Брастаўчанка ўдзельнічала ў “Полі цудаў”

Брастаўчанка ўдзельнічала ў “Полі цудаў”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

14 мая ў папулярнай расійскай тэлепраграме «Поле цудаў» удзельнічала брастаўчанка Таццяна Быковіч. Праўда, ні на адно пытанне адказаць яна не паспела, аднак прыз – аўтамабіль «Лада» – выйграла. Як гэта ёй удалося?
…Амаль за месяц да Новага года Таццяна напісала на «Поле цудаў» пісьмо. А ў дадатак да яго ў вялікім канверце накіравала ў Маскву прыкладна два дзясяткі песень са словамі і музыкай уласнага сачынення. Была ў Быковіч такая мара, каб яе творы прагучалі на тэлебачанні. І вось у сакавіку нечакана прыйшла тэлеграма, дзе Таццяну запрашалі на здымкі тэлеперадачы і прасілі пацвердзіць свой удзел.
Збіралі шчаслівую жанчыну ўсёй грамадой. Родная 32-я школа з эстэтычным профілем, дзе Таццяна працуе настаўніцай музыкі пачатковых класаў, перадала некалькі карцін, намеснік старшыні гарвыканкама Вячаслаў Хафізаў – ляльку ручной работы і маляўнічую кнігу пра Брэст. Гранды нашай харчовай прамысловасці «Санта-Брэмар», «Інка-Фуд» дапамаглі сваёй прадукцыяй, а лікёра-гарэлачны завод нават падрыхтаваў спецыяльную бутэльку з партрэтам Леаніда Якубовіча, зашыфраваным словам і подпісам «Адгадаеш, калі вып’еш!». Дырэктар завода «Брэстсельмаш» Іосіф Паюк прасіў перадаць асабіста ў рукі вядучаму спецыяльна выраблены да юбілею прадпрыемства гадзіннік.
На здымкі «Поля цудаў» Таццяна Быковіч паехала з сынам Максімам і ўнучкай Анастасіяй. (Кожны ўдзельнік праграмы атрымлівае запрашальны білет для дваіх сваіх сяброў, родзічаў ці знаёмых, аднак пражыванне ў гасцініцы тэлекампанія «ВІД» аплачвае толькі самому ўдзельніку. Так што давялося раскашэльвацца і на дарогу да Масквы, ды яшчэ сыну і ўнучцы за жыллё плаціць).
Як аказалася, адразу здымаюць некалькі перадач на паўтара месяца наперад, таму ўдзельнікаў сабралі больш за паўсотні чалавек. Усе запоўнілі вялізныя анкеты, каб вядучаму было лягчэй з імі размаўляць у ходзе гульні.
Перад здымкамі Леанід Якубовіч правёў інструктаж: прасіў не перадаваць прывітанняў жонкам-мужам і дзецям, ад якіх гульцы толькі ўчора паехалі, іншая справа – у Амерыку ці куды далей; не агучваць назвы фірм і прадпрыемстваў – усё роўна з эфіру выражуць; не зацыклівацца на грашах і адгадванні правільных літар, а імкнуцца рабіць вясёлае шоу, бо ўсім абавязкова дадуць падарункі…
На здымках «Поля цудаў» Таццяна трапіла ў першую тройку. Крутанула барабан, сказала некалькі слоў – і выпаў сектар «Прыз»! Тут ужо ў Леаніда Якубовіча рот не закрываўся: «Кім працуеце і колькі зарабляеце?» Сказала, што 150 долараў, каб зразумела было. Якубовіч пачаў здзіўляцца: маўляў, дзе гэта ў «зялёных» зарплату выдаюць, назавіце лепш у «зайцоў». Засаромелася чамусьці Таццяна вядучаму растлумачваць, што «зайцаў» даўно няма. Вось і сказала: пяцьсот, але забыла дадаць – тысяч. Думала, што Якубовіч арыентуецца ў беларускіх рублях. Аказалася, не. Вядучы абурыўся: чаму так мала атрымлівае педагог амаль з трыццацігадовым стажам, і прапанаваў замест прыза… тысячу расійскіх рублёў. Некалькі хвілін брастаўчанка не згаджалася, лік дайшоў да сямі тысяч (а гэта семсот тысяч беларускіх), і Леанід Якубовіч так загаварыў нашу зямлячку, што яна ўжо гатова была ўзяць грошы, толькі б вядучы адчапіўся. «Няёмка было казаць, што гэта ўсяго толькі паўтары маіх зарплаты, – усміхаецца Таццяна. – Добра, сын з залы крыкнуў: «Мама, прыз!»
Якубовіч на яго пераключыўся. А потым… дастаў са скрынкі ключы ад аўтамабіля.
Пры гэтым і даўняя мара Таццяны Быковіч збылася: яе песня «Салют Перамогі» ў аўтарскім выкананні прагучала ў праграме «Поле цудаў». А гэта тэлешоу паказваюць у трыццаці краінах свету. Не пакрыўдзіў Якубовіч і трэццякласніцу Насцю, якая прачытала адзін з бабуліных вершаў. Унучцы ад «Поля цудаў» дасталіся падарункі: мабільны тэлефон «Nokia» апошняй мадэлі і тры шыкоўна выдадзеныя дзіцячыя энцыклапедыі. Увогуле, удзел дзяцей у гэтай тэлепраграме вельмі вітаецца, любіць іх дзядзька Лёня.
…На ўласнай «Ладзе» з Масквы Таццяна Быковіч не прыехала. Гэта толькі ў студыі Якубовіч гаворыць, што, маўляў, ідзіце афармляйце дакументы на аўтамабіль. На самой справе трэба будзе яшчэ тэлефанаваць у тэлекампанію «ВІД» і высвятляць, дзе і калі можна атрымаць прызавую «Ладу».
Дарэчы, усе ўдзельнікі падпісалі дакументы аб тым, што выйгрышы абкладваюцца падаткамі: у Расіі – 15 працэнтаў, а ў Беларусі – 30 працэнтаў ад кошту прыза. Так што брэсцкай настаўніцы давядзецца заплаціць кругленькую суму, перш чым атрымаць аўтамабіль. Але аб гэтым яна пакуль не думала, усё будуць вырашаць на сямейнай нарадзе. А сям’я ў Таццяны вялікая: муж, тры дачкі, сын і дзве ўнучкі.
На здымках было вельмі цікава, успамінае Быковіч, нехта з удзельнікаў гульні падарыў Якубовічу казла і гусака. Птушка нарабіла вялікага вэрхалу, і яе лавілі ўсе прысутныя ў студыі, уключаючы персанал і гледачоў. Аднак з перадачы гэты эпізод выразалі. А калі ў студыю вынеслі гару падарункаў брастаўчанкі для «Поля цудаў» – і зусім пайшла рэклама.
Асабліва крыўдна Таццяне, што з трансляцыі зніклі яе словы ўдзячнасці тым людзям, якія дапамагалі ёй збірацца ў Маскву. Выразалі расказ аб прыгожым і чыстым прыгранічным Брэсце, аб любімай 32-й школе. Кажа, здымалі праграму больш за тры гадзіны, а паказалі ў эфіры толькі адну гадзіну, ды і тую разам з рэкламнымі паўзамі.
Такая вось гульня…
Юрый МАКАРЧУК, г.Брэст.
Фота аўтара

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Падведзены вынікі VІ Рэспубліканскага конкурсу творчых работ па сацыяльна-гуманітарных навуках

Следующая запись

Адукаванасць адкрывае дзверы ў жыццё