Удзельнікі сёлетняга тэатральнага форуму засталіся без гран-пры
“Белая вежа”: пастфактум
Насуперак жаданню гледачоў, якія замерлі ў чаканні, на цырымоніі закрыцця фэсту гэта запаветнае слова так і не прагучала. Тым не менш, вынікі падведзены, а самыя годныя прэтэндэнты, на думку журы, адзначаны.
Ну, а лідарам па колькасці ўзнагарод цалкам заслужана стаў спектакль “Шлюб” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Рэжысёр Аляксандр Янушкевіч павёз у Мінск свой дыплом “За перспектыўнасць рэжысёрскага мыслення” і яшчэ адзін – для мастака Таццяны Нэрсісян – “За лепшую сцэнаграфію”.
Сёлета на адным узроўні канкурыравалі сур’ёзныя і антрэпрызныя спектаклі, аб’яднаныя лозунгам “Час кахаць!”. Можа, таму членам журы было цяжка вызначыцца з фаварытамі. У да-дзеным кантэксце гэта ўсё роўна што супрацьпастаўляць чорнае з белым.
Дарэчы, галоўны рэдактар маскоўскага часопіса “Тэатральнае жыццё” і пастаянны ўдзельнік “Белай вежы” Алег Півавараў таксама выказаўся з нагоды: параіў арганізатарам не змешваць мухі з катлетамі. Абмяркоўваліся зусім не гастранамічныя прыхільнасці ўдзельнікаў фэсту, а разнашэрснасць сёлетняй афішы. Відовішчныя пастаноўкі, прызначаныя для масавай публікі, тэатразнаўца са стажам прапанаваў дэманстраваць у рамках “off-праграмы”.
І ўсё ж галоўнае – у няпростых эканамічных умовах фестываль працягвае радаваць жыхароў і гасцей горада над Бугам. За гэта нізкі паклон арганізатарам! І да новых сустрэч!..
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
УЗНАГАРОДЫ ФЕСТЫВАЛЮ
За лепшы спектакль малых форм – “Эдзіп”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага (рэжысёр – Барыс Луцэнка), Беларусь.
За паслядоўнасць рэжысёрскага эксперымента – “Войцэк”, Харкаўскі дзяржаўны ўкраінскі акадэмічны драматычны тэатр імя Тараса Шаўчэнкі (рэжысёр – Аляксандр Коўшун), Украіна.
За перспектыўнасць рэжысёрскага мыслення – “Шлюб”, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек (рэжысёр – Аляксандр Янушкевіч), Беларусь.
За лепшую мужчынскую ролю – Дэвід Кох – спектакль “Свет Кафкі”, Тэатр на Захзэнрынг, Германія.
За лепшую жаночую ролю – Галіна Дзягілева – спектакль “Пяюць начлежнікі”, Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч”, Беларусь.
За лепшую сцэнаграфію – “Шлюб”, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек (мастак – Таццяна Нэрсісян), Беларусь.
За філасофскую неверагоднасць тэатральнай мовы – Унія Тэатр Неверагодны, Польшча.
За высокую тэатральную культуру – Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.
За адданасць грамадзянскай тэме – Роберт Акапян – спектакль “Да вас звяртаюся, спадарыні і спадары!”, Арменія.
За невербальную выразнасць тэатральнай мовы – “Зар”, тэатральная група JAM (рэжысёр – Махамед Хатамі Рад), Іран.
За будучыню ў акцёрскім мастацтве – тэатр-студыя імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў за спектакль “Дарагая Алена Сяргееўна” (педагог-рэжысёр – Людміла Кучарэнка, мастацкі кіраўнік курса – Уладзімір Мішчанчук), Беларусь.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.