У мэтавай праграме “Духоўнасць” вось ужо тры гады актыўна ўдзельнічае Ганцавіцкая раённая дзіцячая бібліятэка

У мэтавай праграме “Духоўнасць” вось ужо тры гады актыўна ўдзельнічае Ганцавіцкая раённая дзіцячая бібліятэка

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сярод кніжных паліц гэты куточак з яркім надпісам адразу кідаецца ў вочы. Маляўніча аформлены, ён прыцягвае ўвагу і дзяцей, і дарослых. На паліцах – літаратура духоўнай тэматыкі. Тут можна ўзяць і дзіцячае выданне “Бібліі”, і гісторыі пра святых, і кнігі пра святыя мясціны Ганцаўшчыны, Брэстчыны, увогуле Беларусі.
– Наш народ моцны сваёй духоў-насцю, – упэўнена намеснік дырэктара Ганцавіцкай цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы па рабоце з дзецьмі Валянціна Мініч. – Надзвычай важна перадаць яе падрастаючым пакаленням. Таму, калі ў 2010 годзе раcпрацавалі бібліятэчную праграму “Духоўнасць”,  актыўным удзельнікам праекта стала раённая дзіцячая бібліятэка. Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей, збор і вывучэнне матэрыялаў духоўнай спадчыны –  высакародныя мэты, якія ўвасобіліся ў куточак “Духоўнасць. Вера. Вечнасць”, выставы кніг, сустрэчы са святарамі, сумесныя праекты з нядзельнай школай Свята-Ціханаўскага храма. Асабліва шмат мерапрыемстваў праходзіць тут сёлета, у год 1025-годдзя Хрышчэння Русі.
Куточак духоўнасці ў дзіцячай бібліятэцы – гэта не проста выстава літаратуры адпаведнай тэматыкі. Сярод кніг позірк спыняецца на старой іконе. Абраз прынесла ў бібліятэку Ніна Сяргееўна Рылка з Малькавіч. Хату яе ў вёсцы прадалі, дзеці перавезлі бабулю да сябе ў горад. З унучкай жанчына неяк прыйшла ў бібліятэку, убачыла куточак духоўнасці, пагаварыла з бібліятэкарамі і так прасякнулася павагай да важнай асветніцкай справы, што падарыла ікону, якую забрала з вясковай хаты з сабой у горад. “Ніны Сяргееўны ўжо няма сярод нас, але мы з удзячнасцю ўспамінаем гэтага светлага чалавека, які вось такім чынам блаславіў нас на духоўную работу і падтрымаў у ёй”.
Увогуле, падтрымку ганцавіцкія бібліятэкары атрымліваюць з самых розных бакоў. Ад юных чытачоў і іх бацькоў – дзеці і дарослыя ахвотна наведваюць урокі духоўнасці. Цікавыя мерапрыемствы рыхтуе краязнаўчы клуб “Крынічка”, што працуе пры бібліятэцы. Яго кіраўнік Валянціна Марыняк ладзіць тэматычныя сустрэчы. Так, у гасцях не раз былі настаяцель Свята-Ціханаўскай царквы, благачынны цэркваў Ганцавіцкай акругі протаіерэй Пётр Піліпчук і кіраўнік нядзельнай школы пры гэтым храме Марыя Орса. Яны падарылі бібліятэцы дзіцячыя праваслаўныя кнігі. Дапамог папоўніць куточак літаратурай і касцёл. Міжканфесійная талерантнасць – гэта дзяржаўная палітыка. І вось такі падыход свецкай установы культуры да прапаганды духоўных каштоўнасцей нашага народа, да выхавання падрастаючага пакалення ў лепшых духоўна-маральных традыцыях былых пакаленняў асабіста мне падаецца ўдалым і разумным. А сёлетні ўдзел бібліятэкі, праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла ў раённай кніжнай выставе “Зямля Беларусі –
зямля святая” можна назваць сімвалічным: духоўная літаратура мацуе стасункі розных грамадскіх інстытутаў і становіцца той сферай, дзе магчыма ўзаемнае прыкладанне сіл.
Наўрад ці хто будзе аспрэчваць пазітыўную ролю, якую духоўнасць адыгрывае ў маральным выхаванні дзяцей. У тым, што духоўная літаратура сёння даступная хлопчыкам і дзяўчынкам, у Ганцавічах бачаць добры знак. Значыць, духоўнасць будзе жыць у вечнасці, а яе заўсёды падтрымае вера.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Ганцавічы.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На Берасцейшчыне створаны добрыя ўмовы для якаснай вучобы

Следующая запись

На базе Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні прайшло IV адкрытае першынство Брэсцкай вобласці па веславанні на байдарках і каноэ сярод юнакоў і дзяўчат 1997 – 2001 гадоў нараджэння на прызы алімпійскага чэмпіёна Сяргея Макаранкі