Беларусь

Самародак: ён не разумее людзей, якія лянуюцца жыць…


Анатоль Галушка ўразіў нават Прэзідэнта Беларусі, які назваў яго “сапраўды вялікім, моцным чалавекам”
Светлыя фарбы з адценнямі колераў вясёлкі, акуратныя мазкі на палатне, лірычныя пейзажы, набліжаныя да рэалізму, – так можна коратка ахарактарызаваць творчасць самадзейнага мастака, які жыве ў вёсцы Магіліцы. Яго імя як творцы загучала каля 10 гадоў назад. Загучала і ўскалыхнула душы аматараў і прафесіяналаў мастацтва: Анатоль стварае карціны, будучы прыкаваным да ложка.

…У школе ён марыў пра бяскрайнія марскія прасторы. Пасля заканчэння яе паступіў у калінінградскую мараходку. Напачатку жніўня 1980 года, калі ўжо быў атрыманы выклік на вучобу, Анатоль са старэйшым братам пайшлі купацца на Шчару, да якой ад вёскі падаць рукой. Хлопцы добра ведалі рэчку, яе глыбокія мясціны і павароты. Малодшы першым нырнуў з берага, неўзабаве яго, нерухомага, хвалі вынеслі на паверхню. У раённай бальніцы медыкі канстатавалі: пералом шыйных пазванкоў і пашкоджанне спіннога мозгу. Дактары разводзілі рукамі: маўляў, дапамагчы нічым не могуць.

Бацька юнака даехаў ажно да вядомага ў той час на ўсю краіну лекара Мікалая Касьяна. Аднак той сказаў, што позна – пры такой траўме магчыма дапамагчы толькі ў першыя дні пасля здарэння. 9 месяцаў Анатоль быў на мяжы жыцця і смерці. Бацькі ў пошуках дактароў-выратавальнікаў прывезлі яго ў Быцень. Тут Анатоль пачуў: “Ты выжыў насуперак законам медыцыны – значыць, невыпадкова”.
За здароўе Анатоля змагаліся ўсе: бацька, маці, сястра, тры браты. Спачувалі вяскоўцы і знаёмыя. Бацька таксама хварэў на многія хваробы і праз чатыры гады пасля трагедыі ад перажыванняў “згарэў”.
– Я стараўся хоць неяк аблегчыць жыццё родным, – успамінае Анатоль. – Рукі не слухаліся, займаўся практыкаваннямі з дапамогай драўлянага турніка, змайстраванага над ложкам бацькавымі рукамі. Нанава вучыўся галіцца, трымаць лыжку. Вельмі хацелася заняцца нейкай канкрэтнай і карыснай справай. Узяўся за маляванне, якім захапляўся ў школе. Але аловак давялося ўстаўляць у зубы…
Напачатку ён не верыў у свае здольнасці. Першыя накіды алоўкам рабіў на шпалерах, затым папрасіў пэндзлі, фарбы, палатно. Першая работа – зімовыя елкі, за якімі назіраў праз акно. Непрыкметна назбіралася шмат карцін, якія па просьбе сяброў вырашыў паказаць івацэвіцкаму гледачу. Затым – персанальная выстава ў Брэсце, асобныя работы – на “Славянскім базары” і ў Мінску. Восенню 2011-га 29 пейзажаў мастака экспанаваліся ў фае Дома Урада краіны. 15 з іх былі раскуплены. Творчасцю Анатоля Галушкі зацікавіўся Прэзідэнт краіны і падчас візіту ў Івацэвіцкі раён перадаў мастаку падарункі і кветкі. Анатоль за гэта аддзякаваў Кіраўніку дзяржавы адной з лепшых сваіх работ.
Пейзажы Галушкі ўпрыгожваюць не толькі інтэр’еры раённага гісторыка-краязнаўчага музея, Бараўлянскага дзіцячага гематалагічнага аддзялення і дапаўняюць прыватныя калекцыі суайчыннікаў. З яго творчасцю знаёмы ў Еўропе, Канадзе, Амерыцы, Ізраілі. Беларускі самародак прыняты ў Сусветную асацыяцыю мастакоў-інвалідаў.
…Звычайная вясковая хата, на дварэ – гара дроў.
– На наступную зіму рыхтую, – кажа гаспадыня Лідзія Іванаўна і   ветліва запрашае зноў у хату пасля майго знаёмства з сядзібай.
Утульныя пакоі аздоблены шматлікімі карцінамі, тэлевізар, камп’ютар, побач – ложак. Анатоль рады гасцям, асабліва маёй спадарожніцы – даўняй знаёмай мастака і шчырай дарадцы, навуковаму супрацоўніку івацэвіцкага музея Святлане Свігло. Прапаноўвае нам прысесці побач. Жанчына адкрывае ў камп’ютары сайт, які выпадкова знайшла і па сваёй ініцыятыве змясціла на ім шмат работ мастака, чытае прыемныя водгукі на пейзажы, лірычныя радкі да многіх з іх. Слова за слова – і мы хутка знаходзім агульную мову: разважаем пра жыццё-быццё, мастацтва, паэзію.
– Адкрываю сябе яшчэ як паэта, – здзіўляецца без іскрынкі ганарлівасці Анатоль. – Іншы раз прыходзяць такія прыгожыя лірычныя радкі, што нельга не запомніць, не запісаць. Асобныя карціны падпісваю чатырохрадкоўямі. Сябры раяць рыхтаваць зборнік вершаў. Задумаўся ўсур’ёз і планую выдаць кніжку ў бліжэйшы год. Хаця рука працуе на нейкіх 20 працэнтаў, але галоўнае – галава.
Ён крыху памаўчаў і працягваў разважаць:
– Чалавек з’яўляецца на свет, каб рабіць дабро, не быць пустым месцам на гэтай зямлі. Не зайздрошчу тым, хто прыгожа апранаецца, мае крутую іншамарку і шыкоўныя харомы. Гэта ўсё – другаснае. Найперш – знайсці сваё месца ў жыцці, ствараць матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці ўласнымі рукамі і розумам, дадзеным ад Усявышняга. Цяпер жа многія лянуюцца жыць – жыць па-чалавечы…
Аляксей ГАНЧУК, “НТ”,
Івацэвіцкі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля