Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Яўгенія Грынько атрымала дыплом першай ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па англійскай мове

Яўгенія Грынько атрымала дыплом першай ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па англійскай мове


У абласным ЦМТ адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах.
Матэматыкі, фізікі, інфарматыкі, філолагі, лінгвісты… Самыя адораныя юнакі і дзяўчаты з усёй вобласці сабраліся ў сераду ў Брэсце для таго, каб падвесці вынікі сваёй цяжкай работы за год. Каля паўсотні прызёраў рэспубліканскіх алімпіяд, удзельнікаў міжнародных конкурсаў і інтэлектуальных спаборніцтваў паўдзельнічалі ў сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці, якая традыцыйна праходзіць у канцы навучальнага года.
– Поспехі нашых школьнікаў – цудоўны падарунак настаўнікам і бацькам, асаблівае значэнне яны маюць у год святкавання 65-годдзя Вялікай Перамогі, – адзначыў у сваім выступленні старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – Іх веды і талент – інтэлектуальная моц і творчы патэнцыял нашай дзяржавы. Для развіцця здольнасцей падрастаючага пакалення ў навучальных установах створаны добрыя ўмовы. Безумоўна, лепшыя вынікі паказваюць брэсцкія школьнікі. Апошнім часам радуюць сваімі дасягненнямі вучні Лапацінскай школы Пінскага раёна і Малечскай СШ Бярозаўскага. Прыемна адзначыць, што банк даных адоранай моладзі штогод папаўняецца новымі імёнамі.
Дзесяцікласніца гімназіі №1 з Баранавіч Яўгенія Грынько атрымала дыплом першай ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па англійскай мове. Дзяўчына ўпершыню ўдзельнічала ў інтэлектуальным тэсціраванні такога ўзроўню і адразу стала лепшай.
– Здаецца, навічкам шанцуе, таму што мой дэбют на рэспубліканскай алімпіядзе пераўзышоў самыя смелыя спадзяванні, – падзялілася ўражаннямі Яўгенія. – Хацела б у наступным годзе паўтарыць вынік і перамагчы. Будучую прафесію мяркую звязаць з эканомікай і палітыкай, а веданне англійскай мовы дапаможа ў кар’еры.
Таленавітая школьніца захапляецца спортам і музыкай, яна нават асвоіла цымбалы. Але большасць вольнага часу займае вывучэнне англійскай мовы. Дзякуючы любімай настаўніцы Зоі Аляксееўне Быковіч, заняткі праходзяць цікава.
– Калі паміж вучням і настаўнікам усталёўваюцца сяброўскія зносіны, дык і вынік ёсць, – расказвае выкладчык англійскай мовы баранавіцкай гімназіі №1 Зоя Быковіч. – Цудоўна, што нашы дасягненні не застаюцца незаўважанымі. Такая ўвага з боку ўлады – вялікі стымул узяць новую вышыню.
Вучні і настаўнікі атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі ад аблвыканкама. Калектывы мастацкай самадзейнасці падрыхтавалі віншавальны канцэрт. Ужо развітваючыся, юнакі і дзяўчаты пажадалі адзін аднаму добрых канікул. Яны заслужылі гэты адпачынак!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Брэст.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля