кажуць, “за адзін прысест” напісаць мастацкі твор. У цэлым атрымаўся харошы, нармальны верш. Раней я працавала, калі прыходзіла натхненне – той няўлоўны момант, калі табе здаецца, што ты ўжо не на зямлі, калі ты ўжо не чалавек, калі цябе нешта падхоплівае, і круціць-віруе ў іншым свеце, чароўным, рамантычна-казачным. Гэта вельмі цікавае пачуццё!.. А тут я села і без ніякага натхнення напісала верш – значыць, я авалодала пэўнай тэхнікай вершаскладання, калі асаблівага пачуццёвага “ўзвышэння” не патрабуецца. Я, па вялікаму рахунку, ведала, што верш той атрымаўся мёртвы, што ў ім не было таго нябачнага слоя, той энергетыкі, якая ажыўляе мастацкі твор, трымае яго. Многія паэты гэтага не разумеюць. Так, яны працуюць, пішуць, але праходзіць пэўны час, і іх паэзія губляецца ў скляпеннях гісторыі, яна становіцца нікому не цікавай і не патрэбнай. Застаецца тая творчая спадчына, дзе ёсць энергетыка, якая сцягвае, трымае твор.
І вось як толькі я адчула, што сярод мітусні, паралельна з працай на кухні, гаворкай з дзецьмі можна сесці і лёгка напісаць верш, я… Я стала баяцца пісаць вершы. Я стала баяцца раптам спакусіцца на такую магчымасць напісання, таму што натхненне – гэта пакута. Яго чакаеш, як Боскага благаславення, як дарунка лёсу… Імкнешся штучна абудзіць яго, выклікаць. Часам робіцца страшна: а раптам яно ніколі больш не прыйдзе і ты больш ні радка не напішаш?..
Затое, калі яно прыходзіць, то можна запар і пяць, і шэсць вершаў на адным дыханні напісаць… Гэта стан, калі па целе дрыжыкі бягуць. Гэта своеасаблівы дух, які ўсяляецца ў тваё цела. Мая магілёўская бабуля (бацькава маці), калі што-небудзь расказвала, да прыкладу, пра суседзяў ці сваякоў, калі раптам з імі нешта здаралася ці хтосьці з іх паміраў, то яна гаварыла: “І не тхнуў больш” – не выдыхнуў, значыць, не ўдыхнуў. Гэтае “тхнуў” вельмі сугучна натхненню. Натхніць, тхнуць… – значыць, нечым напоўніць. Чым можна напоўніць? Ну, вось гэтай самай энергіяй. Натхненне – гэта і ёсць напаўненне нейкай энергіяй. Я схільна думаць, што гэта касмічная энергія. Пра космас чалавецтва вельмі мала ведае. Там неверагодная колькасць чорных дзірак, самых розных энергій. Адзін з відаў гэтых энергій і ёсць тое, што тут, на Зямлі, завецца натхненнем.
Ёсць людзі, схільныя ўлоўліваць гэтую энергію, другім людзям уласціва ўспрымаць іншую. Да першых адносяцца не толькі паэты – гэта і мастакі, і кампазітары… Я Вам раскажу пра такі момант. У леташні Дзень пісьменства ў Смаргоні наш пасол у Літве Уладзімір Несцеравіч Дражын прывёз у Залессе госця, прапрапраўнука Агінскага Іву Залускага. Ён жыве ў Лондане. І таксама кампазітар і музыкант. На заключным канцэрце ў Смаргонскім Палацы культуры ён выканаў некалькі мала вядомых паланэзаў свайго знакамітага родзіча. Публіка з цікавасцю слухала творы Агінскага, але калі раптам загучаў паланэз “Развітанне з радзімай”, у мяне дрыжыкі па скуры пайшлі. Уся зала ўстала і, стоячы, праслухала славуты твор нашага земляка.
– Вы вельмі тонка адчуваеце спецыфіку мастацкай творчасці, прафесійна разважаеце пра яе адметнасці. Да Вас, як да галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”, напэўна ж, звяртаецца многа пачынаючых пісьменнікаў. Раіса Андрэеўна, якія тэмы цікавяць сучасных маладых паэтаў? Чым іх паэзія адрозніваецца ад паэзіі старэйшых мастакоў слова?
– Большасць пачаткоўцаў шукае сябе найперш у форме. Чаму? Таму што мы цяпер перажываем вельмі неспрыяльны для літаратуры час. Сённяшняе жыццё пайшло па вельмі лёгкім, фармальным шляху. Акцэнт робіцца на знешні бок. Звярніце ўвагу на нашу масавую культуру. Што ў ёй дамінуе? Форма – тое, што лягчэй даецца для ўспрымання.
Я люблю нашу моладзь. Яна іншая, чым некалі былі мы. У іх, дзякуючы інтэрнэту, вялікія магчымасці для атрымання самай рознай інфармацыі, для кантактаў з іншымі людзьмі. Ім адразу хочацца ўсяго, у тым ліку і вядомасці. Маладыя пісьменнікі арыентуюцца, найперш, на сусветную літаратуру. Яны спрабуюць знайсці сябе ў форме, разнастаіць яе цераз адметную рыфмоўку, незвычайную рытміку, аглушальную, часам нават ашаламляльную, метафару… Адным словам, яны працуюць па-свойму – цікава і арыгінальна. Але гэта не азначае, што яны ў гэтай творчай манеры будуць працаваць да канца жыцця, ісці толькі гэтай сцяжынай. У іх яшчэ дзясяткі разоў усё памяняецца. Зараз яны толькі намацваюць свае шляхі ў паэзіі.
– Паглядзіце, як цікава адбылося з Вашым земляком Алесем Разанавым. Першыя яго вершы былі традыцыйныя па форме, а потым ён прыйшоў да пошуку ўласных паэтычных форм, ён нават стварыў новыя. Мне здаецца, што ў традыцыйных формах яму стала цесна, што змястоўная дамінанта яго паэзіі вымагала і іншага фармальнага абрамлення.
– У яго вельмі магутны талент. І яму сапраўды цесна ў традыцыі. Кожнаму творцу страшна перакрэсліць раней напісанае і пачаць з чыстага ліста. Так і ў Алеся, напэўна, адбылося, хоць ён і напісаў у адным з вершаў, што мае права ўсё закрэсліць, а потым нанава пачаць. Алесь і адрынуў раней напісанае і ўжо з кнігі “Шлях – 360” стаў зусім іншым творцам – з гэтага зборніка пачаўся новы Разанаў.
– Часопіс “Маладосць” ужо на працягу некалькіх гадоў прысвячае адзінаццаты нумар літаратуры Берасцейшчыны. Як нарадзілася такая задума?
– На сённяшні дзень літаратура Берасцейшчыны вельмі моцная. Прычым, я разумею, чаму і як гэта адбылося. Шмат кантактаў з пісьменнікамі Польшчы – яны прыносяць новыя, свежыя павевы і ў берасцейскую літаратуру. З’явілася многа цікавых творцаў, якія няспынна прысылаюць нам свае творы. Мы заўважылі, што слоўнае мастацтва гэтага краю ўяўляе сабой своеасаблівае крыло нацыянальнай літаратуры, якое ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі больш магутнае і патрабуе асаблівай увагі і падтрымкі. Калісьці як адбывалася? Усіх захапляла, скажам, Гомельшчына. Усе казалі, якая моцная яе літаратура! Іван Мележ, Іван Шамякін… Потым, паглядзіце, якой магутнай была Віцебшчына! Васіль Быкаў, Анатоль Вярцінскі, Еўдакія Лось, Уладзімір Караткевіч, Янка Сіпакоў, Рыгор Барадулін… – цэлая плеяда творцаў, якое магутнае крыло, якая яркая гронка!
А цяпер – Берасцейшчына. Прычым, у розных жанрах… Вядома, шмат страчана з адыходам Ніны Мацяш. Яна ўжо сама была, як галактыка. У Бярозаўскім раёне да яе ўсе цягнуліся, да яе ўсе шляхі сыходзіліся… Але паглядзіце, як разгарнуліся ў творчасці Зіна Дудзюк, Валерый Гапееў, Алесь Паплаўскі. А колькі маладых таленавітых хлопцаў ідзе ў літаратуру! Зараз мы друкуем фантастычнае апавяданне маладзенькага хлапца з Берасцейшчыны. Ён назваўся Белаярам – “Я хачу пад псеўданімам”. Саромеецца яшчэ пад сваім уласным прозвішчам друкавацца…
Раіса Андрэеўна вытрымала доўгую паўзу, а потым задуменна прадоўжыла:
– Гэта было даўно, у 60-ыя гады мінулага стагоддзя, амаль 50 гадоў таму. Я, помню, чытала кніжку французскага пісьменніка пра скульптара Радэна, стваральніка знакамітай на ўвесь свет скульптуры Мысляра… Я адкрыла для сябе Радэна менавіта праз гэты літаратурны твор… Цяпер пісьменнік з Іванаўшчыны Анатоль Крэйдзіч увасабляе ў літаратуры вобраз маладога мастака-жывапісца Янкі Рамановіча, які жыве ў Моталі. У берасцейскі нумар Анатоль даў нам урывак з аповесці. Якая магутная аповесць, наколькі цікава напісана! Янка Рамановіч паўстае ў ёй як сапраўдны творца. Літаратурны твор выклікае вялікае жаданне паглядзець на творы жывапісныя, намаляваныя героем аповесці. А за яго ж палотнамі стаіць увесь Моталь, увесь мотальскі край.
А колькі твораў мы не можам змясціць на старонках часопіса па прычыне абмежаванасці яго фармату!..
– Гэта добра, што паяўляецца столькі матэрыялу. Вы прыехалі ў Берасце з нагоды прэзентацыі кніжкі Ніны Мацяш “У прыгаршчах ветру”. Пасля таго, як Ніна Іосіпаўна пакінула гэты свет, адчуваецца нейкае незразумелае зацішша. Такое адбывалася, калі памёр Калеснік. Мне падаецца, што тады той сцяг, які нёс на Берасцейшчыне Уладзімір Андрэевіч, падхапіла якраз Ніна Мацяш. Дык як Вы думаеце, у чым усё-такі феномен Ніны Мацяш? Яна ж была не толькі моцным паэтам, перакладчыкам, але і сапраўднай грамадзянкай нашай краіны, якая з’ядноўвала вакол сябе творчую інтэлігенцыю.
– Гэта так. Па-першае, сам па сабе – талент. Ніна працавала вельмі шмат: уласная творчасць, столькі перакладаў – адна “Маруся Чурай” чаго вартая. А потым… Ніна была менавіта створаная суцэльным духам для гэтай зямлі. Я думаю, што яна нідзе ў іншым месцы не змагла б быць. Яна сваім духам абжыла і прыўзняла Берасцейшчыну. І да гэтага духу пацягнуліся людзі. Я помню, калі не стала Жэні Янішчыц, нехта з нашых паэтаў сказаў, што навошта ёй быў патрэбны гэты Мінск. У Мінску, па вялікаму рахунку, творцу няўтульна. А вось тут Ніна была, як светлы німб духу. Да яе ўсе ехалі, каб пачуць гэты момант азарэння, менавіта пачуць момант гэтай светласці. Ніна аб’ядноўвала ўсё, яна не ўшчувала людзей, яна старалася не прыкмячаць кепскага, яна імкнулася да той гармоніі, якая завецца любоўю.
– Раіса Андрэеўна, Вы чалавек грамадскі. Сёння наша грамадства адчувае вялікі дэфіцыт вуснага беларускага слова. У школах змяншаецца колькасць гадзін, адведзеных на беларускую мову і літаратуру. Што, на Вашу думку, сёння трэба рабіць, у тым ліку і мастакам слова, каб падняць аўтарытэт беларускай мовы?
– Мне думаецца, што гэты момант ужо пачаўся. З намі супрацоўнічае выкладчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры аднаго з мінскіх універсітэтаў Ігар Мікалаевіч Запрудскі. Ён яшчэ працуе ў юрыдычным каледжы. На лета ён даў падлеткам заданне паразважаць над сённяшнімі праблемамі беларускай мовы і літаратуры. У пачатку навучальнага года яны здалі выкладчыку свае матэрыялы, і ён на іх аснове рыхтуе артыкул для нашага часопіса “Пятнаццацігадовыя: што думаюць пра беларускую мову і літаратуру?” Калі ён мне патэлефанаваў і сказаў, што хутка прынясе гэты артыкул, я пацікавілася думкамі яго выхаванцаў. Ён кажа, што падлеткі гатовыя перайсці на беларускую мову. Для іх гэта не праблема, яны гатовыя шырока карыстацца роднай мовай.
Я думаю, што трэба займацца шырокай асветніцкай працай. Зразумела, што чалавеку сталага веку цяжка змяніць мову сваіх стасункаў – ён ужо прывык размаўляць па-руску. А вось дзецям лёгка гэта зрабіць. Таму мне думаецца, што на сённяшні дзень вельмі важна нам мець вартую дзіцячую літаратуру. Добрую, сучасную, займальную, прыгодніцкую. Мы ў літаратуры для дзяцей вельмі доўгі час ужывалі фальклор, прычым часта неабдумана. Мы пераносілі асобныя фальклорныя рэчы на сцэну.
Я помню сярэдзіну 80-х гадоў. У мяне была яшчэ малая дачка. І мы з ёю на навагодняй ёлцы глядзелі спектакль – нейкую фальклорную казку. Адзін з герояў спектакля быў затурканы мужык у латаных штанах. Яго ўсе білі, з яго здзекаваліся пан і чорт. Нават уласная жонка кідалася на яго з віламі… Потым, калі мы ехалі з дачкой дадому, я ў яе запыталася: “Леначка, як табе спектакль?” Яна так мялася, мялася, а потым сказала: “Мама, а баба Ніна таксама дзеда б’е?” Вы ўяўляеце? Вось так мы страчвалі пачуццё ўласнай годнасці. Сёння так нельга. Трэба паказваць іншых герояў: асілкаў, прыгажуноў… Я ніколі не бачыла на Берасцейшчыне нашых сялян з латкамі на адзенні. Не бачыла, каб нехта з кагосьці насміхаўся, здзекаваўся, кагосьці ганьбіў. Гэта мудрыя, разумныя, талковыя людзі. У кожным з іх жыве пэўны талент. А якія некалі на Палессі былі святы, як людзі апраналіся на іх! Гэта які густ, якое мастацтва! У мяне ёсць фотаздымкі дома маіх дзядулі і бабулі. На здымку інтэлігентныя людзі сядзяць, дзед пры гальштуку…
Мы часам самі прыніжаем саміх сябе. А потым здзіўляемся, дзе наша самасвядомасць, дзе наша чалавечая і нацыянальная годнасць? Трэба, найперш, вельмі моцна палюбіць сябе, свой народ. Менавіта таму я ў апошні час вельмі актыўна пачала пісаць для дзяцей. Часта сустракаюся з вучнямі ў школах. Прыходжу, скажам, у чацвёрты ці трэці клас і, перш чым пачаць расказваць пра свае творы, прапаную ім пагуляць у загадкі. “Скажыце мне, калі ласка, – пытаюся я ў дзяцей, – на якой мове размаўляюць французы?” Напачатку неяк нясмела яны адказваюць: “На французскай”. Я кажу: “Цудоўна! На якой мове гавораць палякі?” – “На польскай”. – “На якой мове італьянцы?” – “На італьянскай”. – “На якой мове рускія?” – “На рускай”. – “На якой мове немцы?” – “На нямецкай”. “На якой мове літоўцы?” – “На літоўскай”. – “На якой мове беларусы?” І яны мне ўжо дружна крычаць: “На беларускай”. Я кажу: “Ой, дзеткі, якія вы малайцы! Аказваецца, вы ўсе цудоўна размаўляеце па-беларуску”. І раптам дзеці чырванеюць. Яны бянтэжацца, бо толькі што ўбачылі, што логіка патрабуе: калі ўсе народы свету размаўляюць на сваіх мовах, то і беларусы павінны размаўляць на беларускай… Потым, калі сустрэча ўжо заканчваецца, некаторыя з вучняў падыходзяць да мяне і кажуць: “Цёця, мы вывучым сваю мову, мы таму і прыйшлі ў школу, каб вывучыць яе”.
– Вашы пажаданні сваім землякам, чытачам “Народнай трыбуны”.
– Я даволі даўно не была ў Брэсце такім харошым часам, калі сонца па-восеньску цёплае, калі ў прыродзе буяе прыгажосць, калі лісце яшчэ на дрэвах. Брэст – неверагодны горад. Зусім нядаўна я для аднаго газетнага выдання расказвала пра свае Пешкі, пра радзіму. Свой аповед я назвала “Залаты яблычак лёсу”. Я жадаю, каб кожны берасцеец ганарыўся сваім краем, каб ён лічыў гэты дарунак залатым яблычкам лёсу. Адным словам, няхай Берасцейшчына для кожнага з вас будзе як падарунак усяго жыцця і як той самы залаты яблычак, якога ў казках героі шукаюць, шукаюць, а знайсці не могуць. Берасцейцы ж, нарадзіўшыся тут, адразу знайшлі яго.
Уладзімір СЕНЬКАВЕЦ
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.