Усе праблемныя дамы на Брэстчыне будуць уведзены ў эксплуатацыю да 1 ліпеня 2014 года
Аб гэтым было заяўлена на семінары па пытаннях удасканалення работы будаўнічай галіны з удзелам Прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
Семінар праходзіў 10 студзеня ў Брэсце з удзелам кіраўніцтва вобласці, старшынь гар- і райвыканкамаў, кіраўнікоў буйных будаўнічых і праектных арганізацый. Яго ўдзельнікі спачатку азнаёміліся з работай КУП “Брэстжылбуд”, пабывалі на выставе прадукцыі прадпрыемстваў галіны. Кіраўніку Урада расказалі аб тым, як ідуць работы па рэканструкцыі чыгуначнага вакзала станцыі “Брэст-Цэнтральны”. А ўжо на пленарным пасяджэнні ў аблвыканкаме адбылася вельмі сур’ёзная, па словах Прэм’ер-міністра, “непарадная” размова.
Як паведаміў у сваім выступленні намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сакоўскі, 50 жылых дамоў, будаўніцтва якіх вялося з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў, былі ўключаны ў пералік праблемных аб’ектаў. 35 з 37 дамоў, якія былі запланаваны да ўводу ў 2013 годзе, ужо ўведзены ў эксплуатацыю. У снежні не забяспечаны ўвод у строй па адным жылым доме ў Брэсце і Баранавічах. Адставанне ад графіка работ па ЖБВК-272 у Брэсце (18-павярховы шматкватэрны жылы дом для работнікаў ААТ “Савушкін прадукт”) звязана з нясвоечасовым унясеннем уласных сродкаў грамадзян. Як адзначыў Віктар Сакоўскі, апошнія тры месяцы на аб’екце кругласутачна працавалі па 450 чалавек. Аднак, нягледзячы на ўсе прымаемыя меры, да канца 2013 года дом не змаглі ўвесці ў эксплуатацыю, яго ўвядуць у студзені 2014-га. Другі аб’ект – 72-кватэрны арэндны дом у мікрараёне Бараўкі ў Баранавічах. Здаць яго своечасова не дазволіла адсутнасць сродкаў у бю-джэце. Дом будзе ўведзены ў першым квартале.
“У першым паўгоддзі мы ўвядзём і астатнія 15 звышнарматыўных жылых дамоў. Інфармацыя па іх размешчана на сайце аблвыканкама з указаннем тэрмінаў і адказных за ўвод у эксплуатацыю асоб. Сем такіх дамоў налічваецца ў Брэсце, два – у Кобрынскім раёне і па адным у Баранавічах, Белаазёрску, Брэсцкім, Ганцавіцкім, Пружанскім і Столінскім раёнах. На ўсіх будоўлях арганізавана работа, складзены графікі, якія прадугледжваюць увод аб’ектаў у эксплуатацыю”, – запэўніў Віктар Сакоўскі.
Упэўненасць свайго намесніка падтрымаў і старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, які выступіў на семінары. Ён таксама заявіў, што колькасць адміністрацыйна-кіруючых работнікаў у большасці будаўнічых арганізацый вобласці аптымізавана. Усе асноўныя бударганізацыі Брэстчыны забяспечылі аптымальныя суадносіны апарату кіравання да колькасці рабочых кадраў. Рашэнне пытанняў арганізацыйнага характару дазволіла дабіцца пэўных эканамічных вынікаў у будаўнічай сферы. За студзень – лістапад 2013 года доля валавога дабаўленага кошту будаўніцтва ў валавым рэгіянальным прадукце вобласці склала больш як 10 працэнтаў. Тэмп росту да адпаведнага перыяду папярэдняга года дасягнуў 107,5 працэнта. Тым не менш 16 будаўнічых арганізацый Брэстчыны, адзначыў губернатар, па выніках работы за студзень – кастрычнік 2013 года сталі стратнымі. Асноўныя прычыны гэтага – рэзкае зніжэнне аб’ёмаў будаўніцтва, якое назіралася ў апошнія тры гады, і рост запазычанасці па крэдытах. Ёсць і іншыя негатыўныя фактары. “Мы сур’ёзна недапрацоўваем у плане эфектыўнасці работы, пачынаючы ад праектавання, выбару будаўнічай пляцоўкі, падрыхтоўкі неабходных работ і заканчваючы самім будаўніцтвам”, – сказаў Канстанцін Сумар.
За нізкую эфектыўнасць работы
шэраг кіраўнікоў бударганізацый вызвалены ад займаемых пасад. У цэлым па вобласці сума чыстых страт у будаўнічай галіне знізілася ў студзені – кастрычніку 2013 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года больш чым на 40 працэнтаў і склала 15 мільярдаў рублёў.
У той жа час запазычанасць перад будаўнікамі за 2013 год павялічылася амаль у два разы, а гэта – 1 трыльён рублёў. У прыватнасці, пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць складае 265 мільярдаў рублёў, у тым ліку больш за палову (145 мільярдаў) – па аб’ектах, якія фінансаваліся з рэспубліканскага бюджэту і за кошт крэдытаў па дзяржінвестпраграме. Акрамя праблем з фінансаваннем, на думку губернатара, ёсць і іншая праблема. “Многія кіраўнікі будаўнічых арганізацый не прымаюць належных мер па зніжэнні сабекошту, аптымізацыі будоўлі, разлічваючы толькі на бюджэтнае фінансаванне. Час такіх падыходаў прайшоў. Трэба гэта зразумець і ў новым годзе пачаць працаваць па-новаму”, – заключыў Канстанцін Сумар.
На семінары размова ішла і аб выкананні дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм. У адпаведнасці з дзяржінвестпраграмай на 2013 год вобласці неабходна было забяспечыць увод 17 сацыяльна значных аб’ектаў. З улікам фінансавых магчымасцей уведзены 13 аб’ектаў. У прыватнасці, выканана інжынернае забеспячэнне першай чаргі СЭЗ “Брэст”, пабудаваны чатыры аднакватэрныя жылыя дамы для сем’яў, якія выхоўваць дзяцей-сірот, аўтадарога Р4 Баранавічы – Ляхавічы, пункт спрошчанага пропуску “Перароў-Белавежа”, адміністрацыйны будынак Драгічынскага УКДБ, рэканструяваны кацельня ў пункце пропуску “Варшаўскі мост”, лазарэт пад будынак дзяржустановы “Медыцынскі цэнтр ВПС войск ППА ў Баранавічах” і іншыя.
У сувязі са скарачэннем аб’ёмаў фінансавання дзяржінвестпраграмы увод у эксплуатацыю чатырох аб’ектаў перанесены на 2014 год. Гэта рэканструкцыя з расшырэннем да 150 месцаў санаторыя “Ясельда” ў вёсцы Пачапава Пінскага раёна (недахоп сродкаў склаў 5 мільярдаў рублёў), рэканструкцыя 5-га і 6-га блокаў Бярозаўскай ГРЭС (16,5 мільярда), будаўніцтва ЦЭЦ на мясцовых відах паліва ў Лунінцы (120 мільярдаў) і рэканструкцыя будынка дзіцячага лячэбна-аднаўленчага цэнтра пад вучэбны корпус у Баранавічах (28 мільярдаў рублёў).
Адпаведна абласной інвестпраграме ў рэгіёне планавалася пабудаваць 102 аб’екты, з якіх 24 неабходна было ўвесці ў 2013 годзе. На іх фінансаванне накіравана амаль 1 трыльён рублёў. Уведзены ў эксплуатацыю 20 аб’ектаў, у тым ліку два аб’екты фізкультуры, чатыры – аховы здароўя, пяць – адукацыі, дзевяць – жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Чатыры аб’екты, у ліку якіх рэканструкцыя медыцынскага блока агульна-адукацыйнай школы-інтэрната ў Брэсце, расшырэнне палігона цвёрдых бытавых адходаў у Пінску, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у Ганцавічах і рэканструкцыя трох блокаў з будаўніцтвам новага корпуса абласной бальніцы, будуць уведзены сёлета.
Абласной інвестпраграмай на 2014 год прадугледжана будаўніцтва 55 аб’ектаў. З іх плануецца ўвесці 16, у тым ліку тры аб’екты аховы здароўя, два – адукацыі, адзін – фізкультуры, шэсць – ЖКГ і чатыры жылыя дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту плануецца накіраваць 551,3 мільярда рублёў. Як было заяўлена ўдзельнікамі семінара, праграмы рэальныя і трэба зрабіць усё, каб яны былі своечасова выкананы.
На семінары былі заслуханы справаздачы шэрагу кіраўнікоў бударганізацый вобласці. Таксама выступіў Прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч, ён назваў шэраг недахопаў, што, на яго думку, перашкаджаюць развіццю будаўнічага комплексу Брэстчыны. У іх ліку – вялікая чарга грамадзян, якім патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоў (112 тысяч сем’яў). На ўлік, па словах кіраўніка Урада, “трапляе шмат выпадковых людзей”.
Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што пачынаць будаўніцтва дамоў трэба толькі пры поўнай падрыхтоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі і вызначэнні крыніц фінансавання. “А не так, як гэта іншы раз бывае: будоўлю распачалі, потым сродкі закончыліся, пачынаюць лісты ў Мінск пісаць, каб грошы далі”, – заўважыў Міхаіл Уладзіміравіч. Ён даручыў Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва сумесна з аблвыканкамам навесці належны парадак у гэтых пытаннях.
“Нам трэба ствараць інвестыцыйна-будаўнічую вертыкаль і дабівацца няўхільнага выканання ўсіх даручэнняў Прэзідэнта краіны па развіцці будаўнічага комплексу. Галоўнае – гэта якасць, строгая эканомія і ашчаднасць, павышэнне эфектыўнасці будаўніцтва”, – заявіў Прэм’ер-міністр. Ён паставіў канкрэтныя задачы перад будаўнічым комплексам Брэстчыны.
Віктар СЛАВІН, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.