У мінулую суботу ў Брэсце асабісты прыём грамадзян правёў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір МАКЕЙ
Сёлета ў першым квартале ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 25,5 працэнта павялічылася колькасць зваротаў грамадзян у Адміністрацыю Прэзідэнта. Таму і было прынята рашэнне аб правядзенні комплекснай праверкі, якая пачалася з Брэстчыны.
Вынікі яе будуць дакладзены Кіраўніку дзяржавы, а 14 мая Уладзімір Макей (на здымку) абмеркаваў іх з актывам аблвыканкама, папярэдне атрымаўшы дадатковую інфармацыю на асабістым прыёме грамадзян.
Адведзеных чатырох гадзін не хапіла, таму прыём Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта прадоўжыў яшчэ амаль на дзве гадзіны. Папярэдні запіс сведчыў, што больш за 60 чалавек хацелі б выказаць скаргі, просьбы, прапановы. Паралельна арганізавалі прыём намеснік генеральнага пракурора краіны Аляксей Стук і першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Аляксандр Федарцоў. Больш таго, у дзень прыёму людзі ўсё ішлі і ішлі ў аблвыканкам, дзе ён праходзіў. Пазней падлічылі, што каля 200 зваротаў падалі жыхары Берасцейшчыны. Уладзімір Макей па 30 з іх выслухаў людзей асабіста. Усе астатнія сігналы таксама будуць дэталёва вывучаны. “Прэзідэнт ад нас патрабуе таго, каб інтарэсы канкрэтнага чалавека былі на першым месцы. Пастараемся, каб так і было насамрэч”, – сказаў Уладзімір Макей.
Льготы і чэкі “Жыллё”, уклады і падманутыя дольшчыкі будаўнічай фірмы “Облик”, добраўпарадкаванне і нязгода з судовым рашэннем – нехта лаканічна і канкрэтна выкладаў сутнасць праблемы, кагосьці захлёствалі эмоцыі. Трэць пытанняў, з якімі людзі прыйшлі да Уладзіміра Макея, тычылася работы праваахоўна-судовай сістэмы, яшчэ адна трэцяя частка іх была звязана з рознымі зямельнымі спрэчкамі. Не абышлося без ужо традыцыйных скарг на якасць будаўніцтва жылля і яго рамонту.
– Так, праблемы існуюць, некаторыя пытанні патрабуюць дадатковага вывучэння, але ў цэлым работа вя-дзецца планава. Аблвыканкам і Брэсцкі гарвыканкам сітуацыяй валодаюць і да зваротаў грамадзян падыходзяць адпаведным чынам, – сваімі ўражаннямі ад прыёму Уладзімір Макей падзяліўся з журналістамі.
У рэгіёне зараз праходзяць масавыя праверкі ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў, таму што там існуе шэраг праблем, якія тычацца падтрымання дысцыпліны, выканання вучэбных праграм. Акрамя таго падпісана сумеснае рашэнне Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі аб праверках на шэрагу прамысловых прадпрыемстваў і ў сельгасарганізацыях, вынікі якіх таксама будуць даведзены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.