Ведаць і ўмець
Якасці, неабходныя маладому спецыялісту, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар абазначыў на сустрэчы са студэнцкім актывам ВНУ вобласці ў Палескім дзяржуніверсітэце
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар уручае кубак камандзе валейбалістак Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта
Спачатку Канстанцін Сумар наведаў спартыўны корпус “палешукоў”, дзе праводзіліся фінальныя спаборніцтвы спартакіяды на прызы старшыні абласнога выканаўчага камітэта. Ён прысутнічаў на выніковым заплыве эстафеты 4х100 метраў (тут, дарэчы, ніякіх шансаў на перамогу іншым не дала каманда БрДУ імя
А.С. Пушкіна), а пасля – на валейбольным фінале. Як выявілася, наймацнейшыя валейбалісты вучацца ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце.
Уручаючы памятныя кубкі і медалі, Канстанцін Андрэевіч зазначыў, што спорт –
вялікі педагог, які аб’ядноўвае моладзь, спрыяе здароваму ладу жыцця, а гэта значыць – дапамагае вучыцца. Губернатар лічыць, што падобным спаборніцтвам неабходна надаць статус штогадовай студэнцкай універсіяды, і прапанаваў пашырыць “фармат” – запрасіць да ўдзелу сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. “Студэнты з розных рэгіёнаў, – сказаў губернатар, –
не павінны варыцца кожны ў сваім саку. Неабходна кантактаваць на самых розных узроўнях, і сённяшні форум – добры таму пачатак”.
Кіраўнік вобласці наведаў выставу студэнцкіх навуковых распрацовак, пагутарыў з маладымі вучонымі, а пасля адбылася сустрэча Канстанціна Андрэевіча са студэнтамі рэгіянальных ВНУ.
Канстанцін Сумар расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці, аб праблемах, якія хвалююць яго як кіраўніка рэгіёна. Найпершая з іх – мадэрнізацыя існуючых і адкрыццё новых вытворчых магутнасцей, павышэнне прадукцыйнасці працы, а таксама зніжэнне затрат пры атрыманні сыравіны і матэрыялаў. Работы хопіць усім, і ВНУ, перакананы кіраўнік вобласці, павінны сказаць тут сваё важкае слова – актыўна ўкараняць вынікі навуковых даследаванняў у вытворчы працэс.
Вялікая заслуга вобласці, як заўважыў Канстанцін Сумар, – пашырэнне геаграфіі экспарту тавараў. На цяперашні час гэта 72 краіны з самых розных канцоў свету. Аднак рынкі трэба не толькі ўмець заваёўваць, але і надзейна ўтрымліваць, бо канкурэнцыя расце з кожным годам. І тут вельмі многае залежыць ад цяперашняга студэнцтва.
Якіх жа спецыялістаў чакае вытворчасць? Губернатар назваў асноўныя, па яго перакананні, якасці, якімі павінны валодаць маладыя спецыялісты, каб быць запатрабаванымі на рынку працы і паслуг: мэтанакіраванасць, розум, здольнасць мысліць, тэхнічная падрыхтаванасць, арыентацыя на выкарыстанне новых тэхналогій і, урэшце, жаданне працаваць. Тады поспех не прымусіць сябе доўга чакаць. Дылетантаў, зазначыў Канстанцін Андрэевіч, на вытворчасці не павінна быць, цяпер прыйшла эра прафесіяналаў –
у любой справе, у любым відзе дзейнасці.
Значная частка сустрэчы прайшла ў форме адкрытага дыялогу. Атрымаўся шчыры, зацікаўлены абмен думкамі паміж моладдзю і кіраўніком вобласці. На пытанне, ці забяспечвае рэгіянальная адукацыя патрэбу ў спецыялістах вышэйшай кваліфікацыі, Канстанцін Сумар адказаў адназначна:
– Так, мы самадастатковыя. За выключэннем хіба што ўрачоў ды асобных катэгорый праграмістаў. Забяспечвае сябе вобласць і спецыялістамі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
У гутарцы студэнтаў з губернатарам падымаліся самыя розныя пытанні: навуковыя гранты, праблемы працаўладкавання, работа тэлевізійных каналаў…
Падводзячы вынікі сустрэчы, Канстанцін Сумар яшчэ раз спыніўся на тым, як важна маладым людзям прысвяціць сябе прафесіі цалкам, зрабіць яе справай жыцця, папрасіў студэнтаў не быць абыякавымі да праблем рэгіёна, цвёрда браць наладжванне справы ў свае рукі.
– Стаўка на моладзь, творчую, адукаваную, настойлівую ў сваіх імкненнях, заўжды бяспройгрышная, – канстатаваў кіраўнік вобласці. – А ўсё таму, што за ёй будучыня.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
г. Пінск.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.