У Пінску і Лунінцы прайшоў XXV чэмпіянат Еўропы па мотаболе
Маляўнічыя палескія куточкі наведалі госці і спартсмены з Азербайджана, Германіі, Галандыі, Літвы, Расіі, Украіны і Францыі. Зборная Беларусі па мотаболе пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Уладзіміра Яфрэмава ў чарговы раз спрабуе пацвердзіць сваё лідарства – каманда ўваходзіць у тройку мацнейшых зборных Еўропы. Перад кантынентальным чэмпіянатам для беларускіх спартсменаў набылі 6 новенькіх нямецкіх матацыклаў.
Сімвалічна, што сталіцай турніру зноў стала Піншчына, якая па праву лічыцца радзімай айчыннага мотабола. Для горада над Пінай гэта далёка не першы вопыт спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню – чэмпіянаты кантынента праходзілі тут у 1986, 1988, 1997 і 2004 гадах. Удзельнікі турніру і прадстаўнікі Еўрапейскага саюза матацыклістаў (UEM) у адзін голас называлі пінскую глебу найбольш прыдатнай для гэтага віду спорту, хвалілі добрую арганізатарскую работу. Крэдыт даверу, выдадзены яшчэ тады, працуе на гаспадароў і зараз.
Стадыён Пінскага спартыўнага комплексу ДТСААФ з’яўляецца адным з лепшых у Еўропе для правядзення міжнародных турніраў па мотаболе. Пасля сёлетняй рэканструкцыі ён стаў надзвычай прывабным і сучасным. Асабліва радуе кампактнае размяшчэнне ўсіх неабходных аб’ектаў інфраструктуры: гасцініц, кафэ, памяшканняў для адпачынку спартсменаў, душавых, стаянкі. Трыбуна на 4500 месцаў абсталявана персанальнымі пластыкавымі сядзеннямі, ёсць электроннае табло, сістэма відэаназірання. У Лунінцы таксама спецыяльна да чэмпіянату падрыхтавалі стадыён тэхнічных відаў спорту, дзе зараз праходзяць гульні.
Адкрыўся турнір матчам зборнай Беларусі з камандай Літвы, у якім нашы суайчыннікі перамаглі з лікам 4:1. На ўчарашні дзень беларуская дружына займала ў турнірнай табліцы 4-е месца. Дарэчы, у 2004 годзе беларускія спартсмены заваявалі залатыя медалі кантынетальнага форуму менавіта на пінскім стадыёне. Беларускія мотабалісты апошнія тры гады запар прывозяць з чэмпіянатаў Еўропы сярэбраныя медалі. Капітан каманды Антон Власавец лічыцца лепшым іграком кантыненту. Ён першым на еўрапейскіх чэмпіянатах забіў у вароты сапернікаў больш за 250 мячоў.
Паўфінальныя і фінальныя матчы пройдуць у нядзелю. Будзем спадзявацца, што Беларусь папоўніць сваю спартыўную скарбонку яшчэ адной прэстыжнай узнагародай.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.