Пенсіянераў хвалюе праблема з пасадкай бульбы

Пенсіянераў хвалюе праблема з пасадкай бульбы

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Усхваляваным голасам загаманіў рэдакцыйны тэлефон. Дакладней, на другім канцы провада гаварыла жыхарка вёскі Чарняны Марыя Кулічык. Пенсіянерка скардзілася: “У нас праблема з пасадкай бульбы. У мясцовай гаспадарцы, кажуць, больш за 7 тысяч браць будуць за сотку. Усяго па такой цане можна пасадзіць 15 сотак, а калі хочаш больш, дык плаці па поўным кошце, а гэта звыш 10 тысяч рублёў. Ці ж гэта справядліва? У іншых гаспадарках менш бяруць, можа, і бясплатна садзяць бульбу…”
Хваляванне Марыі Міхайлаўны зразумелае. Бульбу ў вёсцы садзяць заўсёды на самых большых участках зямлі. Калі людзі маладзейшыя, для іх не праблема дайсці да таго поля, апрацаваць яго, сабраць ураджай. А вось пажылым не так проста гэта зрабіць. Ды і пенсіі ў былых калгаснікаў не самыя зайздросныя па нашым часе. Падтрымаў жонку і Мікалай Канстанцінавіч, калі мы сустрэліся ў Чарнянах. Ён адпрацаваў у калгасе больш за 40 год. Сёння трымае сваю гаспадарку, здае малако. Кажа: “Мы і раней плацілі за соткі, але ж не столькі многа”.
За тлумачэннямі іду да старшыні СВК “Чарняны”. Міхаіл Перкавец расказвае: “Рашэннем праўлення гаспадаркі былі зацверджаны расцэнкі на апрацоўку ўчасткаў і пасадку бульбы. Прынамсі, наша прадпрыемства павінна выдзеліць бясплатна зямлю. Што і зроблена. Але ж мы разумеем, што не ўсе самі могуць справіцца з яе апрацоўкай, не ва ўсіх ёсць неабходная тэхніка. Падлічылі, што кошт паслуг складзе 10300 рублёў. Вызначылі і льготы: на 60 працэнтаў для тых, хто зараз працуе ў СВК “Чарняны”, на 30 – для інвалідаў 2-й групы і калгасных пенсіянераў, на 20 – некалгасным пенсіянерам. Інваліды вайны і працы 1-й групы на аднаго чалавека могуць 15 сотак пасадзіць бясплатна, а астатнія – з 30-працэнтнай льготай. Вяскоўцам, якія ў гаспадарцы не працуюць, паслуга даецца па сабекошце”.
Хацеў бы Міхаіл Міхайлавіч зрабіць большымі льготныя ўмовы, ды пакуль фінансавы стан гаспадаркі не дазваляе. У вёсцы жыве амаль 800 чалавек, а ў СВК працуюць толькі 120. “Самае галоўнае – эканоміка. Вымушаны лічыць, каб не было запазычанасці па той жа зарплаце. Хочацца і яе падняць, але не ўсе разумеюць, што для гэтага працаваць трэба рупліва не толькі на сваім уласным агародзе”, – гаворыць старшыня.
У сельсавеце сакратар Надзея Філановіч пацвердзіла, што для старэйшых грамадзян сёлета ўчасткі пад бульбу выдзелены недалёка ад вёскі – не больш чым за кіламетр. І пашу для прыватнага статка СВК “Чарняны” даў непадалёку. “Калі ўзнікаюць праблемныя пытанні, стараемся разабрацца разам”, – заўважае Надзея Яфімаўна.
Што да параўнання з іншымі гаспадаркамі і магчымасці бясплатных сотак, дык кіраўнік райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч па тэлефоне сказаў: “Ва ўсіх СВК раёна за апрацоўку ўчасткаў, пасадку бульбы, яе догляд плацяць. Іншая справа, што кожная гаспадарка, зыходзячы са сваіх фінансавых магчымасцей, дае льготы. Напрыклад, у Дарапеевічах за комплекс работ ад вывазу арганікі да пасадкі бульбы члены СВК, пенсіянеры, вясковая інтэлігенцыя заплацяць каля 5 тысяч рублёў, усе астатнія – 9690. А ў Хаціславе сабекошт – амаль 11 тысяч.”
Эканоміка – рэч прагматычная. Вось толькі гэты прагматызм не могуць прыняць вясковыя пенсіянеры, якія некалі за працадні цяжка працавалі на зямлі. Шэраг прэтэнзій узнікае з-за несвоечасовага і недакладнага інфармавання людзей. Зразумела, што ў кіраўніка гаспадаркі зараз у полі шмат клопату, але ж за прагматычнай эканомікай заўсёды стаяць людзі.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Маларыцкі раён

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Яўгенія Грынько атрымала дыплом першай ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па англійскай мове

Следующая запись

Брастаўчанка ўдзельнічала ў “Полі цудаў”