Беларусь

Пётр Пракаповіч правёў прыём грамадзян у Камянецкім раёне


Адказваючы на пытанні журналістаў пасля прыёму грамадзян у райвыканкаме, Пётр Пятровіч зазначыў: у апошнія гады зваротаў грамадзян у вышэйшыя інстанцыі ў цэлым па вобласці і ў Камянецкім раёне ў прыватнасці стала значна менш. Гэта сведчыць пра тое, што многія праблемы людзі вырашаюць у рабочым парадку на месцах. Што тычыцца канкрэтных пытанняў, з якімі прыйшлі на прыём грамадзяне Камянеччыны на гэты раз, дык палова з іх павінна была быць вырашана на месцы. Гэта, на думку Пятра Пракаповіча, не ўпрыгожвае мясцовую ўладу.
З чым жа прыйшлі людзі на прыём да кіраўніка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь?
Маці мнагадзетнай сям’і з Камянца звярнулася з просьбай аб адкрыцці дадатковай крэдытнай лініі для завяршэння работ па будаўніцтве дома, а жыхар раённага цэнтра – з пытаннем аб атрыманні льготнага крэдыту на набыццё міні-трактара. Абодва звароты пры належным іх разглядзе ўпаўне маглі быць вырашаны на раённым узроўні.
Пенсіянер з Вярховічаў ад імя жыхароў населенага пункта выказаў нязгоду на закрыццё ў 2009 годзе мясцовай участковай бальніцы. Тлумачэнні па гэтым пытанні даў галоўны ўрач раённай бальніцы: закрыццё Вярховіцкай участковай бальніцы не прывяло да зніжэння даступнасці аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву гэтага рэгіёна. Жыхароў вёскі абслугоўваюць у Камянецкай раённай і Высокаўскай гарадской бальніцах. А ў Вярховічах функцыянуе ўрачэбная амбулаторыя на 39 наведванняў у змену. Акрамя гэтага райвыканкам унёс прапанову ў аблвыканкам па ўключэнні будаўніцтва новай амбулаторыі на 30 наведванняў у дзень у Вярховічах у Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2011-2015 гады.
Асфальтаванне пад’езда да царквы каля вёскі Гарадзішча турбуе старасту мясцовага храма – вырашыць дадзенае пытанне сёлета не ўяўляецца магчымым з-за адсутнасці сродкаў. Праўда, Пётр Пракаповіч даў заданне адпаведным службам вывучыць праблему і намагацца дапамагчы вернікам.
Пытанні фінансавання і будаўніцтва ліўнёвай каналізацыі для адводу сцёкавых вод на вуліцах Ляонава, Белавежская і Хахракова ў Камянцы будуць разгледжаны пры фарміраванні бюджэту раёна на 2011-2012 гады. Пакуль жа кіраўніцтву ЖКГ даручана выканаць першачарговыя работы па камунікацыях на вуліцы Ляонава. У чацвёртым квартале пачнецца і рамонт жылога дома №33 па вуліцы Савецкай у Вярховічах. Сёлета на яго правядзенне прадугледжаны 41 мільён рублёў.
Пытанні, з якімі звярнуліся да Пятра Пракаповіча іншыя грамадзяне, – прыватызацыя кватэры, рамонт агароджы ў вёсцы Навіцкавічы, уборка смецця каля будынка былой сталовай ААТ “Новы шлях”, можа, і важныя, але займацца іх вырашэннем – задача мясцовых органаў улады.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Камянец

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля