Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • У першынстве Еўропы па цяжкай атлетыцы Юлія Рыпінская заваявала тры залатыя медалі, а Ірына Мішчук – два сярэбраныя і адзін бронзавы

У першынстве Еўропы па цяжкай атлетыцы Юлія Рыпінская заваявала тры залатыя медалі, а Ірына Мішчук – два сярэбраныя і адзін бронзавы


Інфармацыя пра поспехі нашых спартсменак неаднойчы з’яўлялася на старонках “Равесніка”. Нагодай для цяперашняй сустрэчы стаў трыумф дзяўчат на першынстве Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод моладзі. Скарбонку медалёў Юліі Рыпінскай папоўнілі аж тры залатыя медалі, а Ірына Мішчук заваявала два сярэбраныя і адзін бронзавы.

Багаты медалёвы “ўраджай” атрымаўся, дзякуючы цяжкім трэніроўкам, прыродным здольнасцям і, безумоўна, трэнеру, які своечасова разгледзеў будучых зорачак вялікага спорту. Так, менавіта зорачак, бо для такога брутальнага віду спорту, як цяжкая атлетыка, і Юля, і Іра з’яўляюцца дзяўчынамі вельмі мініяцюрнымі і, варта адзначыць, сапраўднымі прыгажунямі.
– Для таго, каб знайсці  верагодных чэмпіёнаў, давялося ездзіць па раёнах, кантактаваць з мясцовымі спартыўнымі структурамі і школамі, – успамінае Аляксандр Самадаеў, трэнер спартсменак. – Сам я калісьці таксама трапіў у спартыўную секцыю ў родным горадзе ў Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Інтарэсаў у той час было шмат: летам – футбол, зімой – хакей. Аднак трэнер быў вельмі настойлівым і, здаецца, разгледзеў у дваровым юнаку цяжкаатлета. Праз гады ўжо я шукаю будучых чэмпіёнаў. Юлія, напрыклад, жыла ў Ружанах і прафесійным спортам асабліва не цікавілася. А Ірына родам з Маларыцкага раёна, вёскі Мельнікі. Яны абедзве адразу падаліся здольнымі і вылучаліся сярод іншых. Не памыліўся –  дзяўчаты вельмі хутка пачалі паказваць добрыя вынікі, удзельнічалі ў спаборніцтвах, а сёння ўжо дабіліся значных поспехаў у вялікім спорце.
Дарэчы, спартсменкі вельмі сціпла гавораць пра свае дасягненні, аднак прызналіся, што галоўная перамога яшчэ наперадзе. У марах яны бачаць, безумоўна ж, алімпійскае “золата”.
– Кожная ўзнагарода мае высокую каштоўнасць, бо даецца яна цяжка, прычым у прамым і пераносным сэнсе, – дзеліцца ўражаннямі Юлія Рыпінская. – Блізкія і сябры сочаць за поспехамі, дома, напрыклад, збіраюць усе мае медалі і захоўваюць на памяць.
Цікава, хоць спорт займае большасць часу ў спартсменак, яны паспяваюць бавіць яго і з інтарэсам, і з карысцю.
– Амаль два гады таму я захапілася фатаграфіяй, – расказвае Ірына Мішчук. – Хто ведае, можа, калі-небудзь памяняю спорт на больш творчую прафесію. А пакуль яшчэ ёсць да чаго імкнуцца і над чым працаваць у цяжкай атлетыцы.
Па словах дзяўчат, спорт назаўсёды пераплёўся з іх лёсамі. Спартыўная кар’ера складваецца цудоўна. Дзяўчаты шмат працуюць над тым, каб у свой час дакрануцца да запаветнай мары –
алімпійскага “золата”. Поспехаў і цярпення! Вельмі ж ужо хочацца, каб беларускі гімн неаднойчы гучаў на самых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах…
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля