Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар адкрыў новы завод у СЭЗ “Брэст”
Уся справа – у трубе
Прыкладна ў 12 мільёнаў еўра ацэньваецца інвестыцыйны праект, рэалізацыяй якога ў свабоднай эканамічнай зоне “Брэст” займаецца ЗТАА “Аметыст Метал Груп”. Гэта завод па вытворчасці металічных труб і вырабаў з іх, якія прымяняюцца ў мэблевай, кавальскай вытворчасцях, будаўнічай індустрыі. І на гэтым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё першай чаргі прадпрыемства. Пачала працаваць італьянская лінія, права ганаровага пуску якой было дадзена старшыні абл-выканкама Канстанціну Сумару.
Мы ўсе паглядзелі, як працуе вытворчая лінія. Прымаючы металічную стужку ў аўтаматычным рэжыме, яна згортвае яе ў трубу і зварвае. Пры апрацоўцы зварачнага шва здымаецца металічная стружка, якая тут жа прасуецца і выходзіць ужо ў форме акуратных брыкетаў другаснай сыравіны, гатовай да перапрацоўкі. Аўтаматызаваная лінія можа выпускаць трубы як круглага, так і прамавугольнага сячэння.
Кіраўнік вобласці адзначыў, што, нягледзячы на крызісныя з’явы ў сусветнай эканоміцы, прыток замежнага капіталу ў Беларусь не спыняецца. Будаўніцтва новага завода ў Брэсце таварыствам “Аметыст Метал Груп” з’яўляецца яшчэ адным таму пацвярджэннем. На новым заводзе будзе створана больш за 100 рабочых месцаў. Пры трохзменнай рабоце прадпрыемства плануе выпускаць прадукцыі больш чым на 40 мільёнаў долараў у год.
“Безумоўна, гэта павысіць экспартны патэнцыял Брэстчыны”, – перакананы Канстанцін Сумар. А кіраўнік кампаніі-заснавальніка новага рэзідэнта СЭЗ “Брэст”, маскоўскі бізнесмен Давід Мінасянц шчыра падзякаваў кіраўніцтву вобласці і адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны за падтрымку ў ходзе рэалізацыі праекта і выказаўся за далейшае плённае супрацоўніцтва.
Генеральны дырэктар будтрэста №8
Міхаіл Водчыц (гэтая арганізацыя была генпадрадчыкам будоўлі) уручыў сімвалічны ключ дырэктару завода Мікалаю Панасюку з пажаданнямі, каб прадпрыемства паспяхова развівалася. Менавіта на развіццё скіраваны калектыў завода. А аб тым, што так яно і будзе, найлепшым чынам гаворыць падрыхтаваная побач пляцоўка для яшчэ адной новабудоўлі – другой чаргі прадпрыемства.
Юрый МАКАРЧУК, “НТ”,
г. Брэст.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.