Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • Васіль РАДКАВЕЦ, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івацэвіцкага райвыканкама: “Аснова дасягненняў – стабільнасць”

Васіль РАДКАВЕЦ, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івацэвіцкага райвыканкама: “Аснова дасягненняў – стабільнасць”


ПЕРАМОЖЦАМ РЭСПУБЛІКАНСКАГА СПАБОРНІЦТВА НА ЎБОРЦЫ ЗБОЖЖАВЫХ І ЗЕРНЕБАБОВЫХ КУЛЬТУР СЁЛЕТА СТАЎ ІВАЦЭВІЦКІ РАЁН
Начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івацэвіцкага райвыканкама Васіль Радкавец быў прызначаны крыху больш за тры гады таму. А пачынаў сваю працоўную біяграфію выпускнік Горацкай сельгасакадэміі… запраўшчыкам. Потым быў загадчыкам машыннага двара, інжынерам-механікам, чатыры гады ўзначальваў СВК “Машэраўскі” Іванаўскага раёна. Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК карэспандэнт “НТ” Надзея Яцура папрасіла Васіля Радкаўца падзяліцца сакрэтамі перамог і дасягненняў івацэвіцкіх аграрыяў.
– Васіль Міхайлавіч, сёлетняя перамога ў рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы збожжавых культур – гэта першы поспех такога ўзроўню хлебаробаў Івацэвіччыны?
– Так высока наш раён яшчэ не падымаўся. Вядома ж, вельмі прыемна быць першымі, тым больш, што перамога гэтая грунтуецца не толькі на вытворчасці збожжа –
у яе некалькі складаемых. Быць лепшымі ганарова, але перамога, як вядома, і абавязвае…
– Гэта значыць, што ніжэй дасягнутай планкі апускацца нельга?
– Справа ў тым, што валавая вытворчасць збожжа ў нашым раёне ў апошнія гады трымаецца на ўзроўні больш за 60 тысяч тон. Сёлета яна склала 63 тысячы тон без зерня кукурузы. Гэтая стабільнасць, на маю думку, і стала асновай перамогі ў рэспубліканскім спаборніцтве на жніве-2010. Што тычыцца дасягнутай планкі, дык наша мэта – у бліжэйшай перспектыве выйсці на намалот збожжа ў 72-75 тысяч тон. Лічба гэтая рэальная нават пры ўраджайнасці 30 цэнтнераў з гектара.  Галоўнае, каб ніякіх сюрпрызаў не падкідала надвор’е.
– Але ж стабільнасць сама па сабе таксама не з’явілася…
– Так. Стабільныя ўраджаі –
гэта вынік не аднаго года працы на зямлі. Укараненне новых тэхналогій вырошчвання сельгаскультур, павышэнне культуры земляробства, работа з насеннем, сродкамі аховы раслін і ўдабрэннямі плюс сучасная высокапрадукцыйная тэхніка – вось асноўныя складаемыя поспеху.
Напрыклад, за апошнія тры гады ў сельгаспрадпрыемствах раёна значна абнавіўся трактарны парк, у якім зараз энерганасычаныя трактары складаюць 70 працэнтаў. На змену старэнькім плугам, дыскам ды баронам прыйшлі новыя агрэгаты, якія дазваляюць выконваць палявыя работы ў комплексе, што значна паляпшае якасць апрацоўкі глебы, скарачае тэрміны і затраты на іх правядзенне. Такая ж сітуацыя –
і са збожжаўборачнымі камбайнамі. Калі яшчэ некалькі гадоў таму мы не маглі сваімі сіламі ўбраць вырашчаны ўраджай і, каб не дапусціць яго страт, прасілі дапамогі ў суседзяў, дык сёлета жніво правялі самі. А ўсё таму, што камбайнавы парк за кошт лізінгу абнавілі на 90 працэнтаў.
– Васіль Міхайлавіч, ці можаце Вы сказаць пра такую ж стабільнасць у жывёлагадоўлі?
– Жывёлаводы нашы ў апошнія гады таксама працуюць роўна. Дзякуючы таму, што кармавая база значна палепшылася, павялічваецца вытворчасць малака і мяса. Летась, напрыклад, прадукцыйнасць грамадскага дойнага статка па раёне склала 4496 кілаграмаў малака, а сёлета плануем атрымаць ад каровы па 4600 кілаграмаў. Па выніках работы за мінулы год 20 даярак надаілі ад каровы больш чым 6000 кілаграмаў малака: 11 – у “Перамозе”, 6 –
у “Квасевічах”, 3 – у “Святой Волі”. А Валянціна Куцко, Людміла Саявец з КУСП “Перамога” і Святлана Шчасная з СВК “Квасевічы” ўшчыльную наблізіліся да сямітысячнага рубяжа.
Для таго, каб дасягненні ў жывёлагадоўчай галіне былі яшчэ больш важкімі, у раёне шмат робіцца для паляпшэння ўмоў працы жывёлаводаў і ўмоў утрымання грамадскага пагалоўя. За пяць гадоў рэалізацыі Праграмы адра-джэння і развіцця сяла ў СВК “Святая Воля” пабудавана новая ферма, рэканструяваны чатыры старыя. Сёлета будзе завершана рэканструкцыя МТФ на 600 галоў у СВК “Квасевічы”, а ў СВК “Любішчыцы” дабудавана новая. Працягваецца рэканструкцыя ферм у СВК “Аброўскі” і “Мілейкі”. У перспектыве ў гаспадарках раёна –
рэканструкцыя 15 старых і будаўніцтва 12 новых ферм, акрамя гэтага – рэканструкцыя і будаўніцтва каля 50 памяшканняў для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы.Гэта дазволіць нарошчваць пагалоўе грамадскага статка, вытворчасць малака і мяса.
– Новыя тэхналогіі, сучасныя камп’ютарызаваныя фермы, высокапрадукцыйная тэхніка без чалавека самі па сабе мала чаго вартыя. Галоўнай дзеючай сілай любога вытворчага працэсу з’яўляюцца людзі – кіраўнікі, спецыялісты, рабочыя…
– У сельгаспрадпрыемствах раёна нямала адукаваных кіраўнікоў, кваліфікаваных спецыялістаў, прафесіяналаў-механізатараў, майстроў-жывёлаводаў. Кіраўнікамі з вялікай літары, сапраўднымі арганізатарамі вытворчага працэсу ў нас з’яўляюцца старшыні СВК “Квасевічы”, “Новыя Стайкі”, “Святая Воля” Віктар Алексяюк, Андрэй Лукіянчык, Уладзімір Любушак, дырэктар КУСП “Перамога” Уладзімір Ядала, дырэктар ААТ “Івацэвіцкі агратэхсервіс” Васіль Валанцэвіч. Вялікія надзеі мы ўскладаем на маладых старшынь Аляксандра Палуяновіча і Івана Валанцэвіча, якія нядаўна ўзначалілі СВК “Аброўскі” і “Падстарынь”. Сярод спецыялістаў сельгасвытворчасці ў першую чаргу хацелася б адзначыць пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на жніве-2010
галоўнага агранома Соф’ю Казімірчык і галоўнага інжынера Дзмітрыя Голуба з СВК “Квасевічы”. Без перабольшання скажу: не без іх укладу сельгаскааператыў сёлета стаў прызёрам рэспубліканскага спаборніцтва.
Шмат робяць для развіцця сельгасвытворчасці галоўны інжынер КУСП “Перамога” Валянцін Краўчэня, галоўны аграном СВК “Новыя Стайкі” Зінаіда Пушкіна, а таксама галоўны заатэхнік і галоўны ветурач СВК “Квасевічы” Валянціна Пропер і Клаўдзія Чумак. Гэтыя людзі не проста адукаваныя спецыялісты –
яны апантаныя справай, якую робяць, і гэта дае плён.
Асобна хочацца адзначыць работу шматлікага атрада механізатараў, вадзіцеляў і аператараў КЗС. Іх уклад у атрыманы ўраджай неацэнны. І ўвогуле – слоў падзякі за нялёгкую працу на зямлі заслугоўваюць ўсе ўдзельнікі жніва.
Таму сёння, напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў вёскі і работнікаў перапрацоўчай прамысловасці АПК зычу ўсім здароўя, якое з’яўляецца залогам высокапрадукцыйнай працы чалавека. А яшчэ – дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні, цярпення. І няхай нам заўсёды спрыяе надвор’е.
– І Вас са святам!
– Дзякуй!

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля