Знакамітай паэтэсе Яўгеніі Янішчыц 20 лістапада споўнілася б 65 гадоў

Знакамітай паэтэсе Яўгеніі Янішчыц 20 лістапада споўнілася б 65 гадоў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Але ўжо чвэрць стагоддзя яе няма побач з намі…
ПІСЬМО ДА ЗЯМЛЯЧКІ
…А я гарна шчэй красіва,
Моя доля нэшчаслыва…
Шчымліва-тужлівая мелодыя льецца ў прыціхлай зале вясковага клуба. У многіх на вачах слёзы. Гэта твае землякі, Жэня, сабраліся разам у гонар твайго чарговага юбілею.
А ты, маладая, прыгожая, глядзіш з партрэта са сцэны на ўсіх са сваёй патаемна-загадкавай усмешкай, слухаеш, што пра цябе яны кажуць, слухаеш сваю любімую песню і нібы гамоніш: “Ну, што вы засмуціліся, землякі? Я ж з вамі, як і раней. Заўсёды з вамі”.
Так, ты заўсёды ў памяці беларусаў мроішся “палескай ластаўкай”, якая, як ніхто іншы да цябе і пакуль ніхто і пасля твайго зыходу, не ўславіў лепей край наш азёрны, былінны. Сюды ты ляцела параіцца ці “душу сваю пачуць”. Сюды, у родную хату, ты вярталася “са скрух, з імжыстых суравеяў” і вельмі баялася, каб хата сельская твая не стала “сувенірам”. На жаль, многае змянілася і ў ёй, і вакол яе. Бачу гэта, калі еду праз тваю Рудку ў сваю родную вёску Табулкі. Паміж імі – Парэчча, дзе ты вучылася, дзе ў адным са школьных класаў знаходзіцца твой музей. А ў ім – 1152 арыгінальныя экспанаты і каля 300 копій. І ўсе яны так ці інакш маюць да цябе дачыненне. Фанаграмы ўзнаўляюць галасы – твой, Жэнечка, тваёй матулі Марыі Андрэеўны, твайго любімага настаўніка Фёдара Фёдаравіча Цудзілы. Я часта наведвалася да яго ў госці. Мы любілі з ім размаўляць аб літаратуры, успамінаць цябе. І аднойчы ён паказаў ліст з прысвячэннем яму, напісаны тваім каліграфічным почыркам. А ў наступны раз ён вельмі ўзрадаваўся, калі я распавяла пра сустрэчу з табой. Ты тады працавала літкансультантам у “Сельской газете”, а я вучылася на журфаку БДУ і наведвала пасяджэнні літаб’яднання “Узлёт” пры філалагічным факультэце. І яго кіраўнік, таленавіты паэт і мудры чалавек Алег Антонавіч Лойка накіраваў мяне аднойчы да цябе з нізкай вершаў. Ты сустрэла мяне прыхільна, выбрала некалькі да друку. Дзякуючы табе, мае вершы былі надрукаваны ў рэспубліканскай прэсе. Як высокі стымул да далейшай творчай працы.
Ты вельмі добра разумела, дарагая зямлячка, як важна падтрымаць, падбадзёрыць чалавека ў пачатку яго самастойнага жыцця. І за гэта я ўдзячна табе.
Дарэчы, Жэня, ты, мабыць, яшчэ не ведаеш, што музею твайму ў Парэччы прысвоена званне “народны”. Такім вось чынам ушанавана праца яго стваральнікаў і галоўнага з іх – Антаніны Паўлаўны Сідарук, шчырага летапісца твайго жыцця. Зараз яна працуе над радаводам сям’і Янішчыц. Шматлікім гасцям з Расіі, Польшчы, ЗША, краін Прыбалтыкі, Італіі, Германіі, Ірландыі і розных куточкаў Беларусі яна апавядае пра цябе. Ад яе я даведалася, што знойдзены шэсць тваіх сшыткаў з вершамі, прысвечанымі пераважна настаўнікам. Тое пацвердзіла і твая пляменніца, дачка старэйшага брата, Таццяна Міхайлаўна Ганчарык, з якой мы добра і даўно знаёмыя. У настаўніцкім асяродку Пінска гэтую працавітую і адукаваную жанчыну ведаюць як неблагую загадчыцу адной з дзіцячых дашкольных устаноў.
Між іншым, Жэнечка, пашчасціла мне пазнаёміцца і з братамі тваімі, і з матуляй. Вельмі хацелася гэтага, калі прачытала, усвядоміла, прыняла сэрцам адзін з тваіх вершаў:
Для сваёй адзінае дачушкі,
На вякі (вядома ж, на вякі!)
Вышыла матуля мне падушкі,
Лёгкія, як дым, пухавікі.
Вунь яны, прывезеныя з дому,
Хораша цвітуць, як сенажаць.
…Ты даруй мне, мама,
што мілому,
Так, як ты, не ўмею
мякка слаць.
Колькі жалю і тугі ў выпеставаных тваім сэрцам радках!..
Ты вельмі хацела быць шчасліваю. “Золушкай была, была і каралеўнаю. Знаю радасць і кладоў гарбы”, – кажаш ты ў адным з вершаў і дадаеш: “З птушкамі расла і з песняй вырасла. Шмат чаго мне добры лёс ссудзіў. Але колькі дрэў у садзе вымерзла, колькі цвету грозны град абіў!” І нарэшце, нібы прадчуваючы нешта нядобрае, напішаш: “Толькі так жыву і так трымаюся, каб мяне шчаслівай  помніў сын”. Чаму ж ты, Жэнька, напісала “помніў”, а не “бачыў”? Выкажу здагадку, што зайздроснікі спадцішка, але мэтанакіравана рабілі сваю чорную справу, добра разумеючы, што ніколі не ўздымуцца да тых вышынь, якіх ты, палеская ластаўка, дасягнула. “А самых лепшых – час не беражэ”, – казала ты ў вершы “Птах”.
Я перачытваю цябе, мая знакамітая зямлячка, і сумую. У гэтыя дні літаратурная Беларусь адзначае твой 65-ы дзень нара-джэння і журботную дату – 25-ю гадавіну твайго зыходу з жыцця. Як магло такое здарыцца? Да гэтага часу не ўспрымаецца ніякі апраўдальны адказ. Памяць тваю шануюць на Радзіме: тваё імя прысвоена Пінскай раённай бібліятэцы. Яго носіць і адна з перспектыўных вуліц сталіцы Палесся.
Жыццё працягваецца. На жаль, без цябе. Але з добрымі і цёплымі ўспамінамі пра цябе. Пасталеў твой сынок Андрэйка, разам з жонкаю, тваёй нявесткай Юлькай, гадуюць дачушку, тваю ўнучачку Яначку. І твая пляменніца кажа, што малая наведвае мастацкую школу, надта добра малюе і ганарыцца сваёй вядомай бабуляй. А ўсмешкаю вельмі падобная на цябе, Жэня…
…Незвычайная сёлета восень – цёплая, прыветная. Лістапад – а нават лісце яшчэ не ўсё апала, трымаецца. Асабліва на бярозках. Ціхая журба плыве над наваколлем. І над тваёй вёскай, Яўгенія Іосіфаўна, таксама.
Да цябе не з ціхім жалем,
вёска,
Еду не тады, калі баліць.
Да цябе – той вечнаю
бярозкай,
Што ніхто не змог перасадзіць.
Твая ранімая душа, як і раней, лунае над намі і заве-кліча ўсіх і кожнага з нас:
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы…
Спачывай разам з імі, Жэнечка. А мы будзем годна памятаць пра цябе.
Марыя ЛЯШУК,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі,
г. Пінск.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“Узорным” стаў аркестр народных інструментаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў

Следующая запись

“Паралельны” свет: як тэатр аб’яднаў крэатыўную моладзь