Свой погляд: Вайна і мір у сучасным інтэр’еры
Калі ў душы не ўзрасло нічога светлага, чыстага, узвышанага – з яе патаемных куточкаў абавязкова падымецца “ціна”, якая засмокча чалавечыя розум, сумленне, прыстойнасць…
І тады здараецца непапраўнае. Менавіта тады, на мой погляд, адбываюцца войны. Войны супраць іншадумства, помнікаў, народаў… Як жа
яшчэ інакш патлумачыць сучаснае дзікунства людзей, якія забіваюць адзін другога – быццам бы нельга знайсці агульную мову, быццам бы нельга наладзіць канструктыўны дыялог…
Вайна. Раней гэтае кароткае, ды такое чорнахмарае слова здавалася далёкім і незваротным – асабліва для нас, беларусаў, рускіх, украінцаў, якія больш за іншых зведалі на сабе ўсе жахі Вялікай Айчыннай, што бязлітасна пакасіла-вынішчыла мільёны людзей. Але, як сведчыць рэчаіснасць, за мінулыя сем дзесяцігоддзяў некаторыя перасталі цаніць Перамогу, яе галоўны здабытак – мір, які, па словах Цыцэрона, “трымае ўсё ў сваіх абдымках”. Крыўдна, што цяпер мы, прасунутыя ў навуках і прасторах, адносячы сябе да цывілізаваных нацый, дазволілі злавесным крылам вайны распасцерціся ўсё шырэй і шырэй, захінаючы сонца…
“Яшчэ нядаўна мы не маглі нават уявіць, што ў наш час, дзесьці зусім побач, 9 мая будзе далёка не мірным днём. Такая рэальнасць, з якой немагчыма змірыцца, прымушае яшчэ раз узгадаць горкія ўрокі вайны і ўдвая ацаніць значнасць Вялікай Перамогі”, – сказаў на мітынгу ў Брэсцкай крэпасці старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. Так, калі забыць мінулае – яно паўтараецца і б’е яшчэ страшней, больш балюча, што і здарылася ў суседняй краіне.
Нічым добрым не заканчваецца перапісванне гісторыі і руйнаванне помнікаў. Нічога добрага не атрымаецца, калі душа не запаўняецца тым святым, што сілкуе яе і не дае прарасці нянавісці, злосці, бездухоўнасці. Хто з нас думаў, што фашызм і нацызм суседнічаюць з Беларуссю, што іх праяўленні стануць прычынай абсурднай смерці дзясяткаў людзей, якім –
жыць ды жыць! Чаму такое дзеецца ў цывілізаваным свеце?..
У кожнага народа павінна быць свая святыня, якая нараджае галоўную ідэю. Ёй, святыні, людзі пакланяюцца, шануюць, чэрпаючы натхненне на добрыя справы, на жыццё, напоўненае высокім сэнсам. Калі разбураюцца святыні, калі іх прыносяць у ахвяру чыімсьці інтарэсам – разбураецца ўсё. Застаюцца руіны…
На шчасце, у нас, беларусаў, ёсць асаблівая каштоўнасць. Брэсцкая крэпасць-герой стала сапраўднай школай мужнасці і адвагі, высакароднасці і любові да сваёй Бацькаўшчыны. І не толькі для жыхароў Беларусі – для людзей з іншых краін, якія жадаюць жыць у міры і згодзе. Нам многія па-добраму зайздросцяць, што не толькі збераглі сваю святыню, але і нікому не дазваляем абліваць яе брудам.
Так, Брэсцкую крэпасць мы можам называць сапраўды народнай святыняй. У ваеннае ліхалецце яна выстаяла супраць фашызму. І велічна прастаіць далей, не пускаючы на нашу зямлю нацызм – але пры адной умове: калі разам будзем шанаваць тое, што маем. Дзеля галоўнага – каб слова “мір”, якое на-дзейна прапісалася ў нашым “сёння”, упэўнена ўладарыла і ў нашым з вамі “заўтра”. “Толькі наша агульная памяць стане надзейным заслонам для тых, хто спрабуе ўзвесці сцяну варожасці і неразумення паміж народамі,” – упэўнены Канстанцін Сумар.
Дык давайце ж у святы дзень – 9 Мая – паклонімся салдатам Перамогі – жывым і мёртвым. А найлепшай падзякай для іх будуць звонкія песні, салаўіныя трэлі, мірны блакіт і дзіцячы смех…
Галіна МАЗІНА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.