Свой погляд: Правіла Маленькага прынца
Ад чысціні дома – да чысціні сэрцаў і думак
Дзякуючы сыну, праз гады я перачытала адзін з яго любімых твораў – “Маленькі прынц” французскага пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы. Шчыра прызнаюся: атрымала не проста асалоду, а нанава задумалася, здавалася б, над будзённымі рэчамі. Штосьці пераасэнсавала, з чымсьці цалкам згадзілася, з чымсьці не зусім, а ад некаторых выказванняў была ў захапленні – такія яны надзённыя!..
Можа, таму, што ў наваколлі ўладарыць вясна, якая агаліла не толькі зямлю, але і праблемы (разам з далікатна-пяшчотнымі першацветамі на свет божы зірнулі і іншыя, вельмі прыкрыя для цывілізаванага грамадства “падснежнікі” –
сметнікі, раскіданыя зімой бутэлькі ды паперкі) – і з гэтым цяжка мірыцца, бо надта “псуюць” яны вясну, прыніжаюць абуджальны трыумф прыроды. Таму хочацца ўсклікнуць: ну чаму з году ў год –
адно і тое ж?! Няўжо так складана не засмечваць наваколле, не кажучы ўжо нават пра элементарнае навядзенне парадку? Няўжо немагчыма не ламаць-разбураць тое, што ствараюць іншыя дзеля людзей? Чаму мы крыўдзім зямлю, на якой жывём? Дзе выйсце? Як адшукаць рэцэпт заўжды квітнеючага краю?
Ды вось ён, у тоненькай кніжцы французскага мысліцеля, у ягоных немудрагелістых радках: “Ёсць такое цвёрдае правіла, – сказаў мне пазней Маленькі прынц. – Устаў уранку, памыўся, прывёў сябе ў парадак – і адразу ж прывядзі ў парадак сваю планету”. Прасцей не бывае. А як паступаем мы?
Вядома ж, прыемна зайсці ў дом, дзе прыгожа і чыста, дзе паўсюдна пануе ўтульны парадак. Яшчэ лепш, калі ў гэтым цуда-доме цябе чакаюць родныя людзі і сустракаюць з адкрытым сэрцам, чысцюткімі думкамі. І з любоўю. Чым не шчасце?!
Але вернемся да вобраза дома: уласнага, дзе кожны жыве сваёй сям’ёй, і агульнага, які завецца Беларуссю (заўважце, у самой назве краіны закла-
дзена бялюткая чысціня). Згадзіцеся, ад парадку ў асобна ўзятай хаце альбо кватэры, ад добраўпарадкавання ў кожнай вёсачцы ці горадзе залежыць агульны выгляд цэлай краіны. А любы дом, як вядома, гаспадаром трымаецца. Таму людзі безадказныя, лянівыя станавіліся хадзячай назвай у народнай творчасці. Памятаеце прымаўку: які Дзёма –
так у яго і дома? Нашы мудрыя продкі лічылі: жыць у беднасці не сорамна, а ў брудзе – ганебна. І яшчэ: чысціня – найлепшая прыгажосць, казалі яны.
Дык хто мы – гаспадары ў сваіх дамах ці бесклапотныя Дзёмы? Пра гэта я запытала ў кампетэнтнай асобы – галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Брэсцкай вобласці Нэлі Гіндзюк і пачула сумны адказ. На жаль, яшчэ не ўсё так вабна ў нашым агульным брэсцкім доме наконт добраўпарадкавання, у прыватнасці – тых мясцін, дзе жывём і працуем. Факты? Літаральна некалькі красамоўных лічбаў.
Летась санслужба выявіла парушэнні на больш чым 1200 (!)
аб’ектах і тэрыторыях, выдала каля 900 прадпісанняў і рэкамендацый кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, 300 –
уладальнікам прыватных дамоў. І сёлета ўжо звыш 300 службовых асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за безгаспадарчасць…
Што і казаць, праблема існуе. І праблема, мне здаецца, не толькі ў нашым менталітэце (так, мы – не педантычна-акуратныя немцы), але і ў нашай нярэдка ўтрыманскай пазіцыі да жыцця ва ўсіх яго праявах. Бясспрэчна, ганьбіць кагосьці (і асабліва жыллёва-камунальную гаспадарку), абурацца нядбайнай працай прыбіральшчыцы або дворніка, патрабаваць зіхатлівай чысціні і ўзорнага парадку за кошт іншых куды лягчэй, чым самому, напрыклад, схіліцца да зямлі і пасадзіць кветачку. Або проста не кінуць цыгарэту і непатрэбны чэк міма урны…
Што ж (ці хто) штурхае лю-
дзей да абуральных учынкаў накшталт зламаных некалькі год таму дрэўцаў па вуліцы Савецкай у абласным цэнтры? Чаму графіці “ўпрыгожылі” не так даўно адрамантаваныя жылыя дамы? Чаму на “нічыйнай” тэрыторыі ля гаражоў і садаводчых таварыстваў, як грыбы пасля дажджу, растуць горы смецця, якое лёгка можна было спаліць ці выкінуць у спецыяльныя кантэйнеры? І падобных “чаму” яшчэ шмат…
Усё-такі з малаком матулі трэба выхоўваць годных грамадзян, будучых гаспадароў сваёй краіны. З гэтай нагоды міжволі ўзгадваецца аповяд кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара пра дзедаву навуку ў далёкім дзяцінстве. “Каб табе, унучак, ніколі не было сорамна перад людзьмі і сваёй зямлёй – любую справу, за якую ні возьмешся, рабі гэтак, як быццам ты робіш яе для сябе”, – дзядуля ведаў, што казаў. Бо для сябе заўжды хочацца найлепшага і найпрыгажэйшага – ці ж не праўда?..
Назіраючы за шматлікімі знаёмымі, я прыкмеціла: адны мэтанакіравана, цэлы дзень, па так званых чыстых суботах, наводзяць парадак дома, другія – калі прыйдзецца, калі выпадзе вольная гадзіна і з’явіцца жаданне, а трэція – калі ступіць не будзе дзе. Але навошта жыць па апошнім варыянце? Большасць з нас усё ж
свядома імкнецца да пастаяннага парадку і чысціні. Да чысціні свайго дома. Да чысціні свайго двара. Да чысціні свайго роднага краю. Да чысціні свайго сэрца. І да чысціні сваіх думак…
“Ад чыстага сэрца чыста бачаць вочы”, – гэтая народная мудрасць нібыта заклікае нас кіравацца сапраўды залатым правілам Маленькага прынца. Дзеля таго, каб заўжды квітнела наша Берасцейшчына, і каб у парадку была родная Беларусь…
Галіна МАЗІНА, “НТ”.
Месячнік добраўпарадкавання
Згодна з рашэннем аблвыканкама з 17 сакавіка па 30 красавіка праводзіцца месячнік па добраўпарадкаванні, азеляненні і навядзенні парадку на тэрыторыях населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. У красавіку пройдуць рэспубліканскі і абласны суботнікі – думаецца, ніхто не застанецца ўбаку. Давайце ўсе разам навядзём парадак у нашым агульным доме!
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.