Беларусь

Прайшоў абласны этап рэспубліканскага сямейнага конкурсу “Уладар сяла”


У пасёлку Жамчужны Баранавіцкага раёна прайшоў абласны этап рэспубліканскага сямейнага конкурсу “Уладар сяла”

Яго ўдзельнікамі сталі маладыя вясковыя сем’і са Столінскага, Жабінкаўскага, Брэсцкага, Івацэвіцкага, Пружанскага, Ляхавіцкага, Лунінецкага і Баранавіцкага раёнаў. Аграгарадок Жамчужны для правядзення свята выбраны невыпадкова – гэта малады і адзін з самых прыгожых населеных пунктаў вобласці. Жамчужанскія краявіды  напамінаюць гарадскія – праўда, прастору тут куды  больш: яшчэ невыгаралыя пад жнівеньскім сонцам лугавіны ў ваколіцах, дрэвы, кветнікі…
Святочнае дзейства на галоўнай сцэне ў цэнтры пасёлка пачалося фрагментам старажытнага абраду. Кажуць, раней у вёсцы існаваў такі звычай: дзяўчынка, апранутая ў саматканую кашулю, на чале святочнага шэсця ішла ўздоўж сяла. У руках яна трымала гліняны глечык, у які пад песні і прыгаворкі гаспадары клалі дробныя рэчы і манеты, а пад ногі кідалі кветкі. Усё гэта – на добры хлебны каравай. Дарэчы, прыгожых, з любоўю спечаных караваяў на праекце было многа: ад арганізатараў свята як знак удзячнасці канкурсантам за вясёлы настрой, майстэрства і талент і ад саміх маладых сямей  гасцям свята і членам журы як прывітанне Баранавіцкай зямлі…
Знаёмства канкурсантаў з гасцямі свята пачалося з падрыхтаваных дома “візітовак”. Можна сказаць, што маладыя сем’і прадэманстравалі прысутным 8 цікавых караткаметражных (па 5 хвілін) фільмаў, бо ў кожнага з удзельнікаў конкурсу свая гісторыя нараджэння сям’і, свой свет захапленняў. На сцэне спявалі (многія, важна адзначыць, прафесійна, добра пастаўленым голасам), танцавалі, прызнаваліся ў каханні… Праўда, пэўнае неразуменне ў мяне асабіста выклікала тое, што на конкурсе  “Вітаем па-беларуску” асобныя ўдзельнікі выступалі на… рускай мове. Але беларуская, як і трэба было чакаць, усё ж пераважала. Застаўся ў памяці верш пра родную вёску і раку Нача, які пачуццёва прачытала Юлія Дабравольская з Лунінеччыны, – цікавы, з іскрынкай паэтычнага таленту.
Спадабалася выступленне сям’і Паўла і Вольгі Кот з Івацэвіцкага раёна. Павел згадаў гісторыю вёскі Рэчкі, расказаў легенду аб паходжанні свайго, распаўсюджанага тут, прозвішча.(“Пасяліўся многа гадоў у нашай мясцовасці  чалавек з доўгімі і чорнымі вусамі. І было ў яго 12 сыноў і 6 дачок…”)
Надзвычай артыстычным, прадуманым, кампазіцыйна вытрыманым было прывітанне сям’і Дзмітрыя і Наталлі Абрамовічаў з Жамчужнага. Шчымлівым атрымаўся фінал – слова “сям’я” на ўзнятых уверх руках. І апостраф у руках малодшай дзяўчынкі, якой і чытаць яшчэ рана, не тое што разбірацца ў раздзяляльных знаках. А яна, такая шчаслівая, ужо добра ведае, якое ласкавае, цёплае, “салодкае” і “ўтульнае” гэтае слова…
За асобнымі сталамі право-дзіліся конкурсы “Прыродная аптэка” (неабходна было па водары назваць прапанаваную членамі журы лекавую расліну, расказаць пра яе прызначэнне і нават скласці вершаванае чатырохрадкоўе); “Папялушка” (мужчыны-ўдзельнікі “адсейвалі” грэчку ад гароху і разам са сваімі палавінамі на раскатаным цесце стваралі мудрагелістыя кампазіцыі); “Сялянскія прысмакі” (з аднолькавага набору гародніны трэба было прыгатаваць арыгінальную салату і падаць яе да судзейскага стала). На асфальтаваных пляцоўках каля сцэны мужчыны на хуткасць секлі дровы і з дапамогай сваіх гаспадынь выкладвалі з палення слова “ЛЁН”…
У гэты дзень кожны мог знайсці сабе занятак па душы. Працавалі спартыўная і дзіцячая пляцоўкі, літаратурная гасцёўня, выставы народных майстроў. Цікавым было выступленне баранавіцкіх аматараў даўніны з рыцарскага клуба “Шляхецкая застава”. Сваё вайсковае майстэрства яны дэманстравалі сумесна з вершнікамі коннага клуба “Троя”. “Бой” рыцараў і амазонак быў бязлітасным, многа мужных воінаў засталося ляжаць на полі бою. На працягу ўсяго свята не затухаў горан майстроў з клуба рыцарскай рэканструкцыі “Вольны птах”. Памятную падкову на шчасце атрымалі Сяргей і Вікторыя Арцёмчыкі, якія ў гэты дзень стварылі новую сям’ю. І не проста атрымалі: пад прыглядам вопытных кавалёў-рэстаўратараў Ігара Зіміна і Рамана Пакачко малады муж ўвішна шчыраваў ля кавадла, уласнымі рукамі “каваў” сваё шчасце.
Асаблівую атмасферу душэўнасці, цеплыні стварала тое, што бацькі і дзеці выступалі сумесна. Тым больш што сем’і ў асноўным шматдзетныя. “Люблю гатаваць, выпякаць і запякаць. А яшчэ я адчуваю гонар за тое, што нарадзіла і выхоўваю трое дзяцей”, – услед за Вольгай Шабанавай са славутага Астрамечава  гэтыя сакральныя словы ў розных варыянтах паўтарылі яшчэ чатыры маладыя маці. І як тут было не расчуліцца?!
А хваляваліся ўсе: і маладыя таты, якія ну трохі не давучылі ўсёй сям’ёй складзеныя вершы, і мамы, і, вядома ж, дзеці. Хваляваліся і прадстаўнікі раённых камітэтаў БРСМ, якія ні на хвіліну не адыходзілі ад прадстаўнікоў сваіх раёнаў: нешта мянялі на сталах, тлумачылі,  супакойвалі… Наогул, хочацца адзначыць цесную – без усялякай аглядкі на ўзрост і рангі  – паяднанасць людзей на свяце ў Жамчужным. “Сям’я”, “мая сям’я”, “наша сям’я” – словы, якія гучалі тут найчасцей.
А што такое сям’я, кожны разумее па-свойму. “Гэта творчасць, дзе няма ні апошніх, ні першых, дзе і радасць і гора – пароўну” (сям’я Паўлюкевічаў з Лунінеччыны). “Калі ў доме ўзаемапаразуменне, лад, цеплыня – гэта і ёсць сямейнае шчасце. У сумесным жыцці кожная дробязь – падзея” (сям’я Дабравольскіх з Ляхавіцкага раёна)…
А цяпер пра пераможцаў. Думаю, што аўтарытэтнаму журы (дарэчы, у яго ўвайшлі арганізатары праекта – прадстаўнікі абласнога і раённага выканкамаў, абкама БРСМ і абласнога аб’яднання прафсаюзаў) было далёка не проста вызначыць пераможцаў, бо адны сем’і падкуплялі сваёй гаспадарлівасцю, другія здзіўлялі творчымі здольнасцямі. Не кажу ўжо пра маладую прыгажосць: статныя гаспадыні ў нацыянальных строях выглядалі… не менш як старажытныя князёўны.
Без узнагарод не застаўся ніхто. Так атрымалася, што кожная сям’я была прызнана пераможцай ці прызёрам у адной з намінацый, і як напамін аб свяце “паселяцца” ў кватэрах яго ўдзельнікаў сучасныя бытавыя прыборы.
Агульнае трэцяе месца заняла сям’я Пашкевічаў з Жабінкаўскага раёна, другое – сям’я Ганчароў з Пружаншчыны. А прадстаўляць нашу вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу будуць Дзмітрый і Наталля Абрамовічы. Яны – мясцовыя, абое працуюць на птушкафабрыцы “Дружба”. Ды самае галоўнае – іх з’яднала Каханне…
Мікалай СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
Баранавіцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля