Рыхтуемся да вясны
Вясна, як кажуць, ужо на парозе. Самы, бадай, адказны і напружаны перыяд для кожнага сапраўднага гаспадара. Ад таго, якім будзе першы крок у агародзе, садзе, на падворку пасля працяглай зімовай «спячкі», залежыць і лёс будучага ўраджаю, і, увогуле, дабрабыт гаспадаркі. А дамавічок Антось параіць, дапаможа, падкажа. Сёння ён выступае ў ролі…
…спажыўца
Выбіраем правільны тавар
Падроблены тавар можна «вылічыць» яшчэ ў магазіне. Для гэтага ўважліва вывучыце штрыхкод на ўпакоўцы. Праверыць сапраўднасць таго, што вы купляеце, дапамогуць простыя матэматычныя дзеянні.
1. Складзіце лічбы штрыхкода, якія стаяць на цотных месцах. Напрыклад, для кода 2005300706209 гэта будзе так: 0+5+0+7+6+0=18.
2. Атрыманую суму памножце на 3 (18х3=54).
3. Складзіце лічбы, якія стаяць на няцотных месцах, акрамя апошняй (кантрольнай) лічбы: 2+0+3+0+0+2=7.
4. Складзіце атрыманыя ў пунктах 2 і 3 лічбы: 54+7=61.
5. Адкіньце дзясяткі: ад 61 адкідаем 6 – атрымліваем 1.
6. Ад лічбы 10 адніміце атрыманую ў пункце 5 лічбу: 10–1=9.
Атрыманая лічба павінна супадаць з кантрольнай лічбай штрыхкода, што і сведчыць аб сапраўднасці тавара. Калі атрыманая лічба не супадае з кантрольнай – значыць, перад вамі падробка.
…садоўніка
Ах, гэта талая вада!
Галоўная задача садоўніка ў пачатку сакавіка – на паніжаных месцах своечасова спускаць талую ваду. У такой вадзе вельмі мала кіслароду, і карані дрэў у ёй задыхаюцца. Акрамя таго, у глебе на такім участку назбірваюцца шкодныя для дрэў рэчывы. Асабліва баіцца працяглага затаплення сунічнік, кусцікі якога прэюць і пад ледзяной скарынкай. Яе таксама трэба своечасова разбіваць.
…агародніка
Як пасееш…
Сакавік, амаль кожная яго пяцідзёнка, – асабліва спрыяльны час для высеву насення многіх агароднінных культур на расаду.
Так, калі ў агароднікаў-аматараў ёсць цяпліцы, цёплыя парнікі на біяпаліве ці ўцепленая глеба пад плёнкай, дык ужо ў першай дэкадзе трэба пасеяць на расаду насенне памідораў, перцаў, баклажанаў.
Удругой пяцідзёнцы сакавіка высяваюць на расаду цыбулю-чарнушку (чорнае насенне паўвострых ці салодкіх гатункаў).
У трэцяй пяцідзёнцы можна сеяць на расаду насенне ранніх гатункаў белакачаннай, каляровай, чырвонакачаннай, савойскай, брусельскай капусты, а таксама кальрабі і браколі.
У чацвёртай пяцідзёнцы сакавіка ў парнікі на біяпаліве высяваюць радыс, салату, кроп, салатную капусту, цыбулю на пяро. У гэты ж час высяваюць на расаду для адкрытай глебы пад плёнкай памідоры і агуркі. Каб расада памідораў і агуркоў была ўстойлівай, насенне іх трэба намачыць і вытрымаць 2–3 сутак пры 1–3 градусах марозу.
У канцы сакавіка, калі ёсць клубні ранняспелых гатункаў бульбы, іх закладваюць на яравізацыю (прарошчванне). Для гэтага адбіраюць здаровыя клубні вагой 80–100 грамаў і раскладваюць іх на падлозе ці на стэлажах слоем у два-тры клубні ў светлым памяшканні з тэмпературай 10–15 градусаў цяпла. Белыя парасткі, якія ўтварыліся пры зімовым захоўванні, трэба адламаць. Праз кожныя 6–8 дзён клубні праглядваюць, пераварочваюць, гнілыя і хворыя выкідваюць. Праз 25–30 дзён на клубнях з’яўляюцца зялёныя ці ліловыя парасткі даўжынёй 1–2 см. Цяпер бульбу можна высаджваць, калі ўстойліва пацяплела і глеба на глыбіні 10 см дастаткова прагрэлася. Высаджваць трэба асцярожна, каб не пашкодзіць парасткі.
Калі вясна ранняя і цёплая, у канцы сакавіка можна высяваць на расаду насенне капусты сярэдняспелых і позніх гатункаў.
За расадай усіх відаў абавязкова арганізуйце пастаянны догляд, своечасова праводзьце яе пікіроўку, паліў і падкормку.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.