Сёння горад над Бугам сустракае ўдзельнікаў IХ Рэспубліканскага экалагічнага форуму, прысвечанага Міжнароднаму году лясоў
Тамара ЯЛКОЎСКАЯ,
старшыня абласнога камітэта
прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
“НЯХАЙ КОЖНЫ ПАСАДЗІЦЬ ДРЭЎЦА
Сёлета эстафету дзявятага Рэспубліканскага экалагічнага форуму прыняла Брэстчына. Горад над Бугам 26-27 жніўня сустракае пераможцаў і ўдзельнікаў мерапрыемства з усіх куткоў Беларусі, а таксама шматлікіх гасцей – прадстаўнікоў экалагічных службаў Расіі, Украіны, Латвіі, Польшчы.
Кожны форум мае свой лейтматыў, сваю ідэю. Дэвіз сёлетняга, які праходзіць у Міжнародны год лясоў, – «Жыць у гармоніі з прыродай – шлях у будучыню». І гэта невыпадкова. Сёння нельга недаацэньваць той узрастаючай нагрузкі на навакольнае асяроддзе, выкліканай інтэнсіўным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, урбанізацыяй і іншымі фактарамі, і тых узніклых глабальных праблем сучаснасці – змяненне клімату, апустыньванне, зніжэнне біялагічнай разнастайнасці, збядненне водных крыніц. Многія праяўленні рэакцыі прыроды на неразумныя, варварскія адносіны да яе крануліся і нашай вобласці.
З’яўляючыся сучаснымі людзьмі, мы хочам, каб нашы дзеці, унукі, нашчадкі жылі на цудоўнай зялёнай планеце, у адным з прыгажэйшых яе куткоў – на Брэстчыне. Таму экалагічны форум для нас павінен стаць не проста масавым экалагічным мерапрыемствам, а сімвалам аб’яднання намаганняў эколагаў і грамадскасці па захаванні прыроды. Экалагічны дабрабыт, чысціня і добраўпарадкаванасць Берасцей-шчыны залежаць ад канкрэтных дзеянняў кожнага.
Другі дзень работы дзявятага Рэспубліканскага экалагічнага форуму пачынаецца з пасадкі алеі дрэў. Упэўнена, што гэты рукатворны зялёны куток прыроды стане пачаткам вялікіх і значных экалагічных акцый і мерапрыемстваў па паляпшэнні навакольнага асяроддзя.
Мы заклікаем кожнага жыхара пасадзіць дрэва, вырасціць кветку, добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол свайго дома, школы, дзіцячага садка, прадпрыемства, арганізацыі.
Мы запрашаем грамадскасць, сродкі масавай інфармацыі і грамадскія арганізацыі аб’яднаць намаганні для ўстойлівага развіцця і росквіту нашай Беларусі.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.