Мне пашчасціла, што я нарадзілася ў вёсцы Уласаўцы на Іванаўшчыне

Мне пашчасціла, што я нарадзілася ў вёсцы Уласаўцы на Іванаўшчыне

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Той, хто моцна ўлюбёны ў сваю маленькую радзіму, гатовы ахвяраваць ёй сэрца, душу і свае памкненні.
Напэўна, бясконца можна разважаць, што значыць для чалавека Радзіма. Гэтая тэма глыбінная і невычэрпная. Асабліва для таго, хто моцна ўлюбёны ў родныя краявіды; для таго, хто здольны адным дыханнем жыць з матухнай-прыродай і чуць, як у адзіным рытме тахкаюць два сэрцы, зліўшыся разам: сэрца чалавека і сэрца яго роднай зямлі.
Мне знаёмыя такія пачуцці. Напэўна, таму, што пашчасціла нарадзіцца ў райскім куточку, які ўспаіў сваім жыватворным нектарам маіх дзядоў і прадзедаў. Гэта – вёска Уласаўцы на Іванаўшчыне.
Зараз мне так не хапае лета, калі мая вёсачка асабліва прыгожая. Каб можна было ізноў рана-раненька расплюшчыць вочы і на пальчыках выйсці на ганак. Стаяць зачаравана і назіраць за тым, як пакрысе абуджаецца прырода. Шырока ўсміхнуцца нованароджанаму дню. Паглядзець у ласкава-цёплыя вочы сонцу, удыхнуць поўнай груддзю непаўторна салодкі водар наваколля і бегчы, бегчы ў нязведаную даль, амываючы босыя ногі слязінкамі ранішняй расы. Стаміўшыся, спыніцца тут, у казцы, якая называецца Барысаў лес. Павольна і ціха апусціцца на пахучы дыван з муравы і, не зважаючы на здзіўленыя твары дзядуляў-дубоў і на нараканні знаёмай цёткі-зязюлі, моцна заплюшчыўшы вочы і стоячы наўколенцах, як перад абразамі, напаіць сябе сцюдзёнаю крынічнаю вадою з уласных рук. Апырскнуць ёю твар і валасы, а потым міжволі ўздрыгнуць, патрывожанай гучным прывітаннем дзятла. Нячутна ўстаць і павольным крокам накіравацца па сцежцы, вытаптанай маімі нагамі. Сустрэцца і з нізкім паклонам падараваць усмешку баравіку-малайцу. З захапленнем узяць на дрыжачую ад хвалявання далонь сястрыцу-божую кароўку і, адчуўшы на шыі клапатлівы подых ранішняга ветрыку, глядзець, як смешна яна злятае на дол…
У такія хвіліны ў маіх зачараваных вачах пачынаюць іскрыцца слязінкі. Падчас гэткіх цудоўных момантаў хочацца пасябраваць з лясным рэхам і, крыкнуўшы на ўвесь голас, папрасіць яго расказаць кожнай травінцы, кожнай сасновай іголачцы, кожнаму мурашу аб тым, як моцна я іх усіх люблю…
Хутка праляціць няўрымслівы час, і я ўжо буду стаяць на парозе дарослага жыцця. Я мару атрымаць добрую адукацыю ў вялікім прыгожым горадзе. Але ведаю, нават калі паспее зарасці травою мая сцяжынка, калі гэтая святая зямля забудзе трапяткі дотык маіх босых ног, я зноў вярнуся ў абдымкі сваёй маленькай радзімы. Ёй я навек ахвярую сэрца, душу і свае памкненні.
Дар’я ГАРБАЦКАЯ,
гурток “Юны журналіст” ЦДТ Іванаўскага раёна

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Баранавіцкія вадзіцелі атрымалі міжнародныя ўзнагароды

Следующая запись

Раіса Андрэеўна Баравікова аб сваёй творчасці