Вызначыліся пераможцы ХІІI Рэспубліканскай міжгаліновай спартакіяды прафсаюзаў
Брэстчына не адпачывае нават у летні перыяд, нягледзячы на тое, што ў большасці людзей на гэты час запланаваны канікулы ці водпуск. Спартыўна-масавыя мерапрыемствы, якія сталі традыцыяй для горада над Бугам, зноў сабралі прыхільнікаў здаровага ладу жыцця са ўсёй краіны. На гэты раз у цэнтры ўвагі аказаліся спартсмены-аматары – удзельнікі XIII Рэспубліканскай міжгаліновай спартакіяды прафсаюзаў.
Традыцыйны спартыўны форум, прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі, сабраў у Брэсце звыш тысячы ўдзельнікаў. 26 каманд спаборнічалі ў 8 відах праграмы: валейбол, міні-футбол, настольны тэніс, більярд, дартс, плаванне, гіравы спорт і летняе шматбор’е “Здароўе”. Мерапрыемства, арганізаванае Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі сумесна з Міністэрствам спорту і турызму, праходзіць раз у два гады. Папярэдняй “гаспадыняй” спартакіяды была Гомельшчына.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар, прафсаюзны лідар краіны Леанід Козік, намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Часлаў Шульга падбадзёрылі спартсменаў сардэчнымі словамі ў дарогу і віншаваннямі. Прадстаўнікі дэлегацый усклалі кветкі да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці.
Што да спаборніцтваў, галоўная іх мэта, па словах Канстанціна Сумара, прыцягнуць да здаровага ладу жыцця як мага больш людзей.
– На Брэстчыне ёсць усе ўмовы для развіцця масавага спорту. Колькасць спартыўных аб’ектаў расце з кожным годам, таму нам ёсць чым ганарыцца, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
І сапраўды, лепшыя спартыўныя пляцоўкі Брэста сталі сведкамі гарачых баталій, відовішчных перамог і расчараванняў. Турніры па розных відах спорту праходзілі ў лёгкаатлетычным манежы, на стадыёнах “Дынама” і “Лакаматыў”, у спартыўным комплексе “Вікторыя”. Судзейская калегія ў складзе 125 чалавек пільна сачыла за ходам спаборніцтваў.
Пераможныя лаўры на гэты раз дасталіся прафсаюзу работнікаў сувязі, другое месца заняла каманда чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў, трэцімі ў агульнакамандным заліку сталі прадстаўнікі хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.