Школы падрыхтаваны да новага навучальнага года
Пытанне аб рабоце мясцовых выканаўчых органаў па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года традыцыйна абмяркоўваецца на жнівеньскім пасяджэнні аблвыканкама – яно адбылося напачатку гэтага тыдня. Дык як жа сёлета школы Брэстчыны сустрэнуць сваіх гаспадароў, чым парадуюць дзяцей?
Начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Міхаіл Ціханчук з упэўненасцю заявіў: у ходзе рэалізацыі рэгіянальных мерапрыемстваў і адпаведнага рашэння аблвыканкама гаррайвыканкамы забяспечваюць гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года. Што датычыць іх колькасці, дык 13 малакамплектных школ зачынены, тры вучэбна-педагагічныя комплексы рэарганізаваны ў сады-школы. Так, на базе новабудоўляў адчыняюцца дзіцячыя сады ў вёсцы Белавуша Столінскага раёна, ва ўсходнім мікрараёне №6 г. Брэста, а таксама ў вёсцы Гарадзечна Пружанскага раёна ў будынку былой пачатковай школы.
Міхаіл Ціханчук нагадаў, што цяпер на рамонт устаноў адукацыі ў мясцовых бюджэтах прадугледжана 94,03 мільярда рублёў у параўнанні з мінулагоднімі 80,1. Усюды арганізавана работа, адчуваецца адказнасць спецыялістаў за даручаную справу.
Праглядваючы слайды, удзельнікі пасяджэння пераканаліся, якія маштабныя рамонты школ зроблены, да прыкладу, у вёсках Глінка і Плотніца на Століншчыне, у Дзеткавічах Драгічынскага раёна. Шэраг навучальных устаноў знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі – у вёсцы Радастава Драгічынскага раёна, Гарбаха Іванаўскага, Хадосы і Вайская Камянецкага, Дамачава і Вістычы Брэсцкага, Гарадзішча, Ахова, Парахонск, што на Піншчыне…
Ну, а што не зроблена, як планавалася? Для падвозу навучэнцаў сельскіх школ трэба набыць 18 аўтобусаў, працягваецца аснашчэнне новай камп’ютарнай тэхнікай, нарыхтоўваецца паліва да ацяпляльнага сезона, рамантуюцца кацельні. Засмучае, што аб’яднанне “Брэстаблсельбуд” не завяршыла будаўніцтва сада-школы ў пасёлку Мірны Баранавіцкага раёна – таму заняткі першую чвэрць будуць праходзіць у старой школе, дзе зроблены касметычны рамонт. Выслухаўшы тлумачэнні кіраўніка гэтай будаўнічай арганізацыі Пятра Масальскага, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар зазначыў: “Калі сапраўды прыкладваюцца намаганні – ёсць вынік”. На яго думку, пытанне тэрмінаў здачы аб’ектаў, як і іншае – якасці работы, па-ранейшаму патрабуе пільнай увагі.
І хоць Міхаіл Ціханчук запэўніў членаў аблвыканкама ў тым, што 1 верасня ва ўсіх школах дзеці сядуць за парты і да 1 лістапада будуць завершаны перанесеныя па тэрмінах рамонты, пытанне будзе знаходзіцца на кантролі. “У лістападзе вернемся да яго і дадзім ацэнку работы кожнаму”, – падагульніў губернатар.
Акрамя вышэйзгаданага, яшчэ чатыры пытанні былі разгледжаны на прайшоўшым у панядзелак пасяджэнні аблвыканкама. Усе яны, якое ні ўзяць, па словах Канстанціна Сумара, цесна звязаны з развіццём эканомікі і ўносяць пэўны ўклад у развіццё народнагаспадарчага комплексу вобласці. Так, выказваючыся па пытанні “Аб ходзе выканання рашэння аблвыканкама ад 18 чэрвеня 2007 года №431 “Аб развіцці прыдарожнага сэрвісу на тэрыторыі вобласці” і мерах па ўдасканаленні прыдарожнай інфраструктуры”, Канстанцін Андрэевіч заўважыў, што “гэта тыя ж інвестпраекты. Малыя? Але з малога атрымліваецца вялікае і значнае”.
Дакладваючы па згаданым пытанні, старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Уладзімір Парашка расказаў, як у вобласці выконваецца праграма “Дарогі Беларусі”, распрацаваная на 2006-2015 гады, іншыя дакументы, накіраваныя на развіццё прыдарожнага сэрвісу. Толькі сёлета з 27 запланаваных аб’ектаў работы па 24-х з іх ужо закончаны, а па астатніх трох будуць рэалізаваны да канца года. А ў цэлым, згодна з заданнем праграмы, на працягу 2008-2010 гадоў планавалася стварыць 48 аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу – уведзена ў эксплуатацыю значна больш, 51 аб’ект, і ў стадыі будаўніцтва знаходзіцца яшчэ 10. Такім чынам, на дарогах вобласці зараз дзейнічае звыш 160 аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, у тым ліку 54 – грамадскага харчавання. Але на гэтым работа спыняцца не будзе. Асобная і, адчувалася, вельмі надзённая размова зайшла пра колькасць і якасць паслуг, якія аказваюцца наведвальнікам.
“Чаму на гэтых аб’ектах няма сувенірнай прадукцыі, паштовак, газет? Дзе самыя неабходныя медыкаменты, якія прадаюцца без рэцэптаў?” – пытанні былі пастаўлены старшынёй аблвыканкама невыпадкова. І тэма ўзнікла не толькі ў дачыненні дарог рэспубліканскага значэння. Канстанціна Сумара цікавіла, ці заклапочаны азначанай праблематыкай старшыні пасялковых і сельскіх Саветаў, наколькі ініцыятыўныя ў іх садзейнічанні. А тое, што яны не павінны заставацца ўбаку, –
адназначна, трэба мяняць падыходы да гэтага пытання і працаваць у поце чала, не сумняваецца губернатар.
Яшчэ адзін немалаважны аспект, які закранулі ўдзельнікі пасяджэння ў час абмеркавання, – нацыянальны каларыт аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. “Хоць і рэкамендуецца афармляць інтэр’еры ў беларускіх традыцыях з выкарыстаннем мясцовага каларыту, ды толькі адзінкі гэта ажыццяўляюць. Увогуле ж, адметных рыс Брэстчыны малавата”, – прызнаў Уладзімір Парашка. “А чаму тады нашай архітэктурнай службе загадзя не схіліць інвестараў да нацыянальнага каларыту?” – справядліва спытаў Канстанцін Андрэевіч.
Сваім пунктам гледжання на дадзеную праблематыку падзяліўся намеснік міністра – дырэктар Дэпартамента “Белаўтадар” Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Анатоль Лыцін. Ён адзначыў: хоць Брэсцкая вобласць не самая буйная ў краіне, ды па колькасці аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу займае другое месца. А далей акцэнтаваў увагу прысутных на стварэнні і аказанні неабходнага мінімуму паслуг. Для гэтага трэба імкнуцца развіваць комплексы на дзейнічаючых АЗС, што спросціць задачу і дазволіць панізіць кошт аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Між тым, такіх прыдарожных комплексаў з поўным наборам сэрвісных паслуг на Брэстчыне практычна няма – хіба што за рэдкім выключэннем, якое складаюць АЗС ААТ “БелТрансОіл”, ІП “Лукойл-Беларусія” і асобныя прадпрыемствы РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт”, размешчаныя на аўтадарозе М1/Е30.
Трэба ствараць і турыстычныя маршруты. “На жаль, рух аўтобусаў з турыстамі не наладжаны”, – канстатаваў Анатоль Лыцін. Для параўнання ён прывёў Турцыю, у якой турыстаў мэтанакіравана вязуць у пэўныя месцы. А хіба берасцейцам няма чаго паказаць? Узяць хаця б Белавежскую пушчу, вядомую ва ўсім свеце…
На ўсіх аўтадарогах – як рэспубліканскага, так і мясцовага значэння – павінен быць сэрвіс, комплекс паслуг, які дазваляў бы людзям рухацца з задавальненнем і камфортам. Нягледзячы на тое, што папярэдняе рашэнне аблвыканкама выканана, развіццё дарожнага сэрвісу знойдзе свой працяг. Самае ж першае, што трэба зрабіць – дапоўніць і пашырыць комплекс паслуг. Гэта толькі адна з задач, акрэсленых кіраўніком вобласці перад службамі Брэстчыны і мясцовай уладай.
Аб ходзе рэалізацыі ў Брэсцкай вобласці Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх пасяленняў на 2007-2010 гады праінфармаваў першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Леанід Мартынюк. Вось толькі некаторыя станоўчыя лічбы, прыведзеныя ім: за 2007-2009 гады аб’ёмы вытворчасці ў малых гарадах выраслі на 33,6 працэнта, спажывецкіх тавараў – на 20,6; колькасць малых прадпрыемстваў павялічылася ў 3,5 раза; створана больш за 16,6 тысячы новых рабочых месц; узровень беспрацоўя панізіўся з 2,3 працэнта да 1,1; заработная плата ўзрасла ў 1,5 раза.
Але не ўсюды назіраецца абнадзейваючая дынаміка. І хоць за першае паўгоддзе гэтага года ў цэлым па малых і сярэдніх гарадскіх пасяленнях забяспечаны павышаныя параметры развіцця, усё ж нізкімі тэмпамі выконваецца прагноз па колькасці малых прадпрыемстваў, а таксама заданне па стварэнні новых вытворчасцей. Па выніках прайшоўшага першага паўгоддзя не спраўляюцца з большасцю прагнозных паказчыкаў гарады Столін, Давыд-Гарадок і рабочы пасёлак Рэчыца. Летась і сёлета ніводнай новай вытворчасці не створана ва ўжо ўпамянутым Давыд-Гарадку, Ружанах і Шэрашава, не выконваецца заданне і ў Іванаве, Камянцы, Мікашэвічах, Століне. Ніводнага малога прадпрыемства ў 2010 годзе не з’явілася ў Століне, Антопалі, Лагішыне, Целяханах, Рэчыцы, Шэрашава. Па-ранейшаму Маларыце не па сілах гадавое заданне па зніжэнні ўзроўню беспрацоўя…
Як бачым, існуе шмат недапрацовак у выкананні Дзяржаўнай праграмы. “Таму ёю будзем займацца і ў будучай пяцігодцы, – зазначыў Канстанцін Сумар, даручыўшы ўнесці адпаведны пункт у рашэнне аблвыканкама. – І хоць праграма – комплексная, за ёю павінен бачыцца ўдзел кожнага. А ў нас яшчэ маюцца вялізныя рэзервы…” Пакуль жа палавіне рэгіёнаў трэба сур’ёзна папраўляць становішча. Прычым – у самы бліжэйшы час.
Яшчэ два пытанні – аб ходзе выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі ў вобласці Праграмы развіцця ўнутранага гандлю Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады, зацверджаных рашэннем аблвыканкама ад 19 лютага 2007 года №93, і мерах па нарошчванні рознічнага тавараабароту; аб рабоце БАУП “Упраўленне ЖКГ” і падведамасных яму прадпрыемстваў – разгледзелі ўдзельнікі чарговага пасяджэння аблвыканкама.
Падкрэсліўшы, што “любы гандаль – гэта таксама эканоміка”, Канстанцін Сумар паабяцаў па выніках года паглядзець, наколькі прасунуліся, у прыватнасці, па адкрыцці кропак грамадскага харчавання і брэсцкіх тавараў, – а гэтым трэба займацца штодзень. “Па экспарце сёння таксама ёсць цудоўная магчымасць паказаць, як умееце зарабляць валюту ў іншых краінах”, – гэтую рэпліку губернатар адрасаваў маладому кіраўніку абласнога спажывецкага таварыства Алегу Несцеруку. У адносінах да жыллёва-камунальнай гаспадаркі кіраўніцтва вобласці скіравала размову на тое, што яшчэ трэба выправіць, каб людзі менш наракалі на гэтую службу…
“Вынікі, якія штогод атрымліваем, яскрава сведчаць: эканоміка развіваецца ўстойліва, мае пэўны запас трываласці, нягледзячы ні на якія абставіны, – падвёў своеасаблівую рысу Канстанцін Сумар. – Але пакуль што нас не задавальняе якасць работы. Многім не хапае цярпення, каб даводзіць справу да лагічнага завяршэння”. А новая пяцігодка запатрабуе высокаэфектыўнай работы. І да гэтага трэба быць гатовымі.
Галіна МАЗІНА, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.