Што агульнага ў сённяшніх беларускіх эмігрантаў з французскімі Бурбонамі?..
Што агульнага ў сённяшніх беларускіх эмігрантаў з французскімі Бурбонамі, якія пасля звяржэння Напалеона вярнуліся да ўлады?
Сённяшняе беларускае грамадства пераважна апалітычнае. Гэта відаць па многіх прыкметах, самымі яскравымі з якіх можна лічыць няведанне сярэднім абывацелем элементарных, здавалася б, рэчаў. Напрыклад, не кожны беларускі грамадзянін з лёгкасцю адкажа на пытанне, ці існуе ў краіне смяротнае пакаранне.
Абыякавасць да палітыкі стала відавочнай нават для апазіцыйных груповак, якія сёння больш гавораць не пра “крывавасць рэжыму”, а пра ямкі на дарогах ды абарону старых халуп, якія спрабуюць выдаваць за гісторыка-культурныя каштоўнасці. Такім чынам, намацваюцца новыя шляхі да сэрца беларускага выбаршчыка, бо ранейшыя сцежкі нікуды не прывялі. Новая тактыка прапануе абывацелю замест гадамі прапагандаванага вобраза ня-зломнага змагара з рэжымам “свайго хлопца”, які нібыта зможа дапамагчы вырашыць надзённыя праблемкі.
Нашто спатрэбілася змена тактыкі – пагаворым іншым разам. Цяпер цікава іншае – можа быць, змена тактыкі “сяброў народа” выклікана змяненнем ідэалагічных установак?
На самай справе ідэалагічныя прынцыпы застаюцца ранейшымі. Хай ужо даруюць апаненты “рэжыму”, што ў адносінах да іх ужываю слова “ідэалогія”, якое яны выкарыстоўваюць выключна ў лаянкавым кантэксце і толькі ў адносінах да сваіх ідэйных ворагаў. Але трэба прызнаваць відавочнае – свае прынцыпы нашы апаненты праводзяць сістэмна, часам ненавязліва і крэатыўна, а галоўнае – не здраджваюць сваім пазіцыям.
Не прэтэндую на ўсебаковы аналіз, але ўсё ж такі некаторыя моманты закрану.
“Нічога не забылі і нічому не навучыліся”, – так расійскі цар Аляксандр Першы ахарактарызаваў Бурбонаў, якія пасля звяржэння Напалеона зноў сталі кіраваць Францыяй. Бурбоны, якія вярнуліся дзякуючы штыкам інтэрвентаў, рабілі выгляд, што ніякай рэвалюцыі і Напалеона не было, таму можна ўспрымаць Францыю ранейшым набожным каталіцкім каралеўствам. Тое, што краіна не тая, яны змаглі пабачыць праз 11 месяцаў пасля вяртання, калі Напалеон трыумфальна ўзнавіў сваю ўладу пры абсалютнай падтрымцы французскага народа.
Сёння мы, беларусы, як аказваецца, таксама маем эмігрантаў, што прынцыпова не заўважаюць рэалій. Адна з мінскіх “незалежных” газет некалькі месяцаў таму надрукавала ўспаміны дэпутата Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання Сяргея Навумчыка, які ўжо многа год знаходзіцца за межамі Беларусі. Адразу ж шэраг аўтараў далі панегірычныя водгукі на гэтыя ўспаміны. Хвалілі за… аб’ектыўнасць.
Засумняваемся, аднак, у аб’ектыўнасці. Па-першае, таму, што аўтар – удзельнік тых падзей, а не пабочны назіральнік, а ўдзельнік, як правіла, не дае аб’ектыўную ацэнку. Часам такое здараецца, асабліва калі мінае час, але не ў нашым выпадку. Аўтар і ў 2010-х гадах хвацка аперуе катэгарыяльным апаратам канца 80-х –
пачатку 90-х мінулага стагоддзя, шчыра думаючы, што слова “наменклатура” да гэтай пары знаходзіцца ў лаянкавым запасе сярэдняга беларуса.
Але калі эпізоды з “наменклатурай” выклікаюць усмешку, то іншыя – агіду. Пра адзін з такіх момантаў беларускія газеты пісалі ў тыя часы, пра якія бае аўтар. Сёння Навумчык пра яго зноў нагадаў.
У бурлівыя жнівеньскія дні 1991 года на сесіі Вярхоўнага Савета БССР было ўзнята пытанне пра інцыдэнт, звязаны са знявагай дэпутата Валерыя Ціхіні. Вось як пра гэта гаворыць Навумчык, даючы ў сваіх успамінах стэнаграму дэбатаў на сесіі:
“Антон Зеляноўскі, сакратар ЦК КПБ, народны дэпутат СССР: “Антыкамуністычны псіхоз, учынены сёння парламенцкай Апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце нашай рэспублікі, назваць дэмакратыяй ніяк нельга. Гэтак жа, як нельга назваць дэмакратыяй і тое, што сёння адбываецца на плошчы імя Леніна. Гэта ахлакратыя, улада натоўпу. Ідзе адкрыты псіхалагічны тэрор супраць камуністаў, абразы і нават фізічны гвалт. У перапынку сесіі натоўпам на плошчы быў абражаны, прыніжаны і падвергнуты фізічнаму гвалту народны дэпутат БССР, сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Ціхіня Валерый Гур’евіч, які вымушаны быў звярнуцца па хуткую дапамогу ў паліклініку… Што датычыць пытання нацыяналізацыі маёмасці КПБ, дык гэта відавочна супрацьзаконная акцыя”.
Сяргей Навумчык (Апазіцыя БНФ): “Лічу абавязковым удакладніць тую інфармацыю, якую зрабіў тут вам і народу рэспублікі, які слухае трансляцыю, сакратар ЦК Зеляноўскі. Наколькі мне вядома, падчас перапынку да Валерыя Гур’евіча Ціхіні не было зроблена ніякіх спроб фізічнага ўздзеяння. Адзінае, што ён быў ачэплены колам і апляваны ў літаральным сэнсе…”
“Апляваны ў літаральным сэнсе…” У той час, калі гэта было сказана, яшчэ ў пэўнай ступені можна было зразумець аўтара выказвання, зыхо-дзячы з эмацыйнага напружання тых шалёных дзён. Але ён і сёння, больш чым праз 20 год, смакуе гэты эпізод, замест асуджэння дзеянняў ап’янелага ад уседазволенасці быдла, якое плявала ў твар дэпутату, доктару навук, прафесару, міністру юстыцыі. Нічога не забыў Навумчык. Нічому не навучыўся.
Зараз нешта падобнае мы бачым у суседняй Украіне, дзе ўсё актыўней ідуць спробы дэстабілізаваць работу дзяржаўнага апарату пры дапамозе некалькіх соцень людзей, якім вось ужо тры месяцы не трэба ні на работу хадзіць, ні сем’і карміць. (Зразумела, калі стаяць яны “за ідэю”, як гэта спрабуюць давесці тыя СМІ, што настойліва лепяць з іх вобраз рамантычных рэвалюцыянераў).
Дарэчы, падтрымку ўкраінскай “рэвалюцыі” нядаўна выказала “Рада БНР” – экзатычны гурток амерыканскіх пенсіянераў беларускага паходжання, членам якога з’яўляецца Сяргей Навумчык.
У гэтым годзе наша краіна адзначыць адну круглую дату – 20-годдзе Беларусі як сацыяльнай краіны. Хутчэй за ўсё, гэтую дату не абмінуць сваёй увагай розныя дзеячы кшталту згаданага мемуарыста. Не маючы рэальных дасягненняў і заслуг, будуць цешыць сваю фанабэрыю “аналітыкай” і “мэморыямі”. Не дасягнуўшы нічога на ніве палітыкі, будуць спрабаваць сябе ў пісьменніцтве. Будуць паказваць сваё меркаванне як адзіна правільнае. Пры гэтым чужую думку наўрад ці хто будзе браць пад увагу, традыцыйна абмежаваўшыся навешваннем ярлыкоў, не заўважаючы пры гэтым уласнае сектанцтва.
А між іншым, грамадскую думку трэба ўлічваць. Бо нават на тым сайце, дзе друкаваліся водгукі на ўспаміны і вялася ажыўленая дыскусія сярод чытачоў, абмеркаванне скончылася татальным пройгрышам прыхільнікаў версіі нашай нядаўняй гісторыі, выказанай Навумчыкам.
Алег КУНЕЦ,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.