Рок-гурт “USHUAIA” “запальвае”!
Рок-гурт “USHUAIA” прапагандуе пазітыў і “запальвае” не толькі на брэсцкай сцэне.
“Прыйду зараз, а там будуць хлопцы сядзець з цыгарэтамі ў руках, татуіроўкамі на ўсіх дасягальных частках цела і з выпіўкай на стале”, – вось так думала я, калі ішла на сустрэчу з групай “USHUAIA”, бо такі ўжо стэрэатыпны вобраз маюць рок-музыканты. Але ўсе мае страхі імгненна згінулі, як толькі зайшла ў студыю – мяне чакалі чатыры юнакі са знешнасцю, якая зусім не выклікала адмоўнай рэакцыі, гарачы чай і цёплая атмасфера. Ці трэба казаць, як была здзіўлена, пачуўшы, што музыканты прапагандуюць здаровы лад жыцця і ўвогуле стараюцца быць добрым прыкладам для моладзі. – У мінулым навучальным годзе арганізавалі тур па школах Брэста, каб паказаць, што можна добра жыць і без цыгарэт, – расказвае вакаліст Аляксей Высоцкі. – А яшчэ мы дэманстравалі, што для таго, каб весяліцца, зусім не абавязкова ўжываць спіртное. У калектыве такую пазіцыю Аляксея падзяляюць бас-гітарысты Аляксандр Сцепанюк і Павел Семянюк, клавішнік Карэн Мельян, ударнік Мікалай Сянкевіч. У гэтым складзе хлопцы запісалі ўжо чатыры песні, знялі кліп і паспелі выступіць не на адной сцэне. Цікаўлюся: што за таямнічае слова “USHUAIA”? Яснасць уносіць дырэктар групы Сяргей Сярэдзіч: – На самым ускрайку Паўднёвай Амерыкі ёсць маленькі паўвостраў. Яго называюць канцом свету, таму што далей зямлі ўжо няма, далей – Антарктыда. Вось там і знаходзіцца горад Ushuaia, у перакладзе – “вогненная зямля”. Дэвіз гэтага гарадка: “Канец свету – пачатак усяго”. Калі я ўпершыню паслухаў музыку хлопцаў, адразу ўзгадаў сваё падарожжа на край свету. Музыка была настолькі вогненная, эпатажная, задзірлівая, нібыта халодная, нібыта гарачая, як сама “USHUAIA”. Паўтара года як хлопцы заваёўваюць сэрцы сваёй “вогненнай” музыкай не толькі на айчыннай эстрадзе, але і на канцэртных пляцоўках бліжняга замежжа. Здаецца, някепска атрымліваецца. Слухала Сяргея Сярэдзіча ды думала: першы блін камяком – гэта не іх гісторыя. Праіснаваўшы літаральна некалькі месяцаў, гурт вырашыў паспрабаваць сілы на фестывалі “Прызнаны быць першым” у Маскве. Каб трапіць у расійскую сталіцу, неабходна было прайсці адборачны тур у Брэсце. Хоць і настройваліся на вынік, але ж першае месца на адборы хлопцаў уразіла. – Так атрымалі пуцёўку ў фінал, – успамінае Карэн Мельян. – Паехалі ў Маскву ні на што асабліва не спадзеючыся, бо ў фестывалі такога ўзроўню прымаюць удзел вельмі сур’ёзныя, вопытныя калектывы. А тут мы, лічы, другі раз на вялікай сцэне іграем. Рукі дрыжэлі… Група хацела паказаць сябе, аб прэтэнзіях на ўзнагароды і гаворкі не вялі. Але нашы хлопцы ўзялі другое месца і атрымалі прапанову ад прадзюсерскага цэнтра “ПБП-медыя”. Чаму ж не скарысталі яе? – Сапраўды, прапанова была надзвычай добрая, – пагаджаецца Сяргей Сярэдзіч. – Нам прапанавалі кантракт – запіс альбома і абавязковы ўдзел у туры па гарадах Расіі. Ды мы не былі гатовыя, каб нехта ўказваў нам, як выглядаць, як спяваць, як падаваць сябе. Палічылі неразумным аддаваць тое, што нарадзілася ў нашых сэрцах, у чыесьці, няхай і вельмі прафесійныя, рукі. Рок-гурт вярнуўся ў родны горад. Каб тварыць, расці, удасканальвацца. У іх гэта атрымаецца, бо такія таленавітыя і мэтанакіраваныя хлопцы проста абавязаны рабіць добрую і якасную музыку. Валерыя ДЖАВАРДЗЯН, г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.