Беларусь

Будуем! Але як?


ПЫТАННЕ ЯКАСЦІ БУДАЎНІЦТВА НЕ ГУБЛЯЕ СВАЁЙ АКТУАЛЬНАСЦІ
Мінутай маўчання ў памяць аб ахвярах аварыі на “Пінскдрэве” пачалося 15 лістапада чарговае пасяджэнне абласнога выканаўчага камітэта пад старшынствам Канстанціна Сумара.
Кіраўнік вобласці ва ўступным слове да разгляду першага пытання парадку дня, якое тычылася выканання Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны ў рэгіёне на 2006-2010 гады, заўважыў:
– Сёлета каля 1000 парушэнняў выяўлена на будаўнічых аб’ектах. Значыць, мы абавязаны звярнуць увагу на якасць будаўніцтва. Што б ні ўзводзілі, трэба памятаць аб адным: там будуць жыць, працаваць ці адпачываць людзі, ім павінна быць зручна і бяспечна. Па-другое, неабходна прааналізаваць нашы дзеянні па будаўніцтве энергаэфектыўных дамоў. Гэта наша будучыня – новыя эканомныя тэхналогіі. І трэцяя праблема: тэрміны, якасць і кошт праектавання.
Вылучаныя старшынёй аблвыканкама тэзісы пашырылі і дакладчык па першым пытанні – старшыня абласнога камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Уладзімір Парашка, і кіраўнікі вядучых будаўнічых і праектных арганізацый рэгіёна.
Так, будуемся шмат і ўсюды. Развіццё будаўнічай індустрыі ў апошні час нехта называе бумам, а хтосьці –
маленькім эканамічным беларускім цудам. Аб’ёмы будаўнічых работ у рэгіёне за пяцігодку выраслі ў 2,5 раза. Амаль удвая сталі большымі праектныя арганізацыі, але нават іх узрослых магутнасцей не хапае. Відавочна, што неабходна да колькасных змяненняў далучыць прынцыпова новыя тэхналагічныя падыходы вышукова-праектных работ. “Каб не несці дадатковыя затраты, неабходна якасна выконваць праект, добрасумленна праводзіць яго экспертызу і будаваць без парушэнняў. Дасягнуць такога падыходу на практыцы павінны імкнуцца і рабочыя, і інжынеры, і архітэктары”, – падкрэсліў губернатар.
Трэба адзначыць, што будаўнічая галіна змяняецца, пэўную падтрымку аказала ёй і дзяржава. Выкананне мерапрыемстваў комплекснай праграмы развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы станоўча паўплывала на дынаміку развіцця будаўнічага комплексу Брэстчыны. Прадпрыемствамі вобласці ў межах згаданай праграмы рэалізуецца 20 інвестыцыйных праектаў. Ужо 14 з іх завершаны, асвоена больш за 476 мільярдаў рублёў.
Прынамсі, спецыялісты сцвярджаюць, што праблемы забеспячэння галіны будаўнічымі магутнасцямі і будматэрыяламі ў рэгіёне няма. Тым не менш, заклапочанасць выклікалі нізкія тэмпы рэалізацыі інвестыцыйнага праекта “Тэхнічнае пераўзбраенне завода буйнапанэльнага домабудавання КУП “Брэстжылбуд”. Кіраўнік вобласці акрэсліў задачу: да
1 чэрвеня 2011 года новая лінія на прадпрыемстве павінна быць запушчана.
Пастаўлена і другая задача –
да 2015 года не менш чым 60 працэнтаў узводзімага жылля павінна адносіцца да катэгорыі “энергаэфектыўнае”. Першыя ластаўкі – два 40-кватэрныя дамы ў Пінску і адзін у Маларыце. Іх праекты розныя. Зроблена гэта наўмысна, каб адсачыць, які ж з варыянтаў акажацца найбольш эфектыўным. Толькі пасля маніторынгу ў працэсе эксплуатацыі можна будзе вырашыць, які праект атрымае “зялёнае святло” і стане масавым.
На жаль, пазбавіцца недаробак да здачы жылля пакуль не атрымліваецца. Скаргі ад навасёлаў рэгулярна паступаюць у розныя інстанцыі. Таму старшыня аблвыканкама ўнёс прапанову: за наступны год правесці сертыфікацыю будаўнічых арганізацый па стандартах сістэм якасці. “У будаўніцтве асвойваюцца трыльёны рублёў. Па-гаспадарску трэба ставіцца да кожнай капейкі. Каб памылак было менш, неабходна часцей сустракацца заказчыкам, праекціроўшчыкам, будаўнікам да таго моманту, калі аб’ект будзе здадзены”, – сказаў Канстанцін Андрэевіч.
Дэбюракратызацыя і рэалізацыя заяўнага прынцыпу “адно акно” сталі прадметам разгляду другога пытання парадку дня. З інфармацыяй выступіла намеснік начальніка ўпраўлення справамі аблвыканкама, загадчык аддзела па арганізацыйна-метадычнай рабоце і справаводстве Вольга Клімаховіч. Яна канстатавала: нарматыўная база “аднаго акна” распрацавана, арганізацыйна-метадычная работа праведзена, час завяршаць перыяд станаўлення і працаваць сур’ёзна, адказна, прафесійна. Усім павінна быць зразумела, што працэсы дэбюракратызацыі, работа са зваротамі грамадзян –
гэта не кампанейшчына, а абавязковая ўмова зносін чалавека з уладай. Як можна чакаць станоўчага выніку, калі, напрыклад, у Брэсцкім гарвыканкаме службы “аднаго акна” фактычна няма?..
Больш за 4 гады захоўвалася тэндэнцыя да змяншэння колькасці зваротаў жыхароў вобласці ў аблвыканкам і Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На жаль, сёлета іх стала больш за 10 месяцаў на 18 і 24 працэнты адпаведна. Кожны шосты зварот у абласны выканаўчы камітэт – калектыўны. Значна часцей у Адміністрацыю Кіраўніка дзяржавы сталі звяртацца жыхары Брэсцкага, Камянецкага, Ляхавіцкага, Лунінецкага, Бярозаўскага, Жабінкаўскага, Баранавіцкага, Пружанскага раёнаў, горада Баранавічы. Шэраг мінусаў паказаў маніторынг работы са зваротамі грамадзян, які праводзіўся па даручэнні  Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, практыка такіх праверак будзе прадоўжана: мінімум двойчы ў год – прэзідэнцкі кантроль.
Канстанцін Сумар заўважыў: “Павярхоўны і часта фармальны разгляд асобных зваротаў грамадзян па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі сельвыканкамаў, гаррайвыканкамаў, адміністрацый раёнаў абласнога цэнтра, імкненне пазбегнуць самастойнага вырашэння пытанняў па сутнасці, пустыя абяцанні, якія не выконваюцца, – мірыцца з такім падыходам нельга… Пра гэта гаворым ужо не адзін год, дакументы ёсць, але ў нас не хапае самага галоўнага – чалавечых адносін да тых, хто звяртаецца з пытаннямі, просьбамі… Цяпер усе галіновыя пытанні аблвыканкам будзе разглядаць і ў ракурсе зваротаў грамадзян. Даваць ацэнку любому кіраўніку – з улікам, зноў жа, работы са зваротамі насельніцтва”.
Рашэннем аблвыканкама створана рабочая група па каардынацыі работы са зваротамі грамадзян. Яе кіраўніком прызначаны намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык.
Па трэцім пытанні парадку дня “Аб стане работы з кіруючымі кадрамі вобласці і мерах па яе ўдасканаленні” выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Аляксандр Каляда. Ён адзначыў, што з мінулага года пры аблвыканкаме фарміруецца рэзерв маладых кадраў з ліку ініцыятыўнай моладзі старэйшых курсаў нашых універсітэтаў, праводзіцца навучанне, умацоўваюцца лідарскія якасці. Зараз у перспектыўным абласным рэзерве 38 чалавек. Павысілася роля атэстацыйных камісій, рэгулярна праходзяць сустрэчы з маладымі спецыялістамі. І ўсё ж работа з кіруючымі кадрамі не ў поўнай меры адпавядае патрэбам развіцця народнагаспадарчага комплексу. Ацэнка дзелавых і асабістых якасцей кандыдатаў павінна быць аб’ектыўнай.
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар падагульніў: “Замацаванне кадраў у вобласці – менш чым 30 працэнтаў. Пасля размеркавання маладыя спецыялісты адпрацоўваюць вызначаны заканадаўствам тэрмін і мяняюць месца работы. Не хапае індывідуальнага падыходу да кожнага спецыяліста. Трэба ўмацоўваць ролю прафарыентацыі: рыхтаваць для раёна спецыялістаў са сваіх людзей. І ў рабоце з кадрамі павінна быць сістэмнасць”.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля