Чаму ў фермерскай гаспадарцы “Юльян” не прыжылася духмяная ягада, затое радуюць гародніна і бульба?
Пачну з лічбаў. Летась у фермерскай гаспадарцы “Юльян” валавы збор зерня склаў 903,7 тоны. У засекі дзяржавы яго пастаўлена 150 тон, на Пінскі камбінат хлебапрадуктаў рэалізавана яшчэ 600. Акрамя гэтага, тут вырашчана 1850 тон бульбы, 890 – морквы, 405 – сталовых буракоў і 350 тон капусты.
За прадукцыю ўласнай вытворчасці атрымана 1260 мільёнаў рублёў – 90 працэнтаў ад агульнай выручкі. У параўнанні з 2008 годам яна павялічылася на 44 працэнты.За гэты ж час падаткі і зборы, якія ўключаюцца ў выручку, склалі 124 мільёны рублёў. У параўнанні з пазалеташнім годам падаткаў фермерскай гаспадаркай заплачана на 20 працэнтаў больш.
Магчыма, такая колькасць лічбаў некага стаміла. І дзе тая ягада-маліна фермера Міхаіла Грыневіча? Лічбаў і сапраўды шмат, аднак без іх не абысціся, бо яны, нібы люстэрка, паказваюць дасягненні гаспадаркі, якая адзінаццаць гадоў таму пачыналася з надзелу ў 35 гектараў і аднаго старэнькага трактара МТЗ-82. Сёння агульная плошча зямельных участкаў складае 580 гектараў. На іх вырошчваюць бульбу, збожжа, гародніну і шматгадовыя травы, а колькасць тэхнікі, сярод якой пераважае сучасная высокапрадукцыйная, – больш за 50 адзінак. Што ж тычыцца ягады-маліны, дык менавіта з яе зараджалася фермерская гаспадарка “Юльян”, названая стваральнікам у гонар бацькі.
Так атрымалася, што ў адной з паездак па рэспубліцы са старшынёй калгаса “Новае Палессе”, у якога Міхаіл Грыневіч працаваў вадзіцелем, ён пазнаёміўся з палякамі. Разгаварыліся. Знайшлі не толькі агульную мову, але і агульныя інтарэсы. Гэтая сустрэча, па сутнасці, стала вызначальнай у лёсе вадзіцеля з дваццацігадовым стажам, які даўно марыў заняцца ўласнай справай. Тады Міхаіл Грыневіч з Лунінеччыны і яго новыя знаёмыя з Польшчы дамовіліся арганізаваць сумесную справу. Якую? Вырошчваць маліну. За беларусам была зямля, палякі абяцалі забяспечыць саджанцамі. Свае абавязацельствы абодва бакі выканалі.
У 1999 годзе па просьбе Міхаіла райвыканкам выдзеліў яму 35 гектараў зямлі. Так звычайны вадзіцель, працоўная біяграфія якога пачалася яшчэ да арміі ў будтрэсце №8, стаў фермерам. А на 35-гектарнай плошчы з’явіліся саджанцы маліны. Першы год сумеснай дзейнасці для кампаньёнаў выдаўся няўдалым. Вырошчванне ягады аказалася не такой простай справай, як здавалася. Зямлю пачынаючаму фермеру выдзелілі. Але не самую лепшую і, як аказалася пазней, зусім непрыгодную для маліны. У дадатак да гэтага яшчэ і грошай на закупку сродкаў аховы раслін, каб апрацаваць пасадкі ад шкоднікаў і пустазелля, не хапіла.
Не лепшымі былі і наступныя гады. А першую прадукцыю – 27 тон духмяных ягад у фермерскай гаспадарцы атрымалі толькі ў 2004 годзе. Рэалізавалі яе на вінаробчы завод у Гомель. Гэта крыху абнадзеіла фермера, але ненадоўга.
– У 2005-2006 гадах маліна вымерзла. І наогул з ёй стала рабіцца нешта незразумелае. Зацвіла яна ў канцы лета, а рэдкія плады з’явіліся толькі ў кастрычніку, – з гумарам успамінае зараз той час Міхаіл Юльянавіч.
Гэта, відаць, і стала для яго своеасаблівым званочкам, што з ягадамі ўжо варта, як кажуць, завязваць і пераходзіць на нешта больш сур’ёзнае – гародніну, напрыклад, ці бульбу. Тым больш, справу гэтую ён добра ведаў: фермер нарадзіўся і вырас у сельскай мясцовасці, яго бацькі, якія жылі на хутары Бабы, мелі два з паловай гектары зямлі, дзе вырошчвалі і гародніну, і бульбу. Сыну, вядома ж, даводзілася дапамагаць ім. Ды, займаючыся малінай, ён адначасова на вызваленых ад пасадак ягады плошчах сеяў моркву, буракі, шматгадовыя травы. Дарэчы, пад апошнія і зараз адводзіць больш за 150 гектараў угоддзяў.
Травамі, па словах Міхаіла Грыневіча, як і збожжавымі культурамі, яны займаюцца для захавання севазвароту. А яшчэ фермер забяспечвае насельніцтва Лунінецкага раёна ды суседняга Столінскага сенам. Летась са 142 гектараў шматгадовых траў нарыхтаваў і рэалізаваў яго вяскоўцам 450 тон. Выручылі за сена 60 мільёнаў рублёў. І людзям добра, і гаспадарка не ў накладзе.
Сена, як і астатнюю прадукцыю, дастаўляюць спажыўцам сваёй тэхнікай. Усю яе – 17 трактараў, 8 збожжаўборачных, 5 бульбаўборачных камбайнаў, 8 аўтамабіляў КАМАЗ, поўны камплект глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў – набывалі ў крэдыт і па лізінгу. Сёлета ўжо купілі новую бульбасаджалку галандскай вытворчасці СП-42, – праўда, пры дапамозе дзяржавы з 46-працэнтным змяншэннем цаны “Амкадора”.
Фермер гадзінамі можа расказваць пра сваё дзецішча: як працуюць новыя агрэгаты, якім будзе гароднінасховішча, што ўзводзяць сваімі сіламі непадалёк ад самага дальняга ўчастка (за 40 кіламетраў ад базы фермерскай гаспадаркі ў Любані) – халадзільнае абсталяванне для яго ўжо набыта. А яшчэ пра ўніверсальную сартавальную лінію дацкай вытворчасці, якую збіраюцца набыць і ўстанавіць за ўласныя сродкі. Эскіз яе знаходзіцца сярод шматлікіх дакументаў кіраўніка гаспадаркі на самым бачным месцы на стале. А каб не быць галаслоўным, Міхаіл запрашае на экскурсію па сваёй гаспадарцы.
Праз некалькі хвілін джып фермера ўжо імчыць па ўхабістых палявых дарогах. Спачатку аўтамабіль спыняецца ля бульбасаджалкі галандскай вытворчасці, пасля – ля гароднінасховішча, дзе, акрамя работ на самім аб’екце, рабочыя збіваюць з дошак тару, у якой будзе захоўвацца будучы ўраджай гародніны і бульбы. На самым аддаленым участку трактарыст Віктар Шпак разам з быгадзірам Васілём Беластоцкім сеялі моркву. На зваротным шляху яшчэ адзін прыпынак – на гэты раз на ўскрайку поля, дзе працавала звычайная бульбасаджалка.
Сёлета пад бульбу кіраўнік, які адначасова з’яўляецца і аграномам, і інжынерам-механікам, і эканамістам, адвёў 60 гектараў. Гародніна размясцілася на 60-ці, а яравая пшаніца – на 90 гектарах. Яшчэ 50 гектараў заняты азімымі культурамі.
– Адкуль у вас веды спецыяліста сельскай гаспадаркі шырокага профілю? Ці не цяжка выконваць абавязкі агранома і эканаміста без адпаведнай адукацыі? – цікаўлюся ў фермера.
– За 20 гадоў работы вадзіцелем кіраўніка гаспадаркі ўсяму гэтаму і навучыўся, – не то ўсур’ёз, не то смехам адказвае Міхаіл Юльянавіч. – Што тычыцца цяжкасцей, дык у каго іх няма? Да таго ж, калі справа новая.
Са скупых адказаў фермера зразумела, што стаць эканамістам і спадзявацца ва ўсім толькі на сябе яго прымусіла жыццё, бо дзейнасць сваю пачынаў практычна з нуля. Крыху пазней дзяржава дапамагла яму набыць адзін трактар, на транспарцёр выдзеліла 77 мільёнаў рублёў. А да тэхнікі Міхаіла цягнула заўсёды: нават на сваю першую прэмію за перамогу ў спаборніцтве ў будтрэсце ён купіў матацыкл. Калі ж прыйшоў на работу ў калгас, дык сваімі рукамі перабраў грузавік, які ржавеў пад плотам, і потым доўгі час працаваў на ім.
Цяпер на месцы, дзе было чыстае поле, знаходзіцца база гаспадаркі з канторай, гаражамі і боксамі для тэхнікі, са складамі для мінеральных удабрэнняў. Усё гэта ўзводзілася за свае сродкі. Зараз у фермерскай гаспадарцы ёсць бухгалтар, вадзіцелі, механізатары, кладаўшчыкі – за час існавання тут створана 18 рабочых месцаў. Да справы мужа падключылася жонка, зяці дапамагаюць – не тое, што раней, калі даводзілася і араць, і сеяць, і ўбіраць, і рынкі збыту для гародніны шукаць, і справаздачы пісаць, і бухгалтарскі ўлік весці.
Гаспадарка Грыневіча лічыцца адной з лепшых і моцных сярод падобных на Брэстчыне. Як прыклад гаспадарання на зямлі, клопату пра яе, вядзення статыстычнай справаздачнасці і адлічэння падаткаў дзяржаве фермерская гаспадарка “Юльян” прыводзілася на калегіі Камітэта дзяржкантролю вобласці ў Пінску, на якой ішла гаворка пра дзейнасць лунінецкіх і столінскіх фермераў. Гародніну і бульбу з Лунінеччыны добра ведаюць і любяць не толькі ў нашай вобласці. Цудоўныя смакавыя якасці дазваляюць выйграваць па некалькі тэндараў на яе пастаўку ў гандлёвыя кропкі і ўстановы харчавання рэспублікі. У Малдове на “ўра!” разыходзіцца бульба і морква “Юльяна”.
Застаць фермера ў кабінеце няпроста. Хоць і ладзяцца справы, без кантролю пакуль не абысціся. Вось і імчыць яго джып па некалькі разоў на дзень то ў поле, то на гароднінасховішча, каб прасачыць за ходам работ і гаспадарскім вокам ацаніць сітуацыю на месцы. Калі ўзяўся за справу, лічыць Міхаіл Грыневіч, дык рабіць яе неабходна з душой. Тады і сам атрымліваеш асалоду плюс добры матэрыяльны стымул, і дзяржава, якая дала магчымасць працаваць на зямлі і аказвае развіццю малога бізнэсу падтрымку, не будзе ў накладзе.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Лунінецкі раён.
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.