Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар праверыў, як вядуцца будаўнічыя работы на малочна-таварных фермах вобласці

Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар праверыў, як вядуцца будаўнічыя работы на малочна-таварных фермах вобласці


Да 15 снежня неабходна завяршыць будаўнічыя работы на аб’ектах праграмы па рэканструкцыі малочнатаварных ферм, а са студзеня наступнага года на ўсіх абноўленых МТФ паставіць жывёлу

Жывёлагадоўчая галіна перажывае сапраўдны бум. Малако і мяса сталі для Беларусі своеасаблівым каштоўным прыродным рэсурсам, доля якога ў экспарце краіны значная. Жывёлагадоўля можа і павінна забяспечваць харчовую бяспеку рэспублікі і станоўча паўплываць на рост яе экспартнага патэнцыялу. Вось чаму аграпрамысловы комплекс атрымаў даручэнне ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі правесці рэканструкцыю малочнатаварных ферм з мадэрнізацыяй і асваеннем самых сучасных тэхналогій у вытворчасці каштоўнай сыравіны. Адпаведнае рашэнне сёлета прыняў Урад краіны.
На Брэстчыне павінны ўвесці ў строй 188 малочнатаварных ферм. Рэгіён узяў на сябе і дадатковыя абавязацельствы – у выніку праграма мадэрнізацыі МТФ дасць вобласці больш за 200 абноўленых ферм. Работы вядуцца за кошт гаспадарак, а падчас выканання згаданай праграмы Брэсцкая вобласць адзначаецца як лепшая ў краіне. Але прызнанне гэта-га – не падстава для супакаення. Вось чаму старшыня аблвыканкама бярэ з сабой кіраўнікоў раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, спецыялістаў аблсельгасхарчу і ў такім пашыраным складзе інспектуе новабудоўлі. Чарговы рэйд па фермах адбыўся на гэтым тыдні, 27 лістапада.
Кіраўнік вобласці прызнаўся журналістам: “Гэты аб’езд у нас атрымаўся трохі спантанна, але, думаю, актуальнасць яго не пацярпела. Даручэнне Прэзідэнта выконваецца. Зараз у нас прыкладна 58 працэнтаў ферм па праграме ўжо ўведзены ў эксплуатацыю і жывёла на іх дае малако. Астатнія МТФ уводзім па графіку да 15 снежня: завяршаем будаўнічыя работы, ставім і наладжваем абсталяванне, а з 1 студзеня – запаўняем памяшканні дойным статкам”.
Канстанцін Сумар з удзельнікамі паездкі наведаў Жабінкаўскі і Кобрынскі раёны. У ААТ “Ракітніца” паглядзелі фермы Стрыганец і Ракітніца. Калі на першай яшчэ шчыруюць будаўнікі, дык на другой ужо стаяць каровы. Прычым размяшчалі іх не як атрымаецца, а кіруючыся перадавымі рэкамендацыямі сельскагаспадарчай навукі: адразу пасартавалі жывёлін па надоі і іншых паказчыках і кормяць кожную, зыходзячы з яе прадукцыйнасці. Такога падыходу да справы губернатар запатрабаваў на кожнай ферме, бо праграма рэканструкцыі і мадэрнізацыі МТФ задумвалася не дзеля абнаўлення сцен жывёлагадоўчых памяшканняў, а дзеля павелічэння прадукцыі. Канстанцін Андрэевіч перакананы: пры тых кармах, якія ёсць у гаспадарках, можна атрымліваць высокія надоі. Яшчэ адзін рэзервовы фактар – адмовіцца ў гаспадарках ад уласнага прыгатавання кармоў. На гэта кіраўнік вобласці зноў звярнуў увагу на Кобрыншчыне: ёсць жа ў нас камбікормавыя заводы, якім па сілах забяспечыць фермы збалансаванымі па пажыўных рэчывах кармамі.
У ААТ “Жабінкаўскі” агледзелі малочнатаварную ферму Навасады. Тут – 100-працэнтная рэканструкцыя. Раней на МТФ было 270 кароў, пасля заканчэння мадэрнізацыі стане 500. На 200 галоў павялічыцца і дойны статак на ферме Вярхі СВК “Арэпічы” – за 7 месяцаў старыя будынкі непазнавальна змяніліся – 800 рагулям хопіць месца. “Падрасло” пагалоўе і на ферме Агароднікі СВК “Вазнясенскі”: 550 супраць ранейшых 220. Побач – сіласныя траншэі. Кожны праект павінен ператварыцца ў максімальна зручны вытворчы комплекс.
На Кобрыншчыне ў СВК “Батчы” старанна добраўпарадкоўваюць тэрыторыю аднайменнай фермы. Будавалі яе гаспадарчым спосабам – сваімі сіламі. На гэтай ферме, як і на іншых у раёне, уладкавалі на вуліцы “кармавыя сталы”. Разлічваюць атрымліваць малака больш і лепшай якасці.
Раз-пораз кіраўнік вобласці звяртаў увагу старшынь райгарвыканкамаў на тое, што павінна ісці следам за завяршэннем будаўнічых работ. “Мы невыпадкова робім акцэнт на завяршальны этап, – гаворыць Канстанцін Сумар. – Ставіцца задача – зрабіць усё, каб хутчэй закончыць работы ў комплексе, каб пабудавалі ці рэканструявалі не толькі будынак, але каб ферма была з паўнавартасным кармавым дваром, абгароджана, як належыць, і г. д. Кіраўнікам часам патрэбен лікбез, каб усвядомілі – дробязей ні на якой вытворчасці не бывае”.
Перад пачаткам вялікага абнаўлення кожны раён сам вызначыў, колькі МТФ і дзе рэканструяваць. Найбольш такіх аб’ектаў – на Століншчыне, Лунінеччыне, у некаторых іншых раёнах. Зацікаўленасць у паспяховым заканчэнні работ відавочная. Напрыклад, тэрыторыя і магчымасці Кобрыншчыны, па словах Канстанціна Андрэевіча, дазваляюць раёну стаць валаўтваральным па вытворчасці сельгаспрадукцыі – такім, як Баранавіцкі, Камянецкі, Пружанскі. “Усё залежыць ад якасці арганізацыі работ, – заўважае губернатар. – Мала кіраўніку толькі даць каманду і потым глядзець, як яна выконваецца. Трэба самому, закасаўшы рукавы, працаваць на аб’екце, пакуль не будзе зроблена ўсё, як неабходна, як таго патрабуюць навука і тэхналогія”.
Старшыня аблвыканкама гаворыць кіраўнікам раёнаў, што з-за безгаспадарчасці ў кожнага ёсць каля 20 працэнтаў у запасе. Навядзі парадак – атрымаеш дадатковы “плюс” у вытворчасці. І самую пільную ўвагу трэба надаць рабоце спецыялістаў на абноўленых фермах, бо без захавання тэхналогіі ўтрымання жывёлы запланаваныя лічбы застануцца толькі лічбамі на паперы.
Выкананне даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па развіцці малочнатаварнай вытворчасці ў аграрна-прамысловым комплексе толькі на Брэстчыне трансфармуецца ў 16 тысяч дадатковых месцаў для буйной рагатай жывёлы, статак вырасце больш чым на 800 тысяч галоў. На канец пяцігодкі рэгіён павінен выйсці па шчыльнасці жывёлы на паказчык у 80 галоў на 100 гектараў сельгасугоддзяў. Да 2015 года вобласці трэба будзе атрымліваць 1,8 – 1,9 мільёна тон малака. Для сельскагаспадарчай Брэстчыны лічба дасягальная.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Жабінкаўскі – Кобрынскі раёны.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля