Беларусь

Прэзідэнт РБ звярнуўся з пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу


Сёлетняе Пасланне кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, з якім Аляксандр Лукашэнка звярнуўся 20 красавіка на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат парламента, можна назваць асаблівым.
Гэта датычыцца як зместу, так і самога падыходу. Пра адкрытасць і настрой беларускага лідара на шчырую сумленную размову з парламентарыямі гаворыць той факт, што тэлебачанне ўпершыню транслявала не толькі ўласна зварот, але і адказы Прэзідэнта на пытанні парламентарыяў. Забягаючы наперад, адзначым, што сярод іх былі і даволі вострыя, меркаванне кіраўніка дзяржавы па якіх хвалявала многіх.
Аляксандр Лукашэнка пачаў размову з таго, што супакоіў скептыкаў: нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс, Беларусь не адмаўляецца ад абавязкаў, якія ўзяла на гэтую пяцігодку. 2010 год – ключавы. Менавіта сёлета трэба закласці падмурак хуткага якаснага прарыву.
Прэзідэнт падкрэсліў, што асноўным арыенцірам ва ўсіх сферах дзейнасці з’яўляецца якасць. Гэта якасць тавараў і паслуг, кіравання і самае важнае – якасць жыцця людзей. «Для нашай краіны пытанні якасці заўсёды былі ў шэрагу прыярытэтных. Але асаблівую актуальнасць яны набываюць ва ўмовах выхаду з сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. «У сувязі з гэтым нам жыццёва неабходны якасны прарыў у айчыннай эканоміцы», – заявіў Прэзідэнт.
Каб дасягнуць пастаўленай мэты, неабходныя новыя стратэгіі. Першая з іх – тэхналагічная. Яе складальнікамі павінны стаць: структурныя пераўтварэнні эканомікі, якія прадугледжваюць пераважанне галін, што вырабляюць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю; стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей, здольных прапанаваць свету прынцыпова новыя віды тавараў і паслуг; фарміраванне рыначных стымулаў для павышэння інавацыйнай актыўнасці ўсіх суб’ектаў гаспадарання.
Наступны найважнейшы напрамак – выпрацоўка стратэгіі дзелавой актыўнасці. «Яе галоўны прынцып: канкурэнцыя – на змену манаполіям, – сказаў беларускі лідар. – Лічу, што наспела неабходнасць прыняцця Дырэктывы № 4 аб далейшай лібералізацыі эканомікі, накіраванай на разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы».
Далей Аляксандр Лукашэнка назваў транзітную стратэгію, якая прадугледжвае пашырэнне транспартных, камунікацыйных і фінансавых калідораў. «Гэта павінна стаць тым асноўным звяном, якое забяспечыць якасны рывок у эканамічным развіцці краіны і дасць магчымасць, выкарыстоўваючы геаграфічныя перавагі Беларусі, заняць сваю нішу ў міжнародным падзеле працы», – заявіў ён.
Энергетычная стратэгія павінна быць узмоцнена за кошт больш актыўнага выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, будаўніцтва новых сучасных энергетычных магутнасцей, а таксама дыверсіфікацыі паставак традыцыйных рэсурсаў. «Больш за тое, у будучай пяцігодцы энергетычная стратэгія стане асноўным напрамкам дзейнасці ўсіх органаў улады, у тым ліку – Прэзідэнта. Паколькі гэта галоўны фактар забеспячэння незалежнасці нашай дзяржавы», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прарыў у эканоміцы немагчымы без рэалізацыі стратэгіі ўсёабдымнай інфарматызацыі, якая арыентавана на прапанаванне шырокага спектра электронных паслуг для грамадзян і бізнэсу, пераход дзяржапарату на работу па прынцыпе інфармацыйнага ўзаемадзеяння. «Гэта мае для нашага грамадства вялікае эканамічнае і сацыяльнае значэнне. Тым больш, што мы гэта ўмеем рабіць не горш за самыя перадавыя краіны свету», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Гэтыя стратэгічныя напрамкі дадуць магчымасць Беларусі не толькі захаваць дастойнае месца ў сучасным зменлівым свеце, але і ісці наперад, працаваць значна больш эфектыўна, чым раней, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Вось адкуль аб’ектыўна вынікаюць імператыў якасці ў нашай дзяржаўнай палітыцы і матывацыя таго, што 2010 год аб’яўлены Годам якасці».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што змест гэтага імператыву іншы, больш глыбокі. «Сёння мала адміністрацыйнымі метадамі забяспечваць якасны выраб прадукцыі. Неабходна фарміраваць агульную культуру якасці ў краіне. Выхоўваць у нашых людзей устойлівае жаданне якасна жыць, працаваць, вучыцца, выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. Гэта павінна стаць ладам жыцця! Таму што якасць пачынаецца з канкрэтнага чалавека, з кожнага з нас – нашай кваліфікацыі, адказнасці, ініцыятыўнасці», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Вельмі важна мысліць па-новаму, пераадолець інерцыю і пасіўнасць, нявер’е ў свае сілы, недаацэнку ўласных магчымасцей», – падкрэсліў ён.
Мэтай намаганняў усяго народа павінна быць фарміраванне па-сучаснаму канкурэнтаздольных як эканомікі, так і дзяржавы, і нацыі ў цэлым. «Мы павінны дасягнуць у самай блізкай перспектыве еўрапейскага ўзроўню і якасці жыцця нашых людзей», – заявіў Прэзідэнт.
Сярод іншага, на думку Прэзідэнта, трэба перагле-дзець Інвестыцыйны кодэкс. Гэты асноватворны дакумент быў прыняты дзевяць гадоў таму, і цяпер наспела неабходнасць яго кардынальнага перагляду. Прэзідэнт указаў на неабходнасць рэалізацыі комплексу мер, накіраваных на значнае павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці нашай эканомікі.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што экспарт па-ранейшаму з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Беларусі. «Нам ёсць што прапанаваць замежнаму спажыўцу. Мы канкурэнтаздольныя па цане і якасці. Проста трэба працаваць у гэтым напрамку, а не сядзець і чакаць, калі да вас прыйдзе пакупнік, – сказаў ён. – Трэба дзейнічаць больш агрэсіўна, адваёўваючы па сегменту нават тыя рынкі, якія даўно падзелены. Нам не хапае прадпрымальнасці і дзелавога азарту».
Уся сельская гаспадарка Беларусі павінна быць пабудавана на прынцыпах кааперацыі і інтэграцыі. «Думаю, для нас аптымальна мець два ўзроўні кааперацыйна-інтэграцыйных структур: мясцовы і рэспубліканскі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Пры гэтым структуры мясцовага ўзроўню павінны фарміравацца пад дзеючыя і тыя, што ствараюцца, буйныя жывёлагадоўчыя комплексы, перапрацоўчыя і харчовыя прадпрыемствы».
На рэспубліканскім узроўні важна сфарміраваць пад рыначны спажывецкі попыт скразныя кааперацыйна-інтэграцыйныя структуры па тыпе транснацыянальных карпарацый, якія замыкаюць увесь тэхналагічны ланцужок, – ад атрымання сыравіны да вытворчасці гатовых высакаякасных прадуктаў харчавання, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду ў гэтым годзе распрацаваць праект новай дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі, разлічанай да 2015 года. «Паляпшэнне эканомікі аграпрамысловага комплексу – цэнтральная задача новай аграрнай праграмы краіны на наступны пяцігадовы перыяд, – сказаў Прэзідэнт. – У ёй павінны быць закладзены механізмы ўзмацнення канкурэнтаздольнасці і ўстойлівасці рыначнага развіцця АПК».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёлета ў поўнай меры захавана сацыяльная накіраванасць бюджэту. Сродкі, якія выдаткоўваюцца на сацыяльную сферу, не толькі не скарочаныя, але і па важнейшых пазіцыях нават павялічаныя. Расходы бюджэту на фінансаванне сацыяльна-культурнай сферы ў гэтым годзе, у параўнанні з мінулым, павялічаны на 14 працэнтаў.
«У Беларусі па-ранейшаму будзе праводзіцца палітыка стрымлівання росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, нават з улікам павышэння цэн на энерганосьбіты», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён папярэдзіў урад, што магчымыя рашэнні па змяненні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва могуць быць прынятыя толькі па меры росту даходаў насельніцтва.
Адна з істотных мер сацыяльнай абароны ў Беларусі – сацыяльны складальнік у палітыцы цэнаўтварэння.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб урад праводзіў пастаянны маніторынг цэн на спажывецкія тавары і паслугі. Неабходна «зрабіць усё для таго, каб, нягледзячы на кан’юнктуру рынку, рознічныя цэны на асноўныя прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці, а таксама лекі падтрымліваліся на прымальным для насельніцтва ўзроўні».
У той жа час, на думку Аляксандра Лукашэнкі, самай дзейснай мерай сацыяльнай палітыкі з’яўляецца забеспячэнне занятасці, калі чалавек можа самастойна рэалізаваць свае сацыяльныя запатрабаванні. Нават на фоне крызісных усплёскаў беспрацоўя ва ўсім свеце колькасць беспрацоўных у Беларусі застаецца на мінімальным узроўні на працягу шэрага гадоў (1-1,5 працэнта).
«Разам з тым, і ў нас мелі месца выпадкі, калі асобныя прадпрыемствы часова пераходзілі на рэжым няпоўнай занятасці, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Ураду і наймальнікам у такіх сітуацыях неабходна прымаць меры па падтрымцы людзей, якія апынуліся ў цяжкіх умовах». Размова ідзе аб перападрыхтоўцы, перанавучанні і павышэнні кваліфікацыі без адрыву ад вытворчасці, аб адраснай дапамозе тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Далейшае паляпшэнне матэрыяльнага становішча пенсіянераў, інвалідаў, тых, хто не можа ўдзельнічаць у грамадскай вытворчасці або знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, з’яўляецца адной з прыярытэтных задач дзяржавы, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў ад урада сур’ёзна заняцца пытаннем распрацоўкі гнуткіх сістэм аплаты працы, якія максімальна ўлічвалі б выніковасць укладу кожнага работніка, фінансавыя магчымасці прадпрыемстваў і асаблівасці галін эканомікі. «Важнейшая задача, якую мы павінны вырашыць у гэтым годзе, – павышэнне рэальнай заработнай платы ва ўсіх сферах і галінах эканомікі, на прадпрыемствах усіх форм уласнасці, – сказаў Прэзідэнт. – Гэта вельмі няпроста. Але тое, што мы абяцалі людзям, абавязаны выканаць».
Пры гэтым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, справа не толькі ў выкананні запланаваных паказчыкаў росту зарплаты – неабходна мадэрнізацыя сістэмы аплаты працы, адыход ад фармалізму і ўраўнілаўкі ў яе пабудове.
У рэальным сектары эканомікі неабходны дадатковыя меры па ўстанаўленні прамой залежнасці павышэння зарплаты ад паказчыкаў эфектыўнасці вытворчасці і якасці прадукцыі, павышэння прадукцыйнасці працы. «Ёсць грошы – плаці, разлічыся з бюджэтам па падатках, іншых плацяжах – і плаці», – сказаў Прэзідэнт.
У Беларусі ў будучыні захаваецца сацыяльная накіраванасць жыллёвай палітыкі, аднак гэта не азначае разгулу ўтрыманства.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў многіх захоўваецца імкненне незаконна атрымаць ад дзяржавы льготнае жыллё. Аднак дзяржава абавязкова дапаможа тым, хто сапраўды мае ў ім патрэбу. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што прыярытэтным напрамкам застаецца падтрымка шматдзетных, маладых сем’яў, якія сёння жывуць у цесных, неўладкаваных здымных кватэрах, у інтэрнатах, і самі палепшыць умовы свайго пражывання проста не могуць.
Сацыяльная абарона – гэта не толькі зарплата, пенсія, іншыя выплаты. «Сацыяльная абарона – гэта пакет гарантый, якія дае дзяржава ў розных сферах жыццядзейнасці, што забяспечваюць дабрабыт і здароўе людзей: у жыллёвым будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ахове здароўя, адукацыі, спорце, транспартным абслугоўванні і іншых галінах».
«Хворы чалавек у нас не пакінуты на вуліцы, – адзначыў Прэзідэнт. – А гэта ж сотні мільярдаў рублёў штогод, якія дзяржава траціць на ахову здароўя». Ідзе рэформа і мадэрнізацыя ўсёй сістэмы – ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў праз раённыя і абласныя бальніцы да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Гэта каштуе каласальных грошай – і ўсё робіцца для людзей.
Беларускі лідар адзначыў, што ў рэспубліцы захаваны савецкі ўзровень бюджэтнай адукацыі і нават павялічана доля бюджэтных асігнаванняў на гэтыя мэты. Бюджэт траціць каласальныя сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў, школ, ВНУ. «Мы развіваем навуку – не шкадуем на гэта грошай, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Самае страшнае – адстаць, а потым даганяць увесь цывілізаваны свет. Свет развіваецца больш дынамічна, чым гэта было ўчора».
Сістэма дашкольнай адукацыі аказалася не падрыхтаваная да «бэбі-буму», які ахапіў Беларусь. Прэзідэнт адзначыў, што дзіцячыя сады наведваюць толькі 79 працэнтаў дашкольнікаў. Асабліва вострая гэта праблема ў раёнах-новабудоўлях. На думку кіраўніка дзяржавы, Міністэрства адукацыі, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны знаходзіць шляхі яе вырашэння.
Дэмаграфія – адзін з асноўных крытэрыяў вызначэння індэкса чалавечага патэнцыялу. Беларусь у наступным пяцігоддзі павінна ўвайсці ў лік 50 краін з найбольшым ІЧП. Гэта адзін з мэтавых крытэрыяў нашай сацыяльна-эканамічнай палітыкі.
Закранаючы тэму культуры, Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі трэба сфарміраваць сістэму, здольную павялічыць прыток пазабюджэтнага інвеставання ў гэтую галіну. Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць дзяржаўныя рэсурсы на падтрымку культуры і мастацтва, увязаўшы фінансаванне з той ідэалагічнай і творчай аддачай, якую атрымлівае ад іх грамадства.
На завяршэнне Паслання Прэзідэнт закрануў пытанні знешняй палітыкі беларускай дзяржавы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля