Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • Урач выпісвае па льготах адзін прэпарат, а ў аптэцы чамусьці прапануюць таблеткі з іншай назвай

Урач выпісвае па льготах адзін прэпарат, а ў аптэцы чамусьці прапануюць таблеткі з іншай назвай


Калі спытаць у людзей, чым з’яўляецца для іх газета, дык большасць адкажа: крыніца інфармацыі. Безумоўна, так яно і ёсць, але некаторым уласціва бачыць у друкаваным выданні яшчэ і сродак, з дапамогай якога яны мяркуюць разабрацца ў сваіх праблемах. Часам прыватнае пытанне мае сацыяльны характар, а таму адказ на яго будзе карысны не толькі заяўніку. Вось, напрыклад, як у выпадку з брастаўчанкай Нінай Аляксееўнай ЗДАНЕВІЧ.
Пенсіянерка нядаўна патэлефанавала ў рэдакцыю і звярнулася да журналістаў з просьбай. Жанчына патлумачыла, што ёй, як інваліду II групы, участковы ўрач 1-й гарадской паліклінікі выпісвае заспакаяльныя таблеткі. У аптэку пенсіянерка даўно ўжо сама не ходзіць. Два разы на тыдзень яе наведвае сацыяльны работнік Ірына Грыцук, якая дапамагае жанчыне, у тым ліку купляе і лекі. “Але апошнім часам Ірыне прапануюць прэпарат толькі беларускай вытворчасці. Маўляў, ільгота распаўсюджваецца выключна на беларускія лекі. Няўжо праўда?” – узрушана пыталася Ніна Аляксееўна.
Што ж, паспрабуем высветліць сітуацыю. У аптэках Ірына заўсёды брала для Ніны Аляксееўны адзін і той жа прэпарат “Запіклон”. Але, у чарговы раз набываючы лекі, жанчына пачула адмову: замест звыклага лякарства прапанавалі сродак беларускай вытворчасці. Ірына засумнявалася і падумала, што можна вырашыць пытанне ў іншай аптэцы, а таму наведала яшчэ дзве. Але і там адказ быў той жа. Вось і давялося набыць беларускі прэпарат “Сонекс”.
Якая тут праблема – чалавек жа не застаўся без лекаў, скажа нехта. Так, жанчына хварэе, яна інвалід II групы, мае права на льготнае набыццё лекаў, участковы ўрач іх ёй выпісвае. У аптэцы прапануюць беларускае. Дык, можа, пацыенту варта паставіцца з разуменнем да сітуацыі – фармацэўты павінны выконваць заканадаўчыя дакументы.
Верагодна, у брастаўчанкі і не ўзнікла б падставы тэлефанаваць у рэдакцыю, калі б пры замене звыклага прэпарата на “Сонекс” не з’явілася новая праблема. Пачала яго прымаць Ніна Аляксееўна, але сродак аказаўся неэфектыўным. “Спаць не магу ні днём, ні ноччу, – кажа бабуля. – Яшчэ і жахі сняцца…”. Не можа зразумець жанчына, чаму ўрач у рэцэпце піша “Запіклон”, а ў аптэцы кажуць, што на гэтае лякарства льготы няма, а ёсць толькі на беларускі “Сонекс”…Яснасць у гэтую сітуацыю ўнесла намеснік галоўнага ўрача гарадской паліклінікі №1 Ала КАНДРАЦЮК. Ала Яўгенаўна патлумачыла:
– Яшчэ ў 2007 годзе выйшаў загад ад 16 ліпеня №65 “Аб зацвярджэнні пераліку асноўных лекавых сродкаў”. Ім кіруюцца ўрачы пры выпісцы рэцэптаў. Лекавыя сродкі адпускаюцца па льготах у адпаведнасці з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 2012 года №25. У дакуменце сказана, што ў першую чаргу адпускаюцца беларускія прэпараты, а калі такіх у наяўнасці няма, тады прапаноўваюць тыя, якія выйгралі па выніках таргоў і могуць адпускацца па льготах. А сама назва “Запіклон” – міжнародная: і “Сонекс”, і “Запіклон” – гэта адно і тое ж лякарства, проста назвы розныя. І калі пачытаць уважліва ўпакоўку прэпарата “Сонекс”, то ўнізе мы знойдзем надпіс “Запіклон”. Адпаведна, розніцы ніякай няма. Участковы ж урач не можа і не мае права пісаць краіну-вытворцу таго ці іншага лекавага сродку на рэцэпце. Ён указвае толькі міжнародную назву, у дадзеным выпадку – “Запіклон”.
Такім чынам, рэцэпт з указаннем краіны (Ніна Аляксееўна заўсёды карысталася ўкраінскім прэпаратам) разглядацца не будзе. Ала Яўгенаўна параіла пенсіянерцы пагаварыць з урачом і папрасіць, каб ёй выпісалі іншыя лекі, на якія распаўсюджваюцца льготы. “Лекаў сёння шмат, таму абавязкова знойдзецца прэпарат, які падыдзе Ніне Аляксееўне”, –
упэўнена намеснік галоўнага ўрача паліклінікі.
Наша чытачка цяпер купляе звыклы ёй “Запіклон” украінскай вытворчасці за поўны кошт. Магчыма, яна скарыстаецца прапановай Алы Яўгенаўны і пашукае з участковым урачом іншы льготны сродак.
Прынамсі, як мне здаецца, справа да звароту ў газету магла б і не дайсці, калі б у паліклініцы пры выпісцы лекавага сродку дакладна ўсё патлумачылі. Увогуле, у пацыента ёсць права ведаць, што за лекі яму прапісвае доктар, а ўрач, адпаведна, павінен тлумачыць, чым ён вас лечыць. Калі ж пытанне тычыцца льготных лекаў, дык чаму б не папярэдзіць чалавека загадзя, што ён зможа атрымаць па льготным рэцэпце, а што не? Мяркую, непаразуменняў было б менш.
Сабіна ГАРАЕВА,
студэнтка БрДУ
імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля