Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Фёдар Зельманчук – адзін са старэйшых ветэранаў Брэстчыны

Фёдар Зельманчук – адзін са старэйшых ветэранаў Брэстчыны


Час – суддзя бескампрамісны. Ён прымушае па-новаму паглядзець на наша мінулае. Пішуць і перапісваюць людзі падручнікі па гісторыі, змяняюць афарбоўку датам на календарах былых рэспублік-сясцёр. Але ёсць падзеі, якія непадуладныя часу, іх нельга змяніць, бо яны застаюцца назаўсёды.
Вайна… Якое гэта страшнае слова! Колькі ў ім гора і слёз, бяды і зла! Не мінула бяда і маю родную вёску Арлы: 86 аднавяскоўцаў у Вялікую Айчынную загінулі. Іх прозвішчы выбіты на абеліску. Стаю і чытаю: Бондар І.Н., Вярба А.Н., Цолбан К.Н… Гэта ж былі зусім маладыя людзі! Многія нават не паспелі абзавесціся сем’ямі. Як жа ім хацелася жыць, кахаць, быць каханымі, радавацца сонцу, але ўсё гэта ў іх забрала вайна.
Амаль кожны дзень сустракаю і вітаюся са сваім суседам Фёдарам Міхайлавічам Зельманчуком. Паважаны ў вёсцы чалавек, шчыры працаўнік, як людзі гавораць, майстар на ўсе рукі. Ён – самы старэйшы жыхар Лядзецкага сельсавета. За плячамі – цяжкі лёс.
Нарадзіўся Фёдар 28 лютага 1913 года ў вёсцы Малыя Арлы ў беднай сялянскай сям’і, у якой было чацвёра дзяцей. Ветэран распавядае: “Дзяцінства было цяжкае і бязрадаснае. Жылі бедна, не мелі ні добрай вопраткі, ні абутку, ні нармальнага снедання, ні абеду. З шасці гадоў пачаў пасвіць кароў. У школу не хадзіў ні аднаго дня. Дзе бацькам было ўзяць грошы, каб аплаціць заняткі? І памочнікі ж па гаспадарцы патрэбны…”.
З пятнаццаці гадоў хлопец самастойна працаваў то на бровары, то на лесанарыхтоўках. Карацей кажучы, там, дзе можна было крыху зарабіць, бо да таго часу памерла маці, пакінула бацьку чатырох сыноў.
У 1934 годзе Фёдар быў мабілізаваны ў польскую армію. Служыў у коннай артылерыі. Тут і застала Другая сусветная вайна.
“Немцы наступалі на Варшаву. Чатыры разы мы адбівалі атакі ворага, – узгадвае ветэран. – Але сілы былі няроўныя. Наша часць трапіла ў акружэнне. Вось так апынуўся ў палоне. Гэта жудасны час, страшны, не дай божа, нікому нешта падобнае перажыць! Жылі за калючым дротам, кармілі нас гнілой бручкай. Людзі хварэлі, паміралі ў бараках. Трупы ляжалі па некалькі дзён, ніхто іх не забіраў. Немцы баяліся, каб не заразіцца чумой. Мы, палонныя, выцягвалі за ногі мёртвых, капалі ямы і так хавалі. Потым нас, шэсць чалавек, выкупіў багаты немец і павёз у сваю гаспадарку. Там я працаваў на розных работах у яго тры гады. На поле вялі пад канвоем. Спякота, сонца паліць, а мы полем буракі. Піць хочацца, недалёка канава. Ад смагі перасохлі губы. Канваір не дазваляў кінуць працу і зрабіць хоць бы некалькі глыткоў. Хто адстае – таго б’е прыкладам”.
Савецкая Армія вызваліла палонных. Пасля праверак Фёдар Міхайлавіч трапіў у 951-ы стралковы полк 265-й дывізіі. Служыў у першай роце, у першым узводзе кулямётчыкам №1 кулямёта №616. Колькі было баёў, колькі было забітых ворагаў – цяжка пералічыць! Фарсіраваў раку Одэр, дайшоў да Берліна. Сем дзён вялі жорсткія баі за ўзяцце рэйхстага. Змагацца даводзілася літаральна за кожны сантыметр…
Там, у Берліне, мой сусед і сустрэў перамогу. Што рабілася ў той дзень! Салдаты падкідвалі адзін аднаго, абдымаліся, цалаваліся. Усюды чуліся словы: “Ура! Мы перамаглі!” Дадому ж Фёдар Зельманчук вярнуўся ў лістападзе 1945 года, бо шэсць месяцаў служыў пагранічнікам у Магдэбургу.
Дрыжачымі рукамі дзядуля дастаў з чамадана зробленую сваімі рукамі скарбонку: “Вось што самае каштоўнае засталося ў мяне ад вайны”.
Разгортваю пажаўцелыя ад часу лісты і чытаю: “Падзяка ад І.В.Сталіна”, “Падзяка ад Г.К.Жукава”… Бяру адну за другой узнагароды ветэрана: ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалі “За ўзяцце Берліна”, “За адвагу”… У кожнай узнагароды – свая гісторыя. Фёдар Міхайлавіч памятае ўсё да драбніц, нават пазайздросціць можна яго памяці ў 97 гадоў.
Слухаю аповяды ветэрана і адчуваю вялікі гонар за земляка. Дзякуючы такім людзям, як Фёдар Міхайлавіч, мы атрымалі магчымасць радавацца сонцу, жыць пад мірным небам, гадаваць дзяцей і ўнукаў.
Марыя МІЦКЕВІЧ,
в. М.Арлы,
Столінскі раён

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля