Беларусь

Слова да чытача: у фармаце даверу


У 2013-ы кожны з нас увайшоў з новымі надзеямі на лепшыя змены ў жыцці. Наш рэдакцыйны калектыў таксама не выключэнне. Мы верым, што дыялог паміж журналістамі і чытачамі, прыхільнікамі мовы Коласа і Купалы, будзе працягвацца ў фармаце ўзаемнага даверу і шчырай павагі. Таму прыгожае, мілагучнае слова “дзякуй” адрасуем чытачам, якія падтрымалі нас – пастаянным падпісчыкам ды новым. І вельмі спадзяёмся на добрае сяброўства, плённае супрацоўніцтва.
Нас радуе пастаянная падтрымка кіраўніцтва Столінскага, Ганцавіцкага, Маларыцкага раёнаў. “Дзякуй” мы кажам надзейным сябрам “Народнай трыбуны”, сярод якіх – старшыня Беларускага аграпрамысловага саюза Аляксей Скакун, генеральны дырэктар “Брэстхлебпрама” Леанід Брыч, кіраўнік Баранавіцкага хлебазавода Уладзімір Кур’ян, старшыня СВК “Імянінскі” Драгічынскага раёна Уладзімір Сухарэвіч, дырэктар Пінскага мясакамбіната Андрэй Мулярчык, старшыня Брэсцкага райспажыўтаварыства Мікалай Чуйко… І гэты спіс, на шчасце, можна працягваць.
Нашу падзяку мы дасылаем і паштавікам на чале з кіраўніком філіяла РУП “Белпошта” Валянцінай Пух. З іх дапамогай лягчэй было весці падпіску. Дзякуй усім тым, з кім цэлы год мы ішлі па жыцці, і тым, з кім сёлета будзем разам шукаць адказы на адвечныя пытанні…
Калі заходзіць гаворка пра работу газетчыкаў, найчасцей ужываецца выраз “пішуць летапіс роднага краю”. Удумаемся ў сэнс гэтых ходкіх слоў… Сапраўды, журналісты апавядаюць пра падзеі, даючы ім пэўную ацэнку. Сустракаючыся з рознымі людзьмі – ад пенсіянера да чыноўніка высокага рангу, выносячы іх меркаванні на шырокую публіку, фарміруюць грамадскую думку. Думку пра тое, як цяпер нам жывецца, як будзем і як хочам жыць. А гэта не можа не хваляваць усіх тых, хто лічыць сябе грамадзянінам сваёй краіны і ганарыцца прыналежнасцю да беларусаў і беларусчыны…
Але жыццё – як дзяржавы, так і чалавека – мае шмат граняў, кожная з іх па-свойму непаўторна-вабная. Ды, згадзіцеся, нельга ахапіць неабдымнае. Таму на першым месцы ў журналістаў “НТ” будзе адлюстраванне духоўнага жыцця Берасцейшчыны, тэмы культурна-гістарычныя і краязнаўчыя, якія цікавяць і маладых, і сталых.
Давайце будзем гаварыць не толькі пра дзень сённяшні, але і мінулы – узгадваючы пра свае карані, асэнсоўваючы, хто мы і адкуль. Давайце не будзем чакаць канца свету, а смела паглядзім у будучыню. І разам падумаем, што рабіць, каб з кожным годам жылося камфортней на ўтульнай бацькоўскай зямлі… Хіба ж гэта не наш агульны інтарэс? А калі кожны будзе працаваць напоўніцу, з душой, дык можна дасягнуць значна большага, чым маем сёння. Таму прапануем вам, дарагія нашы чытачы, разам ствараць летапіс Брэстчыны. Слова – гэта таксама справа. А для гэтага давайце ладзіць стасункі ў фармаце поўнага ўзаемнага даверу.  Пішыце, тэлефануйце, прыходзьце! Будзем разам!
Галіна МАЗІНА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля