Падведзены вынікі спаборніцтва журналістаў Брэстчыны за мінулы год

Падведзены вынікі спаборніцтва журналістаў Брэстчыны за мінулы год

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Восьмая па ліку цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва журналістаў прайшла ў Белавежскай пушчы. Не дзіўна, бо гэты велічны запаведнік не проста вялікі лес, ён – неад’емная частка нашай гісторыі. Прыкладна 100 гадоў таму тут выдавалася першая беларуская газета “Мужыцкая праўда”. Да таго ж, пушча не аднойчы прыцягвала да сябе ўвагу прэсы, станавілася прадметам маляўнічых аповедаў і гарачых спрэчак.
Выніковае мерапрыемства традыцыйна завяршыла цыкл ушанаванняў журналістаў, які стартаваў з прафесійных свят у пачатку мая. Калі карыстацца музычнымі тэрмінамі, як заўважыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, то гэтую падзею можна смела назваць фінальным акордам. А ён звычайна атрымліваецца самым гучным і запамінальным. Вельмі прыемна, што журналістыка Брэстчыны з кожным годам расце і развіваецца. Дасягненні нашых калег цэняцца не толькі ў межах вобласці, яны таксама гучаць на ўсю краіну. Гэта і нядаўняя “Залатая літара” – вышэйшая прафесійная ўзнагарода, прывезеная са сталіцы журналістамі раёнкі “Ляхавіцкі веснік”, і здабыткі тэлерадыёкампаніі “Брэст” на “Тэлевяршыні”, і медаль Францыска Скарыны, які за працоўныя заслугі дастаўся Валянціне Казловіч, уласнаму карэспандэнту газеты “Советская Белоруссия” па Брэсцкай вобласці… Словам, пералічваць можна бясконца.
– Журналістаў Брэстчыны, у якім бы выданні яны не працавалі, заўжды адрознівае неабыякавасць да жыцця свайго рэгіёна, – адзначыў у віншаванні кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар. – Прадстаўнікоў гэтай прафесіі можна параўнаць хіба што з будаўнікамі, бо яны таксама пакідаюць значны след у гісторыі. І калі пісаць – дык толькі так, каб памяталі і праз стагоддзі. Вельмі добра, што апошнім часам у газетах з’явіліся пісьменнікі.
Сама цырымонія ўзнагароджання сёлета не засталася без сюрпрызаў і інтрыг. У намінацыі сярод абласных, аб’яднаных, і рэгіянальных газет, напрыклад, журы вырашыла не выяўляць пераможцаў. Затое з ліку раённых газет лаўры атрымалі аж два выданні: “Навіны Камянеччыны” і бярозаўскі “Маяк”. Перамогу ў намінацыі сярод электронных СМІ раздзялілі баранавіцкая тэлекампанія “Інтэкс” і тэлерадыёкампанія “Пінск”.
У ліку пераможцаў ёсць і журналісты “Народнай трыбуны”. Загадчыца аддзела сацыяльна-эканамічных праблем Надзея Яцура прызнана мацнейшай у намінацыі “Лепшы нарыс “Наш сучаснік”, а ўласны карэспандэнт Ніна Леанавец – у намінацыі “Ахова прыроды і навакольнага асяроддзя”. Спецыяльным дыпломам аблвыканкама за маштабны выдавецкі праект “Стваральнікі” і актыўную маркетынгавую палітыку адзначаны намеснік галоўнага рэдактара “НТ” Уладзімір Сітуха, які пад апладысменты прысутных прадэкламаваў свае вершы. Аналагічную ўзнагароду за высокі прафесіяналізм у падрыхтоўцы фотаматэрыялаў і арыгінальны творчы праект “Родам з вёскі” атрымаў і фотакарэспандэнт Аляксей Ганчук. Акрамя таго, ужо ў каторы раз у спісе лепшых юнкараў вобласці фігуруе імя Дар’і Ніканчук з Жабінкі, якая шмат публікуецца ў “Народнай трыбуне” і з’яўляецца адной з самых актыўных удзельніц “Школы юнкараў” пры рэдакцыі газеты.
Самыя годныя прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі па версіі Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі таксама атрымалі дыпломы і прэміі.
Тамара Васількова, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Рэзананс: “У школу… з ліхтарыкам і па лужынах”

Следующая запись

Здымаем ружовыя акуляры